Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пагражае “кітаізацыя” беларускаму сэктару Інтэрнэту?


Радыё Свабода Адмысловая камісія Міністэрства сувязі цяпер разглядае абгрунтаванасьць новых тарыфаў прадпрыемства “Белтэлекам” для камэрцыйных правайдэраў Інтэрнэт-паслуг. Ад пачатку жніўня “Белтэлекам” у 30 разоў падвысіў плату для правайдэраў за абанэнцкія лініі ADSL. Правайдэры з такім падвышэньнем не пагадзіліся і заявілі, што плаціць больш высокую цану давядзецца і звычайным карыстальнікам Інтэрнэту.

Прынамсі яшчэ тыдзень камэрцыйныя правайдэры могуць працаваць у ранейшым рэжыме: вэрдыкт у спрэчнай сітуацыі Міністэрства сувязі агалосіць 25 жніўня. Аднак як потым складзецца сітуацыя на рынку інтэрнэт-паслугаў? Узгадаем аргумэнты бакоў. “Белтэлекам” тлумачыць новыя тарыфы на правох уласьніка абанэнцкіх ліній, пабудаваных за дзяржаўныя сродкі. А камэрсанты, маўляў, пачалі актыўна выходзіць на рэгіянальныя рынкі, багацеючы на роўным месцы. Правайдэры апэлююць да сваёй статыстыкі, таксама эканамічнай: калі раней падключэньне для карыстальніка было практычна бясплатнае (сам абанэнт плаціў 600 рублёў), то цяпер за кожнага кліента будзе плаціць правайдэр, і ўжо не 600 рублёў, а 18 700. Натуральна, цьвердзяць правайдэры, пэўны фінансавы цяжар будзе перанесены на шэраговага карыстальніка. Матэматычную раскладку робіць прадстаўніца кампаніі “Атлант Тэлекам” Юлія Дайнэка.

(Дайнэка: ) “Разавы кошт за падключэньне – гэта адзін аспэкт. Другі аспэкт – штомесяцовая плата за кожнага абанэнта без уліку кошту самога інтэрнэту. Атрымліваецца дзесьці пад 16 000 рублёў без падатку на даданую вартасьць (ПДВ); адпаведна – больш за 20 тысяч рублёў з ПДВ для юрыдычных асобаў. Іншымі словамі, гаворка пра чысты прыбытак (каля 10 даляраў з абанэнта), якія пералічваюцца “Белтэлекаму”, ня ўлічваючы сам доступ у інтэрнэт”.

За канфліктам пільна сочаць ня толькі зацікаўленыя бакі. Апошнім часам некаторыя папулярныя грамадзка-палітычныя выданьні можна пачытаць выключна ў інтэрнэце. Гэта і “Салідарнасьць”, і “Белорусская деловая газета”, у рэжыме он-ляйн працуе істотна абмежаваная ў распаўсюдзе “Наша ніва”. Для многіх канфлікт з уладамі пачынаўся як палітычны, але да ліквідацыі ўрэшце прывялі эканамічныя санкцыі. У кулюарах даводзіцца чуць: разабраўшыся з друкаванымі апанэнтамі, дзяржава хоча ўзяцца за “свавольствы” у інтэрнэце. Ці насамрэч Беларусь гатовая ўзяць на ўзбраеньне кітайскі досьвед, дзе інтэрнэт актыўна фільтруецца? Разважае галоўны рэдактар “Салідарнасьці” Аляксандар Старыкевіч.

(Старыкевіч: ) “Тое, што пагроза “кітаезацыі” інтэрнэту ў нас у краіне існуе – гэта безумоўна. Такі варыянт імаверны ў прынцыпе. Але мяркую, што спрэчка “Белтэлекаму” з правайдэрамі крыху ў іншай галіне палягае. Бо можна было ўсё вырашыць значна прасьцей: увесьці ліцэнзаваньне гэтай дзейнасьці, што зрабілі, прыкладам, з паштовымі паслугамі на дастаўку газэтаў. Можна было такім чынам пазбавіцца ад канкурэнтаў. А гэта ўсё ж занадта працяглы час і там хутчэй гаворка пра эканамічныя пытаньні”.

Прадстаўніца “Атлянт Тэлекам” Юлія Дайнэка кажа, што прычыны ўвядзеньня новага тарыфу па-ранейшаму застаюцца невядомымі. Тым больш, што прадастаўленьне абанэнцкай лініі ў карыстанне апэратарам ужо прадугледжана адпаведнымі пунктамі дамоваў на тэхнічнае абслугоўванне лінейна-кабельнага абсталяваньня паміж “Белтэлекамам” і апэратарамі.

(Дайнэка: ) “Правайдэры настроеныя сур’ёзна. Зь юрыдычнага гледзішча – гэта сапраўды аднабаковая зьмена ўмоваў пагадненьняў паміж правайдэрам і “Белтэлекамам”. Гэта адзін аспэкт. І другі аспэкт – мы бачым, што ёсьць магчымасьць і неабходнасьць казаць пра пэўныя дзеяньні, зьвязаныя з манаполіяй. І, адпаведна, працаваць з антыманапольным камітэтам”.

Прадстаўнікі “Белтэлекаму” адмаўляюцца камэнтаваць цяперашні цэнавы канфлікт.
XS
SM
MD
LG