Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міліцыя дасьледуе “мінаваньне” офісу БНФ


Любоў Лунёва, Менск Cупрацоўнікі міліцыі Савецкага раёну Менску распачалі крымінальную справу паводле інцыдэнту, які адбыўся на сядзібе партыі БНФ. 16 жніўня сябра партыі Натальля Дземянцей убачыла прымацаваны да дзьвярэй управы прадмет, падобны да выбуховага. Дзьверы й вокны былі запэцканы смалой, а побач – раскіданы ўлёткі зь лягатыпам незарэгістраванай прафашысцкай арганізацыі РНЕ (Рускае нацыянальнае адзінства). Сапёры, выкліканыя на месца здарэньня, канстатавалі: невядомыя прымацавалі муляж бомбы.

Кіраўніцтва міліцыі Савецкага раёну даручыла правесьці праверку ўчастковаму інспэктару Міхаілу Пруднікаву. У яго й знаходзяцца матэрыялы справы. Экспэрты-крыміналісты, якія працавалі на месцы здарэньня, маюць адбіткі пальцаў з муляжу бомбы й ізаляцыйнай стужкі. Вядзецца праца дзеля выяўленьня супадзеньняў гэтых адбіткаў з зафіксаванымі ў цэнтралізаванай картатэцы.

У супрацоўнікаў міліцыі застаюцца суткі на вызначэньне, паводле якога артыкулу Крымінальнага кодэксу будуць весьціся належныя сьледчыя мерапрыемствы. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка разглядае інцыдэнт як акт тэрарызму.

(Вячорка: ) “Гэтая справа ня можа трактавацца інакш, як тэрарызм. Я чакаю, што распачнуць крымінальную справу менавіта паводле гэтага артыкулу. Думаю, што, калі б такое раптам здарылася ў дачыненьні да БРСМ, то даўно былі б вылаўлены спраўцы, паказаны ўсяму сьвету – і быў бы хуткі й “праведны” суд. Пабачым, ці будуць вылаўлены спраўцы гэтым разам. Калі такога ня будзе, калі справай пра тэрарызм ня будуць займацца на максымальна магчымым паважным узроўні, – гэта будзе азначаць наступнае: альбо дзяржава прыкрывае расейскіх фашыстаў, альбо, можа, нават зусім і не яны учынілі гэтую акцыю”.

Опэрупаўнаважаныя крымінальнага вышуку працавалі на месцы здарэньня. Яны зрабілі агляд і запісалі паказаньні дзяжурнай – Натальлі Дземянцей, якая ў той дзень прыйшла адчыняць офіс і заўважыла прымацаванае на дзьвярах прыстасаваньне.

Намесьнік старшыні БНФ Віктар Івашкевіч падрабязна адказаў на ўсе пытаньні міліцыянтаў. Некалькі ўчастковых інспэктараў у нефармальнай размове цьвердзілі, што цягам трох гадоў не бачылі прадстаўнікоў РНЕ на тэрыторыі Савецкага раёну, хаця раней месцам іхных сходак была пляцоўка насупраць філярмоніі. Міліцыя была пераканана, што нефармальная арганізацыя спыніла сваё існаваньне яшчэ ў 2001 годзе.

Гл.таксама

• Фотарэпартаж аб здарэньні ля ўправы партыі БНФ

• Інцыдэнт ля сядзібы БНФ – спроба тэракту?

• Недзяржаўнай газэце “Віцебскі кур’ер” пагражае РНЕ (фота)

• РНЕ даслала ліст з пагрозамі старшыні віцебскай арганізацыі АГП (фота)
XS
SM
MD
LG