Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Акудовіч: “Грас увесь час быў наперакор”


Радыё Свабода Сваё меркаваньне аб спрэчках вакол прызнаньня Гюнтэра Граса выказвае філёзаф Валянцін Акудовіч.

(Акудовіч: ) “З пункту гледжаньня сваёй маральнай канстытуцыі я тут вялікай праблемы ня бачу. Мне цяжка меркаваць, чаму так востра немцы ўспрынялі гэтую сытуацыю, хаця, з другога боку, я разумею, што нацыя, якая сябе публічна асудзіла, пакаялася за тыя злачынствы, якія нацызм нарабіў ува ўсім сьвеце, яна інакш мусіць ставіцца да кожнай праявы, якая хай ускосна, але да гэтых злачынстваў прычынілася. І тут праблема ў тым, што не шараговы немец, не шараговы пісьменьнік, а ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, адзін з самых яскравых сучасных літаратараў Эўропы маўчаў праз усё сваё жыцьцё, што быў у войсках СС, хай сабе асабіста ён і ня браў удзелу ў злачынствах.

Але я гатовы паставіцца з разуменьнем да таго, што чалавек прыхаваў свой грэх.

Гэта наша школьнае, рамантычнае ўяўленьне пра літаратара як пра ідэал чалавека. Найлепш гэта выказана ў пушкінскім “Гений и злодейство – две вещи несовместные”. Я думаю, што якраз геній – асоба значна больш этычна складаная, чым звычайны чалавек. Інакш кажучы, геній менш маральны, чым звычайныя людзі. Тут ізноў згадваецца расейскі клясык – Ганна Ахматава: “Когда б вы знали, из какого сора растут стихи, не ведая стыда”. Творчасьць, літаратура расьце са сьмецьця, з драмаў, са здрадаў. Калі б у асабістым жыцьці Граса не было такой старонкі, магчыма, мы і ня мелі б таго Гюнтэра Граса, якога мы ведаем.

Грамадзянін Грас, схаваўшы гэты факт сваёй біяграфіі, магчыма, зрабіў ня надта добра. Пісьменьнік Грас, захаваўшы гэтую таямніцу, магчыма, ёй узбагаціўся.

Напэўна, гэтая абвостраная рэакцыя нямецкага грамадзтва зьвязаная з пачуцьцём помсты. Гюнтэр Грас за ўсё сваё жыцьцё так, як той казаў, “дастаў” немцаў, што яны ня ведалі, куды ад яго хавацца. Нават тое, што яму так доўга не давалі Нобэля, зьвязана і з ягоным радыкальным стаўленьнем да шмат якіх пазыцыяў, агульнапрынятых у нямецкім грамадзтве. Ён увесь час быў наперакор. Я не выключаю, што тут ёсьць такі псыхалягічны момант: “А ты нас усё жыцьцё вучыў, а сам жа вось які”.

Ёсьць тут і больш складаны момант. Ён сам не маралізаваў, нават у сваёй публіцыстыцы. Мне здаецца, што само грамадзтва нагрузіла яго гэтай роляй настаўніка. Гэтак жа, як у нас грамадзтва ў пэўным сэнсе накінула, усклала такую ролю маральнага аўтарытэта на Васіля Быкава. Грамадзтва прыдумала Гюнтэру Грасу ролю сумленьня нацыі, а цяпер, калі ён ня вытрымаў гэтай вышыні ці, дакладней, сталася, што ў подзе Граса ёсьць такое, што не дазваляе яму надалей быць сумленьнем нацыі, тое ж грамадзтва хоча помсьціць яму сваю памылку. Кожны з нас, як кажуць ангельцы, мае свой шкілет у шафе, а пісьменьнік, чым ён буйнейшы, тым болей у яго гэтых шкілетаў. Гэта такая дылема творчасьці. Рухавік творчасьці ляжыць не ў маральнай плоскасьці. Творчасьць не амаральная, але, скарыстаўшыся выразам Ніцшэ, імаральная катэгорыя".
XS
SM
MD
LG