Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец можа зьвярнуцца па амністыю


Радыё Свабода Былы кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец сёньня пачынае адлік другой паловы свайго зьняволеньня.

А напярэдадні жонка і маці экс-парлямэнатра атрымалі адказ на свой запыт у Генэральную пракуратуру. Родныя Сяргея Скрабца цікавіліся, ці можа быць да яго прымененая амністыя.

Як паведаміла нашаму радыё жонка зьняволенага Аляксандра Скрабец, у адказе з дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі гаворыцца, што адносна ўжываньня да сябе амністыі "... зьняволены Скрабец мае права зьвярнуцца праз адміністрацыю папраўчай калёніі ў Пракуратуру па наглядзе за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў". Аляксандра Скрабец таксама сказала, што ксэракопію адказу яна накіравала паштовым лістом мужу, які вырашыць, што рабіць далей.

Сяргей Скрабец асуджаны на два з паловай гады пазбаўленьня волі. Суд прызнаў яго Скрабца вінаватым у выманьваньні крэдытаў. Аднак і сам асуджаны, і праваабаронцы гавораць пра палітычную матывацыю зьняволеньня. Улетку 2004 году спадар Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў групы “Рэспубліка”, якія патрабавалі зьменаў у Выбарчы кодэкс і вызваленьня Міхаіла Марыніча. Сяргей Скрабец таксама быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG