Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як даць рады СНІДу?


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Для таго каб справіцца з эпідэміяй СНІДу ў разьвіваных краінах, Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя неабходныя болей як 4 мільёны спэцыялістаў. А на аплату працы лекараў і мэдычных сёстраў патрабуецца ня меней як сем мільярдаў даляраў. Гэтыя лічбы былі названыя на 16-й міжнароднай канфэрэнцыі ў праблеме СНІДу, якая адбываецца ў канадзкім горадзе Таронта.

Былы прэзыдэнт Злучаных Штатаў Біл Клінтан заявіў, што ў сьвеце ёсьць лідэры дзяржаваў, якія могуць дапамагчы спыніць пашырэньне СНІДу, але значна больш неабходна тых лідэраў, якія змаглі б памяняць мысьленьне людзей. Біл Клінтан і кампутарны магнат Біл Гейтс прамаўлялі разам перад шасьцю тысячамі чалавек, якія змаглі прабіцца на іхны выступ. А ўсяго ў канфэрэнцыі бяруць удзел каля 24 тысяч чалавек. Абодва Білы ачольваюць дабрачынныя фонды дзеля барацьбы са СНІДам, якія ўжо ўклалі ў барацьбу са СНІДам мільёны даляраў. І зноў яны казалі, што дзеля эфэктыўнасьці барацьбы з хваробай патрэбныя вялікія грошы. У гэтым зьвязку яны пахвалілі праграму прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша ў дапамозе 16 краінам, улучна з 13 афрыканскімі. На пяць гадоў выдаткавана 15 мільярдаў даляраў.

Тэма сёлетняй канфэрэнцыі – “Час дзейнічаць!” Аднак, адзін з удзельнікаў канфэрэнцыі доктар Філіп Бэргер пэсымістычна зазначыў, што на ўсіх канфэрэнцыях гучаць прыгожыя лёзунгі “Трэба дзейнічаць!”, “Мы ўсе – адзін сьвет” і ва ўсіх канфэрэнцыях удзельнічаюць важныя асобы, але нічога не мяняецца.

Але ў Біла Гейтса больш аптымістычны погляд. Ён сказаў, што “гэтая гісторыя будзе мець шчасьлівы канец”. Але і ён лічыць, што дарога да мэты будзе скалістай, пакуль навукоўцы ня вынайдуць вакцыну ці іншы мэтад лекаваньня. У Таронта Гейц гаварыў і пра неабходнасьць дапамогі жанчынам, якім “не павінен быць патрэбны дазвол ад партнэра на тое, каб захаваць уласнае жыцьцё”. Таму ягоны фонд будзе яшчэ больш укладаць грошай у распрацоўку лекаў і бактэрыцыдных крэмаў, якія жанчыны могуць выкарыстоўваць перад полавым актам, каб не заразіцца на СНІД. Гейтса падтрымаў спэцыяльны пасланец ААН у праблеме СНІДу ў Афрыцы Стывен Люіс, які заявіў, што пытаньне зьмены сэксуальных паводзінаў мужчын вельмі актуальнае. “Жанчыны паміраюць цяпер,” – падкрэсьліў ён.

Паводле дадзеных ААН і Міністэрства аховы здароўя Беларусі, на 1 жніўня 2006 году агульная колькасьць выяўленых у Беларусі выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі дасягнула 7447 чалавек. Спэцыялісты ў якасьці асноўнага шляху распаўсюджваньня СНІДу называюць той, які рэалізуецца пры ін’екцыях наркотыкаў. Аднак, апошнім часам, адзначаецца актывізацыя перадачы інфэкцыі ў выніку сэксуальных кантактаў.
XS
SM
MD
LG