Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ці можа маладая дзяўчына закахацца ў пэнсіянэра? І што будзе далей?...”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за сераду 16 жніўня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадар: ) “Вы пытаецеся ў прахожых у Менску, што было б, калі б пуч перамог у 1991 годзе. А я хачу спытаць у вас, што будзе ў нас у Беларусі, калі прыйдуць да ўлады Мілінкевіч з Казуліным. Калі ласка, я буду чакаць вашага адказу”.

(Анастас Семяновіч: ) “Вельмі шаноўнае спадарства Радыё Свабоды, добры дзень. На пытаньне тыдня, што чакала Беларусь, калі б бальшавікі перамаглі падчас путчу. Гэта была б вялікая трагедыя для ўсіх саюзных рэспублік, аддзяленьне самастойных дзяржаў затармазілася б, было б вельмі шмат ахвяр, яны б давілі дэманстрантаў танкамі, як у Літве. Гэта ў параўнаньні з тым, што, калі б яны перамаглі, то ахвяраў было б у сотні разоў больш. Нам, тым, хто тры дні і тры ночы знаходзіўся на плошчы Леніна, абяцалі бальшавікі Курапаты, у іх вялікі досьвед ужо ёсьць, вучыць іх ня трэба, як зьнішчаць сумленных людзей. Ды і наогул, успамінаць пра гэта цяжка, я ўжо атрымаў цяжкую траўму. Абласная бальніца Менскай вобласьці выратавала ад сьмерці. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Добрай вам ночы і, як кажуць, добрага здароўя, дарагія і заўсёды любімія вядучыя Радыё Свабоды. Вось такое пытаньне: ці можа закахацца маладая дзяўчына ў пэнсіянэра? І што будзе далей? Дзякуй і добрага вам здароўя”.

(Васіль Цюхай зь Беразіна: ) “Добры дзень. У “Начной Свабодзе” прагучала гутарка наконт тэлефоннага этыкету. Асабіста я некалькі разоў быў сьведкам, калі на званок адказвалі словам “але”. Я падтрымліваю менавіта такі варыянт адказу, таму што беларускае “але” гучыць аднаразова, як “алё” і як “так,” гэта калі вы тэлефануце больш прыватнай асобе, а больш афіцыйны адказ: “Добры дзень,” альбо “слухаю,” альбо назву ўстановы, альбо ўсе варыянты разам”.

(Спадар: ) “У панядзелак у навінах БТ была інфармацыя пра тое, што хутка будзе забаронена рэкляма тытуню і алькаголю. Мера вельмі неабходная, але ўжо і вельмі запозьненая. Можна бачыць, што робіцца цяпер у грамадзтве: дзеці кураць, п’юць адкрыта, нават неяк дэманстратыўна, паказушна на вачах у дарослых. Пэўна, тут прычына ў тым, што дзяржава і сам асабіста прэзыдэнт некалі блаславіў алькагалізацыю ў грамадзтве, аб’явіўшы “чарку і шкварку” нейкімі нацыянальнымі сымбалямі. А цяпер мы спрабуем змагацца супраць гэтай зьявы, але што будзе з гэтымі людзьмі? З гэтымі нашымі дзецьмі, якія бяз піва, водкі, віна, цыгарэт і нават наркотыкаў жыцьця свайго не ўяўляюць? Што рабіць зь імі і колькі трэба будзе прыкласьці намаганьняў, каб вярнуць іх да нармальнага жыцьця, і ці ўдасца гэта зрабіць? Канечне, алькагалізацыя насельніцтва дае магчымасьць хутка напоўніць бюджэт грашыма, але трэба было б, мусіць, ісьці іншым шляхам: уздымаць эканоміку, браць прыклад зь іншых, цывілізаваных краінаў, дзе казна папаўняецца не за кошт таго, што будучае нацыі страчваецца. Мне здаецца, тут трэба рабіць нейкія высновы. І цікава было б пачуць па вашым радыё, які працэнт у бюджэце краіны складае прыбытак ад продажу алькагольных напояў”.

(Іван Карпавіч: ) “Я хачу выказацца наконт пытаньня пра ГКЧП. Перамога ГКЧП адбылася ў нас у Беларусі ў 1994 годзе. Імпэрскія замашкі Расеі яскрава бачныя. Чарнамырдзін прыехаў у Беларусь, калі быў прэм’ер-міністрам, і вырашыў пытаньне за ноч, зрабіўшы прэзыдэнтам Лукашэнку. Вось і ўсё. Перамога ГКЧП цяпер на Ўкраіне. Колькі Пуцін ня біўся, каб працягнуць Януковіча ў прэзыдэнты, дык вось працягнуў яго ў прэм’ер-іністры, а прэм’ер-міністр цяпер будзе кіраўніком краіны. Вось вам, калі ласка. Усё робіць Расея, КДБ Расеі, КДБ Беларусі і КДБ усіх рэспублік былога Саюзу. Так што мы жывем у клетцы, як зэкі на вольным пасяленьні. Нам даюць на харчаваньне і больш нічога, мы ня здольныя ні купіць нешта іншае, ні куды-небудзь паехаць. ГКЧП існавала і будзе існаваць. І мы нікуды ад гэтага ГКЧП ня сыдзем. Гэта толькі назва і час. Нікуды мы ня дзенемся. У нас законы ня дзейнічаюць, канстытуцыя ня дзейнічае, у нас проста напісаў чыноўнік, што “вораг народа” ці “апазыцыянэр” – усё, ты будзеш з гэтым ярлыком і хадзіць”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! На пытаньне тыдня хачу сказаць наступнае. Калі б 15 год таму перамог ГКЧП, то ў Беларусі, першае, не было б беспрацоўя, другое, усе нашыя дзеці і ўнукі маглі б атрымліваць бясплатную адукацыю, трэцяе, не было б часткова платнай мэдыцыны, і, апошняе, у Беларусі не зьявіўся б паразітычны кляс людзей, якія лічаць сябе “палітыкамі” і на гэтым зрабляюць добрыя грошы, нідзе не працуючы. Я маю на ўвазе Лябедзьку, Вячорку і многіх іншых, якія нідзе не працуюць і жывуць прыпяваючы на грошы замежных спонсараў. Дзякуй”.

(Спадар) “Добрай раніцы. Пастаянна на лецішчы слухаю вашыя перадачы. Значыць, першае пытаньне: 12 год праўленьня Аляксандра Лукашэнкі. Вы заўсёды задавайце выразныя пытаньні, зь якім пэрыядам вы параўноўваеце: перыяд праўленьня Шушкевіча-Кебіча, часы Савецкага Саюзу ці яшчэ якія, каб людзі канкрэтна ведалі. А то гавораць: “Так, дрэнна жывем, зьбіраю бутэлькі, макулатуру…” Хай менш нафты п’е, атраманту, то яна ня будзе зьбіраць, хопіць ёй, або няхай ідзе працуе. Далей, Лібан. Некаторыя жанчыны, якія прыехалі зь Лібану, кажуць, што за 200 даляраў яны не пражывуць…Няхай там сядзяць! Яны грамадзяне Лібану, усе пытаньні да лібанскага ўраду і габрэяў, якія б’юць мірнае насельніцтва. Габрэі забылі праўленьне Адольфа Гітлера, трэба ім напомніць. Далей, што зьмянілася б, калі б да ўлады прыйшоў ГКЧП. Задайце лепш такое пытаньне: што зьмянілася б, калі б да ўлады прыйшлі Мілінкевічы-Казуліны. Яны, як два папы Гапоны ішлі, павесіўшы абразы на грудзі, хто будзе за іх галасаваць? Я ў Ашмянах пытаю ў апазыцыянэраў, што зьменіцца ў лепшы бок? Ну статак бараноў – ніхто нічога ня ведае. Як можна такіх да ўлады дапускаць?! Ну і яшчэ вы казалі, што Ўга Чавэс прыяжджаў да Лукашэнкі. У Чавэса была асноўная мэта Расея. Але з Лукашэнкам сябруе таксама – абаронка. Чаму вы пра гэта не раскажаце, наколькі мільярдаў ён заказаў у расейскай абаронкі зброі, ад каго ён хоча абараняцца? Ад лепшых сяброў? Я хацеў бы, каб вы на гэтыя пытаньні адказалі”.

(Эдвард Гатоўскі) “Вось, добрай раніцы вам, як кажуць, наша сьвятая крыніца! Вось 15 год таму, выбіраючыся з рускамоўнай багны, я такі вось верш раптам склаў, невядома адкуль што зьявілася, дык вось:

Сьвіньні давала матка бульбу, Чыгун схіліўшы ля нагі. А потым плакала ад болю, Схіліўшы сьпіну ля пячы. Гэты кулік…Хай яму Божа… Пацёршы вузлаю рукой, Прымачык нешта ўключыла, І раптам голас за мяжой: Пераварот! ГКЧП! Пра тое, як цягнуць крэсла з-пад рукі Партапаратчыкі шалёна, – Вышэйшай пробы лайдакі. Каля акенца, нібы ў храме, Ікона скрушана глядзіць… І кажа з сэрцам матка бацьку: – Ідзі, спадар, сьвіньню паіць. Сама чыгун сьцягнуўшы ў хату, Малечай, стараю рукой, Ціхмяна плакала ад болю, Далонь сьціскаўшы за сьпіной.

Вось так”.
XS
SM
MD
LG