Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аштрафавалі магілёўскіх актывістаў ПКБ


Радыё Свабода, Магілёў Падатковая інспэкцыя Ленінскага раёну Магілёву пакарала штрафам на чатыры базавыя велічыні старшыню Магілёўскага абкаму ПКБ прафэсара Валеру Беразіенку. Яго вінавацяць у тым, што сядзіба магілёўскай партыйнай філіі ня мае Кнігі заўваг і прапаноў.

Пасля аб’яднальнага зьезду камуністаў падатковая інспэкцыя Ленінскага раёну Магілёву й абласная ўправа юстыцыі распачалі праверку дакумэнтаў мясцовай філіі апазыцыйнай партыі, якую ачольвае Сяргей Калякін.

Падчас сустрэчы з інспэктарамі сакратар абкаму ПКБ па арганізацыйных пытаньнях пэнсіянэр Анатоль Заўялаў патлумачыў, што партыя не займаецца фінансавай дзейнасьцю. Аднак падатковая інспэкцыя аштрафала лідэраў магілёўскіх камуністаў Анатоля Заўялава й Валеру Беразіенку – нібыта, за парушэньне гаспадарчага заканадаўства. Спадар Заўялаў мусіць выплаціць дзяржаве 310 рублёў: у віну яму паставілі збор партыйных складак па састарэлых ведамасьцях.

Абодва палітыкі зьбіраюцца абскардзіць штрафы ў Менску – у Міністэрстве падаткаў і збораў.

Тым часам супрацоўніца абласной управы юстыцыі Аліна Хмяльніцкая патрабуе ад магілёўскіх камуністаў падаць ёй партыйныя спісы, пратаколы, заявы на ўступленьне ў партыю, пачынаючы ад 1992 году. Управа таксама дае ўказаньні раённым выканаўчым уладам праверыць дзейнасць мясцовых суполак ПКБ.
XS
SM
MD
LG