Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі альпініст цудам ацалеў


Ігар Карней, Менск Беларускі ўдзельнік міжнароднай альпінісцкай экспэдыцыі на вяршыню “К-2” Віктар Кульбачэнка пры канцы жніўня зьбіраецца адляцець з Пакістану ў родны Барысаў. Як паведамілі ў Беларускай фэдэрацыі альпінізму, беларус цудам ацалеў, трапіўшы пад лавіну. Чацьвёра з васьмі альпіністаў (усе – грамадзяне Расеі) загінулі. Чагоры лічыцца адной з самых непрыступных вяршыняў сьвету (другой, паводле вышыні, пасьля Эвэрэсту).

Год таму на Алтаі селевы паток пахаваў пад сабой чацьвёра беларусаў, двое зь якіх дагэтуль лічацца зьніклымі бязь вестак. Віктар Кульбачэнка – самы вядомы альпініст Беларусі. Ён першы зь беларусаў, хто скарыў найвышэйшую вяршыню сьвету – Эвэрэст.

У Беларускай фэдэрацыі альпінізму паведамілі, што чатыром з васьмі спартоўцам удалося выжыць пасьля сыходу лавіны, і яны вярнуліся ў базавы лягер. У ліку іх – і Віктар Кульбачэнка. Дзесьці за 200 мэтраў да вяршыні Чагоры дзьве першыя зьвязкі альпіністаў накрыў шчыльны сьнежна-лядовы пласт, які яшчэ называюць “сьнежнай дошкай”. Лавіна пахавала й Кульбачэнку. Ды той ня толькі здолеў адкапацца, але й выратаваў сябра па зьвязцы. Аднак зь перасьцярогі перад пагрозай новай лавіны было вырашана ісьці ўніз.

Кантактаў зь Віктарам Кульбачэнкам дагэтуль няма. Сувязь са зьнешнім сьветам у экспэдыцыі “К-2 Кузбас” падтрымліваў расеец Аркадзь Кувакін, які загінуў першым.

Роўна год таму на гары Бялуха ў Алтаі селевы паток накрыў лягер беларусаў. У выніку два чалавекі загінулі, двое дагэтуль лічацца зьніклымі, пяцёра параненых альпіністаў былі дастаўлены ў шпіталь гораду Горна-Алтайск. Сярод загіблых – лідэр групы Георгі Маскалёў, добра напрактыкаваны Ўладзімер Белановіч, які кіраваў паходамі 5-й катэгорыі складанасьці, а таксама Аляксандар Прохараў і Кірыл Коршак.

Кіраўнік Беларускай фэдэрацыі альпінізму Аляксандар Гадлеўскі кажа, што ў гарах усё прадбачыць немагчыма, але трэба, прынамсі, ведаць элемэнтарныя правілы паводзінаў у экстрэмальных сытуацыях.

(Гадлеўскі: ) “Ёсьць шмат месцаў у гарах (скажам – “кулюары”), якія ўзьнікаюць ад таго, што празь іх пастаянна рухаюцца камняпады, бягуць ручаі – адбываюцца рухі горных мас. Па “кулюарах” практычна ніхто ня ходзіць. Таму што гэта загадзя небясьпечны ўчастак для перасоўваньня. Калі чалавек робіць узыходжаньне на гару, ён імкнецца ісьці па рабру. Таму што разумее: з грэбня можа сарвацца – як мінімум – камень. А гэта – сьмерць, натуральна. Таму разважныя людзі выбіраюць няхай і больш складаны шлях, але максымальна бясьпечны”.

У Нацыянальным Алімпійскім камітэце, які часткова прафундаваў удзел Віктара Кульбачэнкі ў міжнароднай экспэдыцыі, паведамілі: квіток з Ісьлямабаду да Масквы ў беларуса датаваны 29-м жніўня. І калі ня здарыцца нічога непрадбачанага, у Менску спартовец зьявіцца ў першыя дні верасьня.

Альпіністы з раўніннай Беларусі добра вядомыя ў сьвеце. Яшчэ да сярэдзіны 1990-х сёньняшнія “зоркі” альпінізму, многія зь якіх рабілі толькі першыя крокі, узьнесьлі тагачасны дзяржаўны бела-чырвона-белы сьцяг да найвышэйшых вяршынь. Той жа Віктар Кульбачэнка разгарнуў бела-чырвона-белы сымбаль сваёй краіны над Канчынджангай у Гімалаях. Адна з самых вядомых беларускіх альпіністак, Ірына Вялянкова, увекавечыла гістарычнай сымболікай “васьмітысячнікі” Даўлягіры й Шаша-Пангма. Тое ж зрабіў Эдуард Ліпень на Чо-Айю ў Нэпале. “Ветэран” беларускага альпінізму Валер Майсеенка пад бела-чырвона-белым палотнішчам зрабіў цэлы шэраг гучных узыходжаньняў.

Увогуле ж, паводле Беларускай асацыяцыі альпінізму, скалалазаньнем у Беларусі займаецца больш за тысячу чалавек, і ў значнай часткі зь іх захапленьне горным спортам пачалося менавіта ў першыя гады атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці.
XS
SM
MD
LG