Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Інцыдэнт ля сядзібы БНФ – спроба тэракту</B>?


Любоў Лунёва, Менск Да дзьвярэй сядзібы партыі БНФ невядомыя злачынцы прымацавалі прыстасаваньне зьнешне падобнае да выбуховага. Сакратарка ўправы выклікала міліцыю й сапёраў. Яны высьветлілі, што прыстасаваньне – муляж, але вельмі падобны да сапраўднага выбуховага прыстасаваньня заводзкай вытворчасьці. Супрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску распачалі крымінальную справу. Сябры партыі БНФ маюць некалькі вэрсіяў здарэньня. Адна зь іх – інцыдэнт ёсьць пачаткам кампаніі, скіраванай на пазбаўленьне партыі офісу.

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Савецкага раёну пачалі шукаць злачынцаў. Опэрупаўнаважаны Алег Веранёў паведаміў “Свабодзе”:

(Веранёў: ) “Нічога сказаць пакуль не магу. Праверка будзе праводзіцца. Калі скончыцца праверка, – усё стане на свае месцы. Будзем разьбірацца”.

Першай прыстасаваньне на дзьвярах сядзібы заўважыла Натальля Дземянцей, прыйшоўшы раніцай адчыняць офіс.

(Дземянцей: ) “На дзьвярах было прымацавана прыстасаваньне, падобнае да бомбы. Я пабаялася адчыняць дзьверы. Пайшла ў домакіраўніцтва – і выклікала міліцыю”.

Натальля зьвярнула ўвагу міліцыянтаў на тое, што дзьверы й вокны сядзібы запэцканы смалой, а побач ляжаць некалькі ўлётак з выявай сымболікі незарэгістраванай арганізацыі РНЕ – Рускага нацыянальнага адзінства.

Міліцыянты ачапілі будынак. Сапёры спачатку не набліжаліся да дзьвярэй: выкарыстоўваючы адмысловае абсталяваньне, правяралі прыстасаваньне на выбуховыя рэчывы – толькі пасьля гэтага яго зьнялі зь дзьвярэй. На месцы здарэньня працавалі экспэрты. Экспэрт-крыміналіст Аляксандар Шаханаў паведаміў “Свабодзе”:

(Шаханаў: ) “На месцы будзем усё гэта апрацоўваць. Бо, як вы разумееце, тут нязручна: вецер – і парашок будзе ляцець. Зрабілі агляд месца здарэньня… Будзем шукаць. Сёньня ж здымем адбіткі пальцаў, накіруем іх электроннай поштай у АДЗІФ – цэнтар інфармацыйнай сыстэмы. Тады будзем глядзець, ці ёсьць супадзеньні якія-небудзь”.

Экспэрт Шаханаў дадаў, што цягам апошніх паўгода яму не выпадала бачыць муляж бомбы:

(Шаханаў: ) “Ня часта бывае такое. Упершыню… Апошні раз выяжджаў на забойства, якое ў нас было на Багдановіча. Ну, і яшчэ было тэлефанаваньне, што замінаваны офіс “Спортлато” два тыдні таму”.

Намесьнік старшыні партыі БНФ Віктар Івашкевіч мае дзьве вэрсіі інцыдэнту:

(Івашкевіч: ) “Тут два варыянты: альбо гэта рэшткі РНЕ, якое, быццам бы, ўжо сканала (а, можа, зараз аднавілася?), альбо дзеяньне беларускіх спэцслужбаў, якія, прыкрываючыся нефармальным аб’яднаньнем, імкнуцца запалохаць Беларускі народны фронт. Ліст з пагрозамі атрымаў рэдактар незалежнай газэты “INTEX-press” – таксама з подпісам РНЕ. Сытуацыя з набліжэньнем магчымых рэфэрэндумаў пра канстытуцыйны акт аб саюзе з Расеяй: сілы антыбеларускія спрабуюць запалохаць сілы беларускія”.

Палітык згадаў, што супраць некалькіх актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” распачалі крымінальныя справы з падазрэньня ў тэрарызме. Актывістаў “Партнэрства” таксама з экранаў БТ параўноўвалі з тэрарыстамі.

(Івашкевіч: ) “Гэтыя дзеяньні й ёсьць тэрарызмам канкрэтным. Гэта вам не мітычны пацук, распушчаны ў вядры, а канкрэтная, зафіксаваная юрыдычна, бомба (ці яе муляж). Па-другое, гэта дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У міліцыі – я перакананы – ёсьць картатэка на людзей, якія былі ці ёсьць у складзе РНЕ. Ну, паглядзім, ці скончыцца гэта нейкім чынам”.

Сьледчыя распачалі крымінальную справу. Цягам трох дзён яны мусяць вызначыцца з артыкулам, паводле якога будуць праводзіцца сьледчыя мерапрыемствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG