Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін пратэстуе супраць дзеяньняў судзьдзяў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Казулін адмовіўся знаёміцца з пратаколам свайго судовага працэсу. Гэтак вядомы палітык, засуджаны за хуліганства й арганізацыю вулічных беспарадкаў, пратэстуе супраць дзеяньняў судзьдзяў.

Чаму Аляксандар Казулін адмовіўся знаёміцца з пратаколам свайго працэсу? Паводле адваката Ігара Рынкевіча, які сустрэўся з палітыкам у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага, пайсьці на такі крок ягонага падабароннага змусілі дзеяньні намесьніцы старшыні Маскоўскага суду Тамары Ўнукевіч.

Пратакол судовага працэсу па справе Казуліна складаецца больш чым са 150-ці старонак, а на азнаямленьне зь ім судзьдзя дала палітыку толькі тры дні. Прычым, гэткі тэрмін прачытаньня справы адпушчаны на двох – на спадара Казуліна і на адваката.

А напярэдадні Тамара Ўнукевіч адмовіла падсуднаму ў хадайніцтве скапіяваць пратакол і відэаматэрыялы справы, якія Аляксандар Казулін лічыць падробленымі. З памянёных прычынаў экс-кандыдат на прэзыдэнта й адмовіўся знаёміцца з пратаколам, паведаміўшы пра гэта ў Маскоўскі суд. Вытрымку зь ліста палітыка працытаваў адвакат Ігар Рынкевіч.

(Рынкевіч: ) “Цытую: “Суд зноў паказаў сваю сутнасьць: ён дзейнічае паводле замовы, а не паводле закону. Я ў такім разе адмаўляюся знаёміцца з судовым пратаколам. Бо не магу дазволіць гэты зьдзек зь сябе”.

Паводле Ігара Рынкевіча, такое рашэньне ягонага падабароннага не азначае, што ён адмаўляецца ад перагляду справы ў гарадзкім судзе. Ігар Рынкевіч паведаміў: скарга на пратакол будзе падрыхтавана абаронай цягам тыдня й накіравана ў Маскоўскі суд Менску. І тады ў Менскім гарадзкім судзе змогуць вызначыцца з тэрмінам перагляду справы.

Дарэчы, менавіта ў Маскоўскім судзе экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін быў засуджаны на 5 з паловай гадоў зьняволеньня.

Падчас сустрэчы з адвакатам Аляксандар Казулін зрабіў і шэраг палітычных заяў. У прыватнасьці, ён заклікаў стварыць моцны блёк левых дэмакратычных партый. На думку спадара Казуліна, у такі блёк маглі б увайсьці Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада, сацыял-дэмакраты – прыхільнікі Станіслава Шушкевіча, партыя працы Аляксандра Бухвостава ды камуністы з партыі, кіраванай Сяргеем Калякіным.

Аляксандар Казулін ня скардзіўся на ўмовы ўтрыманьня ў сьледчым ізалятары, – сказаў адвакат Ігар Рынкевіч. Але што да здароўя, паводле адваката, то праблемы зь ім у спадара Казуліна застаюцца. Днямі ў камэру палітыку перадалі акуляры. Да арышту 25-га сакавіка акулярамі былы рэктар БДУ не карыстаўся.

У Аляксандра Казуліна цяпер шмат часу займае ліставаньне.

(Рынкевіч: ) “Так, ідуць лісты з усяго сьвету. Ён, прынамсі, прасіў перадаць падзяку ўсім. Мне вядома. што сваякам ён замовіў, каб перадалі капэрты па СНД і замежныя – для адказаў на ўсе лісты”.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін вінаватым сябе ніколі не прызнаваў і тлумачыў судовы перасьлед помстай уладаў за ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Аляксандра Казуліна вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG