Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: гарадзенцы – пра жнівеньскі путч 1991 году


Радыё Свабода, Горадня

(Сталы спадар: ) “Каб яны перамаглі, было б кепска. Бо гэта была б перамога камуністаў, вяртаньне ў мінулае. А нам гэтага ня трэба”.

(Спадар: ) “Што было б зь беларусамі? Жылі б далей у Савецкім Саюзе. У мяне такая сытуацыя была: я апынуўся ў гэты момант у аэрапорце ў Маскве – ляцеў у Душанбэ. Я зусім нічога ня ведаў, мы былі адцятыя цалкам ад інфармацыі. Потым я прааналізаваў: путчыстаў не задавальняла магчымасьць прыватызацыі, прадпрымальніцтва, наяўнасьці асабістай свабоды ў людзей. Увогуле я задаволены, што ў іх нічога не атрымалася”.

(Сталы спадар: ) “Было б вельмі дрэнна Беларусі, каб такое здарылася зь ёй. Бо я лічу, што было б многа ахвяраў. А навошта гэта нам?”

(Спадар: ) “Мне здаецца: магчыма, нават было б і лепей. Бо сёньня слабавата ў нас адбываецца разьвіцьцё краіны. Нібыта, на паперы ўсё атрымліваецца, а насамрэч людзі добра працуюць, але не зарабляюць столькі, каб жыць нармальна, – працуюць толькі на “харчблёк”.

(Малады спадар: ) “Было б гэтаксама, як і за Савецкім Саюзам. Гэта значыцца – мы ня сталі б незалежнай дзяржавай, а жылі б па-ранейшаму ў СССР, з усімі далейшымі наступствамі”.

(Сталы спадар: ) “Я думаю, што незалежнасьці не было б – нас утрымалі б. Тым больш, у нас асабліва пытаньняў не было, як у Прыбалтыцы ці ў Польшчы, дзе загадзя рыхтавалася глеба. Саюз бы захаваўся надалей. А ці было б лепш, або горш – Бог яго ведае, як усё павярнулася б”.

(Пажылы спадар: ) “Усё было б добра. Ня горш, ува ўсялякім разе. Таму што захаваўся б Савецкі Саюз, а Беларусі было някепска ў ім. Але й цяпер ня горш – нармальна: Лукашэнка праводзіць правільны курс. Аднак Саюз ёсьць Саюз”.

(Спадар: ) “Я ўжо сёньня слухаў па “Свабодзе” званкі слухачоў, і мне спадабалася, як нехта сказаў, што ў нас ужо амаль тое ж самае, як у СССР. Я таксама так думаю”.

(Малады спадар: ) “Мне здаецца, што пасьля путчу, ужо ў цяперашняй Беларусі, было многа сытуацый, калі магла памяняцца ў нас ўлада. Гэтага мы вельмі хочам”.

(Маладзён: ) “Мы сёньня ня хочам вяртаньня ў Савецкі Саюз, хоць пра такое мараць яшчэ многія сталыя людзі”.

(Сябра: ) “Сёньня мне здаецца, што ў нечым стала нват горш, чым было ў Савецкім Саюзе. Можна паглядзець на Літву, Латвію, Эстонію: людзі ў прыбалтыйскіх краінах жывуць і радуюцца, што яны – у Эўропе. А мы, па-мойму, крочым назад”.
XS
SM
MD
LG