Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 16 жніўня


Юлія Шарова, Менск У беларускім сеціве блукае Юлія Шарова.

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул “Ці абароніць народ беларускую мову на перапісе-2009?”. У часе новага перапісу плянуецца, у прыватнасьці, выявіць ступень пашыранасьці беларускай мовы ды іншых моваў, а таксама жыльлёвыя ўмовы беларусаў. Вось некалькі камэнтароў:

“Прапаную ўнесьці пытаньне пра жыльлёвыя ўмовы ў такой трактоўцы: ці не начуеце вы на дварэ? У выніку можна будзе на БТ па выніках перапісу добры матэрыял зрабіць пра надуманасьць жыльлёвага пытаньня”.

“Што народ будзе адказваць, зусім неістотна, яго чакае паступовы пераход да трасянкі, на якой ён у пераважнай большасьці размаўляе”.

“Беларускую мову на самацёк пускаць нельга. Бо калі падняць ката за шкірку, скінуць са скалы і падумаць: “Калі выжыве, больш замінаць яму ня буду”, – ня выжыве ён сам”.

У суполцы блогераў на сайце “Жывы Журнал” by_politics нехта belbaraxolka зьмяшчае свой артыкул пад назвай “Сашу душаць газы”. Вось цытата адтуль: “Гледзячы на праблему збоку, напрошваюцца высновы пра тое, што каштоўнасьць “Белтрансгазу” – элемэнт беларускай міталёгіі. Так, газаправод мае каштоўнасьць, але, мякка кажучы, ня самую высокую. Аб’ёмы газу, якія пампуюцца празь “беларускую” трубу, у разы меншыя за ўкраінскія, газ праз гэтую трубу ідзе не ў Эўропу, як любіць казаць Лукашэнка, а ў Прыбалтыку й Калінінград. Менавіта нежаданьне пакінуць бяз газу Калінінград не дазволіла “Газпрому” даціснуць Беларусь у 2004 годзе”.

Карыстальнік Hondurazian у сваім інтэрнэт-дзёньніку зьмясьціў цытату з эсэ Валянціна Акудовіча: “...няма ў прыродзе ніякай абстрактнай свабоды, нейкай адной свабоды для ўсіх. Кожная свабода – гэта свабода для некага. Свабода, як зубная шчотка, рэч надзвычай канкрэтная і ў кожнага свая. Крот у нары ня менш свабодны за ластаўку ў небе. Проста ў іх розныя кшталты і гарызонты свабоды. І калі крата ўхапіць за карак і шпурлянуць у неба, то ён пэўна будзе мець рацыю, калі палічыць гэта за гвалт, а не за дараваную яму свабоду трохі палётаць”.

T_a_s_h_a ў сваім дзёньніку, што на папулярным сайце блогаў www.livejournal.com, апавядае такую гісторыю: “Нядаўна па тэліку ў нейкай перадачы пра абарону правоў спажыўца мужык апавядаў (было гэта ў Беларусі), як узяў на лецішча кефір. І пасьля цяжкога дня вырашылі яны зь сябрам сесьці й выпіць любімага пітва. Смак падаўся дзіўным. Калі дапілі кефір да рэшты, дык знайшлі на дне маленечкае мышаня… а кефір пасьля гэтай перадачы я чамусьці піць не магу!.. Камэнтар за кадрам: “Не сакрэт, што такое сустракаецца на кожным кроку – і ў каўбасах пацукі, і ў цукерках прусакі...”

Яшчэ адна жахлівая гісторыя – у гасьцявой кнізе сайту Менгарвыканкаму. Піша нехта Юры: “Хачу зьвярнуць вашую ўвагу на працу і ўмовы захоўваньня харчоў у краме “Суседзі” па вуліцы Антонаўская. 10 жніўня набыў у гэтай краме ёгурт. Калі дома я адчыніў яго, дык знайшоў замест ёгурту чорную масу. Умовы ў гэтай краме выходзяць за межы прыстойнасьці. На паліцах гніе садавіна – мухі даўно прапісаліся ў гэтым прыемным для іх месцы… аднак на заўвагі пакупнікоў прадаўцы не рэагуюць і толькі паціскаюць плячыма”.

Нехта Ната на сайце rebenok.by апавядае сваю гісторыю аб працы радзільнага аддзяленьня 6-ай клінічнай лякарні Менску. Там Ната нарадзіла сваё дзіця. “Усе былі занятыя… доктара не маглі знайсьці, ён некуды адышоўся, як потым выявілася, паліў са знаёмымі на вуліцы. У выніку дзіця каўтнула водаў і праз суткі перастала дыхаць. Натуральна, своечасова гэта не выявілі. Вінаватай стала мама, якой сказалі, што, магчыма, у дзіця прыроджаная пнэўманія і яна яго заразіла сама. На ўсе мае пытаньні пра стан дзіцяці мне прапаноўвалі маліцца. Скончылася тым, што дзіця перавялі ў аддзяленьне рэанімацыі 7-ай лякарні, і я вельмі ўдзячная яе спэцыялістам”.

* * * Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG