Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сустрэўся Пуцін з Лукашэнкам?


Радыё Свабода Сёньня ў Сочы завершыўся нефармальны саміт кіраўнікоў краін Эўрапейска-азіяцкай эканамічнай супольнасьці – ЭўрАзЭС. Аляксандар Лукашэнка сумяшчаў удзел у саміце з адпачынкам на расейскім узьбярэжжы Чорнага мора. Пра ягоныя двухбаковыя сустрэчы ў Сочы пакуль нічога не паведамляецца.

Сёньня расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін сустрэўся ў рамках саміту з прэзыдэнтам Таджыкістану Эмамалі Рахмонавым. На пачатку саміту такія сустрэчы адбыліся ў яго з прэзыдэнтамі Армэніі й Казахстану.

У расейскіх мэдыях паведамляецца таксама пра сустрэчу Ўладзіміра Пуціна з прэм’ер-міністрам Украіны Віктарам Януковічам. Як заявіў украінскі прэм’ер, ягоная сустрэча з Уладзімірам Пуціным адбылася ў фармаце сам на сам і доўжылася каля гадзіны.

Ці меў магчымасьць асобнай сустрэчы з расейскім лідэрам кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка? Пра гэта нічога не паведамляецца. Прадстаўнік прэсавай службы расейскага прэзыдэнта Міхаіл Бруханаў акрэсьліў, што і ў сёньняшнім графіку кіраўніка Расеі сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам не пазначана.

(Бруханаў: ) “Чаму не адбылася сустрэча з Лукашэнкам? Вы ведаеце, тут было мільён розных фарматаў. І, як я разумею, двухбакоўкі такой папросту й не плянавалася. Яны практычна ўвесь час правялі ў сустрэчах у больш шырокім складзе. Так не бывае, каб з кожным з удзельнікаў праводзіліся двухбаковыя сустрэчы, – ніякага часу ня хопіць”.

На саміце дамоўлена пра стварэньне мытнага саюзу “трох” – Беларусі, Расеі й Казахстану. Аляксандар Лукашэнка выставіў сваё патрабаваньне, каб у гэтым саюзе ўсе суб’екты гаспадараньня мелі роўныя ўмовы. Дэпутат расейскай Дзярждумы, дырэктар Інстытуту краін СНД Канстанцін Затулін камэнтуе пажаданьне спадара Лукашэнкі:

(Затулін: ) “Я ня чуў, каб былі абсалютна роўныя ўмовы заўсёды для ўсіх у любых зьвязах. Нават ува ўмовах эўрапейскай інтэграцыі ёсьць некаторыя асаблівасьці, характэрныя для эканомік розных краін. У дадзеным выпадку прэзыдэнт Беларусі гаворыць гэта, галоўным чынам маючы на ўвазе цэны на энэрганосьбіты – і, перш за ўсё, на газ, які дастаўляецца з Расеі. Складана сказаць, як далёка ўзгаднілі між сабой пэрспэктывы далейшага інтэграцыйнага разьвіцьця ўдзельнікі ЭўрАзЭС. Бо для дасягненьня роўных умоў гаспадараньня патрэбны ня толькі мытны саюз – патрэбен яшчэ цэлы шэраг умоў, якія мусяць быць вытрыманы”.

У Сочы бакі таксама дамовіліся, што наступны саміт СНД пройдзе ўвосень у Менску. Але ці можа кампэнсаваць удзел кіраўніка Беларусі ў падобных самітах ягоную ізаляцыю з боку Эўразьвязу й ЗША? Пытаньне да лідэра ПКБ Сяргея Калякіна:

(Калякін: ) “Ня можа кампэнсаваць – ні ў якім разе. Гэта наагул іншы накірунак міжнароднай дзейнасьці. Бо гэта толькі частка краін і лідэраў, зь якімі кантактуе Лукашэнка. А бальшыня сьвету не прызнае Лукашэнку, і гэта ніяк нельга кампэнсаваць”.

Нефармальны саміт ЭўрАзЭС у Сочы стаўся першай сустрэчай “бяз гальштукаў” з моманту ўтварэньня супольнасьці ў 2000 годзе. Гэта ўжо трэцяя сустрэча лідэраў краін ЭўрАзЭС у бягучым годзе. У ЭўрАзЭС уваходзяць Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расея, Таджыкістан і Узбэкістан. Армэнія, Малдова і Ўкраіна маюць статус назіральнікаў.

Тым часам у Тбілісі сёньня сабраліся прадстаўнікі краінаў-сябраў арганізацыі ГУАМ (Грузія, Украіна, Азэрбайджан, Малдова), якія разглядаюць, паміж іншага, пытаньне стварэньня міратворчага батальёну дзяржаў ГУАМ.
XS
SM
MD
LG