Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар заводу ігнаруе незалежны прафсаюз


Радыё Свабода Дырэктар Магілёўскага заводу штучнага валакна Алег Буракоў адмовіўся сустракацца з кіраўніцтвам Беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці. У адказе на ліст прафсаюзных актывістаў ён зазначыў: у адміністрацыі няма падстаў для супрацоўніцтва зь незалежным прафсаюзам.

Сваё рашэньне спадар Буракоў матываваў тым, што перамовы могуць весьці прафсаюзы, якія аб’ядноўваюць вялікую колькасьць работнікаў.

Паводле аднаго з прафсаюзных лідэраў – Аляксандра Бухвостава, спадзявацца на тое, што кіраўніцтва заводу пачне супрацоўнічаць зь незалежнымі прафсаюзамі, не выпадае.

Спадар Бухвостаў кажа, што правы сябраў прафсаюзу на прадпрыемстве груба парушаюцца. Адміністрацыя адмаўляе суполцы прафсаюзу ў юрыдычным адрасе, старшыню суполкі наагул не пускаюць на тэрыторыю заводу, а сябрам прафсаюзу даводзіцца штомесяц перапісваць заявы на пералік складак.

Тым ня менш, сытуацыя на прадпрыемстве застаецца пад кантролем кіраўніцтва прафсаюзу, якое, паводле спадара Бухвостава, зробіць ўсё дзеля абароны праў сваіх сябраў.
XS
SM
MD
LG