Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cёньня – Дзень беларускай салідарнасьці


Радыё Свабода 16 жніўня ў Беларусі і ў замежжы праходзіць штомесячная акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьняў. Арганізатары – Ірына Халіп, Мікіта Сасім і Ірына Красоўская – заклікаюць грамадзянаў выказаць падтрымку палітвязьням і іхным сем’ям, а таксама сваякам зьніклых Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Сёньня арганізатары акцыі салідарнасьці паехалі ў рэгіёны – да палітвязьняў, што адбываюць пакараньне “на хіміі”. Анатоль Лябедзька, Людміла Гразнова й Зінаіда Бандарэнка наведалі Андрэя Клімава ў вёсцы Баршчоўка Гомельскай вобласьці, куды апазыцыянэр сасланы за арганізацыю вулічнай дэманстрацыі. Гаворыць Людміла Гразнова.

(Гразнова: ) “Самыя простыя чалавечыя адносіны: прыехаць да чалавека, запытацца, як ягонае жыцьцё, абудзіць веру ў перамогу, у пэрспэктывы. У нашых абставінах, калі ўсё забараняецца, калі людзі напалоханы, – гэта істотна. Нават тут начальнікі ўстановы, дзе працуе Клімаў, усе зьбянтэжыліся, напалохаліся, калі ўбачылі Анатоля Лябедзьку побач зь ім: іхныя твары пазелянелі са страху. З намі й Зіна Бандарэнка: яна сувязь падтрымлівае, вельмі важную для Андрэя”.

Наведаць можна толькі тых палітвязьняў, што адбываюць пакараньне “на хіміі”. Чатыры сябры “Партнэрства”, Аляксандар Казулін, Сяргей Скрабец, Іван Крук знаходзяцца за кратамі.

На знак салідарнасьці з усімі беларускімі палітвязьнямі, іхнымі сем’ямі й сем’ямі зьніклых сёньня ў Вашынгтоне, Варшаве, Кіеве, Стакгольме, Брусэлі, іншых краінах маюць адбыцца пікеты насупраць беларускіх амбасадаў.

Традыцыя 16-ы дзень кожнага месяца пражываць пад знакам салідарнасьці склалася пасьля таго, як 16 верасьня 2005-га году, у гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, міліцыя разагнала акцыю ў памяць зьніклых, адабраўшы партрэты й нацыянальную сымболіку. У адказ моладзевы лідэр Мікіта Сасім на Кастрычніцкай плошчы ўзьняў над галавой джынсавую кашулю – як сымбаль супраціву дыктатуры.

Ад таго моманту штомесяц, у розных фарматах, ладзяцца акцыі салідарнасьці. Некалькі месяцаў запар у дзень Салідарнасьці тысячы беларусаў запальвалі ў сваіх вокнах сьвечы. Потым у гэты дзень рабілі пікеты на Кастрычніцкім пляцы, каля Расейскай амбасады, арганізоўвалі флэш-мобы.

Пра значнасьць салідарнасьці для грамадзтва разважае старшыня зарэгістраванага ў Літве “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова:

(Гразнова: ) “Трэба трымацца, трэба быць людзьмі, высока цаніць адзін аднога, салідарнасьць праяўляць. Таму што гэта самае галоўнае цяпер, калі ўлада спрабуе ўсіх актыўных ізаляваць, разьмясьціць па кутах, раздрабіць грамадзтва. А нам трэба гэта пераадольваць, ісьці да людзкага жыцьця”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG