Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паручнік Ржэўскі


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы, паняцьці і рэаліі пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Фільм “Гусарская баляда”, які выйшаў на экраны ў 1962 годзе, я асабіста паглядзеў ня менш дзесяці разоў, і магу па памяці працытаваць многія “балядныя” маналёгі. Фільм паставіў тады яшчэ малады Эльдар Разанаў, а гралі ў ім ня самыя горшыя акторы: Юры Якаўлеў, Ларыса Галубкіна, Ігар Ільінскі, а таксама каралева апэрэты Тацяна Шмыга.

Карціна была пра напалеонаўскую вайну 1812 году і спарадзіла безьліч вясёлых показак пра галоўнага героя – паручніка Ржэўскага. У показках паручнік выяўляўся страшэнным пашляком. Пры гэтым у якасьці спарынг-партнэра там фігуравала не гераіня згаданага фільму, а Наташа Растова. Наташа паўставала дарэшты субтыльнай, уражлівай асобай, якая магла страціць прытомнасьць зь любой нагоды.

Першую показку пра паручніка я пачуў яшчэ ў сярэдніх клясах агульнаадукацыйнай сярэдняй школы. Яна распавядала пра тое, як паручнік з Наташай скакалі мазурку “Жэнэраль”, і нечакана партнэр, ні слова не сказаўшы, падаўся на двор. Неўзабаве вярнуўся, але ўвесь мокры. “Няўжо пачаўся дождж?” – пыталася Наташа. “Ды не, стрэчны вецер”, – адказваў паручнік.

А вось яшчэ показка, больш позьняга часу. Паручнік Ржэўскі едзе ў экіпажы разам з Наташай і яе маман – мажной, адвечна незадаволенай кабетай. “Маман, не кладзіце яйкі на срэбра, яно ад таго цьмянее”, – кажа Наташа. “Дзякуй за добрую параду”, – умешваецца ў размову паручнік і перакладае срэбны партцыгар з кішэні штаноў у пінжак. На тое, што гусары не насілі пінжакоў, апавядальнікі ўвагі не зьвярталі.

З паручніка, што той пясок з пацёхканых ласінаў, сыпаліся непрыстойнасьці, і прывесьці самыя салёныя показкі не выпадае. Пры ўсёй сваёй паказной амаральнасьці, паручнік тым ня менш выглядаў чалавекам дасьціпным і экстравагантным. І тут ён відавочна кантраставаў з тупымі савецкімі прапаршчыкамі, пра якіх народ таксама распавядаў вясёлыя показкі. Зрэшты, такім дасьпіпным і экстравагантным яго выявіў Юры Якаўлеў – выканаўца ў фільме “Гусарская баляда” ролі паручніка Ржэўскага.
XS
SM
MD
LG