Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Ярашук адмаўляе свой удзел у дыялёгу паміж уладай і прафсаюзамі


Уладзімер Глод, Менск Сёньня некаторыя мэдыі паведамілі, што ў склад Нацыянальнай рады ў справе працоўных і сацыяльных пытаньняў з боку прафсаюзаў уключаны старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук. І адбылося гэта, быццам, на сёньняшнім пасяджэньні Нацыянальнай рады.

Спадар Ярашук распавёў нашаму радыё: сёньня на пасяджэньні сапраўды паведамілі, што афіцыйныя прафсаюзы аддаюць адно са сваіх 11 месцаў у Нацыянальнай радзе дэмакратычным прафсаюзам.

Лідэр БКДП цьвердзіць, што такое дэкляруецца ўжо не ўпершыню. І таму ён папрасіў паказаць дакумэнтальнае рашэньне на гэты конт. Аднак кіраўнік Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік, які старшыняваў на пасяджэньні, ніякіх дакумэнтаў падаць ня змог.

Што было далей, распавядае спадар Ярашук:

(Ярашук: ) “Я папрасіў адразу тут, на месцы: прагаласуйце за гэту прапанову. Аднак галасаваньня не адбылося. І чарговым разам са шкадаваньнем трэба прызнаць: мы застаёмся ў Нацыянальнай радзе (адсюль мы не сыходзім), але ж па-ранейшаму ў якасьці назіральнікаў. Нашага права быць чальцом Нацыянальнай рады юрыдычна не аднавілі”.

На пытаньне, чаму ж менавіта сёньня адбыліся такія падзеі, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў адказаў так:

(Ярашук: ) “Таму што вельмі прыціснула. Напрыканцы верасьня павінна адбыцца пасяджэньне калегіі Эўразьвязу. І, на мой погляд, ужо сёньня можна ўпэўнена казаць, што будзе прынята рашэньне пра скасаваньне прэфэрэнцыяў для Беларусі. Я абсалютна ўпэўнены, што менавіта з гэтай нагоды й робяцца такія заявы”.

Такім чынам, БКДП, як цьвердзіць ягоны лідэр, па-ранейшаму ня мае магчымасьці ўдзельнічаць у сацыяльным дыялёгу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG