Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Бібліятэкі пісьменьнікаў больш няма (фотарэпартаж)</B>


Ганна Соўсь, Менск На патрабаваньне Гаспадарчага суду Менску сёньня цалкам вызвалена ад кніжак і мэблі памяшканьне бібліятэкі Дому літаратара. Апошнім рэйсам накіраваліся ў Ліду рэшткі бібліятэкі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. За тым, як сёньня грузілі пісьменьніцкі кнігазбор, назірала наш карэспандэнт.

Ля будынку Дому літаратара сёньня зраніцы ў фуру загружалі кнігі й мэблю. У сярэдзіне ліпеня была вывезена асноўная частка пісьменьніцкай бібліятэкі – больш за 35 тысяч тамоў. Усяго кнігазбор налічвае каля 45 тысяч тамоў.



Кіраўнік спраў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анатоль Івашчанка разам з нанятымі грузчыкамі пераносіць кнігі з ужо былога памяшканьня бібліятэкі ў фуру.

(Івашчанка: ) “Папраўдзе, проста сьлёзы наварочваюцца, гледзячы… Бо гэта нават не трыццацігадовай даўніны праца, а, можа, і пяцідзесяцігадовай даўніны. Асобным фондам мы пакуль пакінулі каля 1 000 кніг з аўтографамі, старыя падшыўкі газэты “ЛіМ”, пачынаючы з 1947-га году, і пэўную частку вельмі каштоўнай літаратуры”.



Фінансуе сёньняшні рэйс Галоўнае гаспадарчае ўпраўленьне Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Ягоны прадстаўнік Дзьмітры Лепеш назірае за пагрузкай.

(Лепеш: ) “Мы пайшлі насустрач Саюзу пісьменьнікаў і пагадзіліся за свой кошт забясьпечыць іх транспартам”.

(Карэспандэнтка: ) “Што будзе ў тым пакоі, дзе месьцілася бібліятэка?”

(Лепеш: ) “Пуставаць ня будзе”.

Спадар Лепеш не выключае, што ў гэтым пакоі разьмесьціцца бібліятэка Інстытуту Гёте, які арандуе памяшканьне ў будынку. Са зьвестак жа Анатоля Івашчанкі, тут, магчыма, будзе заля рэстарацыі.



У ліпені перавозку асноўнай часткі кніг прафінансаваў Лідзкі райвыканкам, які прыняў рашэньне захаваць пісьменьніцкі кнігазбор асобным фондам у цэнтральнай бібліятэцы Ліды. Прадстаўнік Таварыства беларускай мовы Станіслаў Суднік удакладняе.

(Cуднік: ) “Дакладней, вязуць пакуль што ў Мінойты. У самой Лідзе памяшканьне не гатова. Там ёсьць будынак, у якім будзе праведзена рэканструкцыя. Я зьвязваўся з начальнікам аддзелу культуры – яны арганізуюць разгрузку. Будзе зроблена сартыроўка, пераінвэнтарызацыя кніг. Штосьці, мабыць, адбракуюць, нешта аддадуць у вясковыя бібліятэкі. Асноўнае ж ядро бібліятэкі будзе захавана”.



За пагрузкай кнігазбору сёньня назіраў і старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч. Ён не губляе аптымізму.

(Пашкевіч: ) “Творы пісьменьнікаў бачылі й горшае. Нічога ня вечнае, і зямля круглая. Мы верым, што некалі гэтыя кнігі будуць і ў Менску запатрабаваны. Але, дзякуй Богу, што яны знаходзяць сабе месца ў беларускім горадзе Ліда”.



2-га сакавіка Гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў галоўнага гаспадарчага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта, паводле якога кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў мусіць пакінуць Дом літаратара й сплаціць 55 мільёнаў рублёў за арэнду.
XS
SM
MD
LG