Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Імёны Свабоды”: Самсон Пярловіч (13.8.1923 — 14.12.2001)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Як забойца — наган Сваім вокам сьмяртэльным, Аўта-чорны “груган” Сваім зьдзекам пякельным Нават бачыцца ў сьне, То здалёку, то зблізку... Мяне ў тым “гругане” Валачылі па Мінску. Бы ў забітай труне, Да сустрэчы крывавай Набліжаў ён мяне З эмдэбістам, Цанавам. Той пра Сталіна меў Верш мой у цэляфане Ды раз-пораз грымеў Вось такое пытаньне: “Як ты сьмеў! Гавары! Так біць “бацьку народаў”?! Цешыўся б, каб стварыў Яму некалькі одаў...” Жар мне сэрца паліў, Сьлеплі вочы ад мукі, Пот змахнуць не маглі Закаваныя рукі...

Гэтыя радкі, ня надта дасканалыя з гледзішча паэзіі, але поўныя неўдаванага болю, роспачы й надзеі, належаць пяру Самсона Пярловіча, арыштаванага ў 1947-м за прыналежнасьць да нелегальнага Саюзу вызваленьня Беларусі. Арганізацыя, створаная наваградзкай моладзьдзю ў першы паваенны год, мела сваёй галоўнаю мэтай “стварэньне самастойнай Беларускай дзяржавы”, у дасягненьні чаго не выключалася й збройнае змаганьне.

Выданых правакатарам пятнаццаць патрыётаў трыбунал засудзіў на розныя тэрміны зьняволеньня ў канцлягерах. Упаўнаважаны СВБ у Наваградзкім раёне і аўтар палымяных антысталінскіх вершаў, Самсон атрымаў 10 гадоў, якія адбываў на лесапавале ў Комі АССР, а потым на будаўніцтве вугальных капальняў у Карагандзе.

У 1990-я Самсон Пярловіч, што пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну жыў — нерэабілітаваны — у родным Наваградку, выдаў тры кнігі вершаў. Радасьць і аптымізм, якія гучалі ў іх з прычыны вяртаньня Беларусі на палітычную мапу сьвету, паступова замяніліся іншымі эмоцыямі:

Хай даўно ўжо няма Валадарскага тога, Зь яго імем турма Людзей душыць, ой многа!..
XS
SM
MD
LG