Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прызнаньне Гюнтэра Граса: галасы абурэньня і падтрымкі


Юры Дракахруст, Прага У Нямеччыне і ўва ўсім сьвеце працягваецца абмеркаваньне сэнсацыйнага прызнаньня знакамітага нямецкага пісьменьніка Гюнтэра Граса ў нядаўнім інтэрвію газэце “Франкфуртэр Альгемайнэ”. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры, асоба, якую называюць сумленьнем нямецкай нацыі, прызнаўся, што ў юнацтве служыў у войсках СС.

Інтэрвію “Франкфуртэр Альгемайнэ” папярэднічала выхаду новай кнігі Граса “Абіраючы цыбулю”. У ёй пісьменьнік апавядае пра сваё дзяцінства і юнацтва і, у прыватнасьці, пра службу ў войсках СС. Раней у сваіх аўтабіяграфіях пісьменьнік адзначаў, што служыў у “Люфтвафэ” памочнікам зэнітніка. Ніхто не вінаваціць Граса ў ваенных злачынствах – ён служыў у так званых “Вафэн СС”, якія пры канцы вайны былі баявымі, а ня карнымі злучэньнямі. І усё ж такі СС ёсьць СС – гэтая арганізацыя, у тым ліку і “Вафэн СС”, была прызнаная злачыннай рашэньнем Нюрнбэрскага трыбуналу.

Абурэньне ў многіх выклікаў ня сам факт службы пісьменьніка-антыфашыста ў СС, а тое, што ён хаваў гэта доўгія гады. Сам Грас тлумачыць гэта тым, што толькі цяпер знайшоў літаратурную форму, каб апавесьці аб гэтым на старонках раману аб сваім дзяцінстве і юнацтве. Тым ня менш некаторых крытыкаў такое тлумачэньне не задаволіла. Напрыклад, палітык з хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Вольфганг Бэрнзэн нагадаў, што Грас усё жыцьцё выстаўляў маральныя патрабаваньні іншым, найперш палітыкам. Цяпер, паводле Бэрзэна, пісьменьнік павінен выставіць такія самыя патрабаваньні сабе і вярнуць усе ганаровыя ўзнагароды, у тым ліку і Нобэлеўскую прэмію.

Дарэчы, прадстаўнікі Нобэлеўскага камітэту ўжо заявілі, што практыкі пазбаўленьня ляўрэата званьня няма. Паводле апытаньня, ужо праведзенага часопісам “Штэрн”, толькі 8 % немцаў лічаць, што Грас павінен вярнуць Нобэлеўскую прэмію. У свой час пісьменьнік рэзка крытыкаваў урад хрысьціянскіх дэмакратаў і першага канцлера пасьляваеннай Нямеччыны Конрада Адэнаўэра. “Як настаўнік маралі Грас дыскрэдытаваў сябе, і не сваім прызнаньнем, а сваім маўчаньнем”, – гаворыць цяпер сын былога канцлера Пітэр. Літаратурны крытык Рольф Гогут прыгадвае, як на пачатку 1980-х амэрыканскі прэзыдэнт Роналд Рэйган падчас візыту ў Нямеччыну наведаў ваенныя могілкі, дзе разам з салдатамі вэрмахту былі пахаваныя і эсэсаўцы. Тады жэст Рэйгана выклікаў абурэньне Гюнтэра Граса, які сам, як высьветлілася, служыў у СС.

Былы прэзыдэнт Польшчы, таксама нобэлеўскі ляўрэат Лех Валэнса заклікаў Граса адмовіцца ад званьня ганаровага грамадзяніна горада Гданьску, дзе нямецкі пісьменьнік нарадзіўся.

Гучаць і іншыя ацэнкі. Франц Мюфтэфэрынг, цяперашні віцэ-канцлер ад сацыял-дэмакратычнай партыі ў кааліцыйным урадзе, гаворыць, што няма падставаў ставіцца да Граса з пагардай. Гісторык Ганс Момзэн нагадвае, што пры канцы вайны прызыў у войскі СС быў абсалютна ідэнтычны прызыву ў вэрмахт. Габрэйскі пісьменьнік Ральф Джардана заяўляе, што ягонае стаўленьне да Граса, давер да шчырасьці пісьменьніка ніяк не зьмяніліся. “Падлетак у нацысцкай Нямеччыне ня меў аніякага шанцу супрацьстаяць прапагандысцкай машыне і выпрацаваць свой пункт гледжаньня”, – мяркуе Джардана.

Абаронцы Граса гавораць, што цяперашняе прызнаньне пісьменьніка – праява мужнасьці: ён мог бы пакінуць факт службы ў СС у таямніцы. Аднак і гэтае тлумачэньне аспрэчваецца. Кіраўніца Цэнтральнай рады нямецкіх габрэяў Катарын Кноблях кажа, што цяперашняе прызнаньне пісьменьніка – піяр-ход для рэклямы ягонай новай кнігі.

Пастар Фрыдрых Шормюлер, які пацярпеў у свой час ад перасьледу ва Ўсходняй Нямеччыне, заклікае не асуджаць Граса. Паводле Шормюлера, калі б толькі маральна чыстым людзям было дазволена гаварыць пра маральныя праблемы, то ўсе немцы павінны былі б маўчаць пра вайну і яе наступствы.
XS
SM
MD
LG