Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эдуард Малафееў працуе ў Шатляндыі бясплатна


Радыё Свабода 64-гадовая легенда беларускага футболу Эдуард Малафееў, якога ўладальнік шатляндзкага Hearts запрасіў на пасаду спартовага дырэктара клюбу, мае пэўныя праблемы з атрыманьнем дазволу на працу ў Брытаніі.

Эдуард Малафееў знаходзіцца ў Шатляндыі цягам шасьці тыдняў. Сюды ён прыбыў на запрашэньне ўладальніка клюбаў “Hearts”, “Каунас” і менскага “МТЗ –РИПО” Ўладзіміра Раманава, якога ў прэсе нярэдка называюць “шатляндзкім Абрамовічам”.

Паводле мясцовых журналістаў, менавіта з Малафеевым зьвязаныя асноўныя надзеі на выступ каманды ў гульнях Кубку чэмпіёнаў ды іншых прэстыжных міжнародных турніраў. Меркавалася, што Малафееў будзе працаваць у “Hearts” разам з галоўным трэнерам каманды Валдасам Іванаскаўсам. Колішні кіраўнік менскага “Дынама”, па сутнасьці, і рабіў гэта па-за межамі Брытаніі, калі разам з футбалістамі знаходзіўся ў Міжземнаморскім круізе. Аднак у Шатляндыі Малафеева праінфармавалі, што ён ня мае юрыдычнага дазволу на працу.

Гэта ж пацьвердзілі Свабодзе і прадстаўнікі брытанскага Home Office.

(Супрацоўнік: ) “Мы ня ў стане камэнтаваць прыватныя выпадкі і можам размаўляць толькі, калі рашэньне адносна Малафеева будзе прынята.”

Тым часам з самога клюбу ў мясцовы друк цяпер паступаюць наступныя зьвесткі: Малафееў “бясплатна кансультуе Hearts”, штодня наведвае стадыён і сутракаецца з футбалістамі.

“Мы ня плацім яму, паколькі ён не зьяўляецца афіцыйным супрацоўнікам клюбу”, – кажа Ўладзімір Раманаў.

“Мы толькі папрасілі для яго працоўны пропуск, аднак гэтае пытаньне будзе вырашанае, калі Малафееў атрымае афіцыйны дазвол на працу”, – дадае “шатляндзкі Абрамовіч”

Дарэчы, сваё жыцьцёвае крэда Эдуард Малафееў сфармуляваў у наступных паэтычных радках:

“Какое б море мелких неудач,

Какая бы беда ни подступала –

Руками стисни горло

И не плачь,

Выходи на поле и начинай сначала.”

Паводле некаторай інфармацыі, верш складзены самім Малафеевым ў часе ягонай працы ў Каўнасе.
XS
SM
MD
LG