Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Больш за тры тыдні няма зьвестак пра перакладчыка Антона Тараса


Алег Грузьдзіловіч, Менск У міліцыі заведзена крымінальная справа з факту зьнікненьня сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Антона Тараса. Сваякі й калегі журналіста нагадваюць: у сакавіку Антон Тарас адседзеў у турме як удзельнік падзеяў на Кастрычніцкай плошчы.

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, 23-гадовы перакладчык Антон Тарас зьнік 21 ліпеня. Бацькі маладога чалавека, вядомыя ў Беларусі журналісты Віталь Тарас і Алена Лукашэвіч кажуць: у той дзень сын па тэлефоне паведаміў, што яму трэба адысьціся з дому па справах. Больш Антон на сувязь не выходзіў.

Празь пяць дзён бацькі аднесьлі заяву ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Там завялі крымінальную справу з факту зьнікненьня. Сярод асноўных вэрсіяў зьнікненьня Антона Тараса фігуруе сямейная – апошнім часам у сям’і Антона пачаліся праблемы – яго разлучылі з двухгадовай дачкой. Не выключаецца таксама й сувязь здарэньня з палітыкай. У сакавіку Антон Тарас адсядзеў 11 дзён у менскай турме на вуліцы Акрэсьціна як удзельнік падзей на Кастрычніцкай плошчы.

Між тым, бацькі Антона Тараса цьвердзяць: палітыкай ён не займаўся. Таксама яны зважаюць: сыну не ўласьціва не паведамляць, куды зьбіраецца й дзе знаходзіцца. Акрамя гэтага, Віталь Тарас і Алена Лукашэвіч ніяк зьнікненьня сына не камэнтуюць.

У менскай гарадзкой міліцыі, дзе расьсьледуюць крымінальную справу пра зьнікненьне Антона Тараса, адмовіліся камэнтаваць расьсьледаваньне, але запэўнілі, што дзеля пошуку журналіста робіцца ўсё магчымае. З іншых крыніц вядома, што міліцыя ўжо мае некаторыя зьвесткі. Да прыкладу, пра набыты 22 ліпеня ў Баранавічах квіток на цягнік Рыга–Сімфэропаль паводле пашпарту Антона Тараса. Але чаму й як Антон Тарас патрапіў у Баранавічы, невядома.

Зьвесткі пра зьнікненьне спадара Тараса першай зьмясьціла на сваім сайце Беларуская асацыяцыя журналістаў, сябрам якой быў малады перакладчык. Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец сказаў для Радыё Свабода:

(Бастунец: ) “Мы вельмі непакоімся за Антося, спадзяёмся, што ён знойдзецца, і ўсё будзе добра, што ён бліжэйшым часам зьвяжацца з бацькамі ці калегамі па працы. Мы просім тых, хто нешта ведае пра лёс Антона Тараса, зьвязацца з намі ці зь ягонымі бацькамі па зьмешчаных у нас на сайце тэлефонах”.

Паводле зьвестак зь міліцыі, штогод у Беларусі абвяшчаюць у вышук больш за тысячу грамадзянаў, і значная частка зь іх праз пэўны час адшукваецца жывымі. Пошукі некаторых зьніклых вядуцца шмат гадоў. Паводле беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, з 1999 году ў краіне людзі зьнікаюць і з палітычных прычын.

Кантактныя тэлефоны зьмешчаны ў інтэрнэце на сайце baj.ru альбо charter97.org.
XS
SM
MD
LG