Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскія фартэпіяна далі апошні акорд?


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы 16 жніўня

“Народная воля” піша пра сытуацыю на барысаўскай “піянінцы” – вымушаны адпачынак работнікам Барысаўскай фабрыкі музычных інструмэнтаў падоўжаны яшчэ на месяц, да восені. За жнівень, як i за першыя два летнiя месяцы, рабочым паабяцалi заплацiць дзьве трацiны тарыфу, якi працоўнае заканадаўства прадугледжвае за вымушаны прастой. Канкрэтнай пэрспектывы прадпрыемства нiхто з кiраўнiкоў не акрэслiў, аднак усiм ужо зразумела, што фартэпiяна, якія выраблялiся ў Барысаве ад 1935 года, тут больш выпускаць ня будуць. Ходзяць чуткi, што з амаль чатырохсот рабочых (некалi тут наагул працавала амаль тры тысячы чалавек) застануцца толькi чалавек пяцьдзесят — у асноўным фiзiчна моцныя мужчыны. Яны нiбыта будуць заняты разборкай карпусоў i дэмантажом нелiквiднага абсталяваньня.

Актывіст апазыцыі, дэпутат бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір звольнены з працы, паведамляе “Бобруйский курьер”. Гарадзкі адзел адукацыі не працягнуў ягоны кантракт – спадар Чыгір працаваў у восьмай бабруйскай школе. Апавядае выдавец газэты Анатоль Санаценка.

(Санаценка: ) “Адміністрацыя гэтай школы на ягоным баку. Ён па гэтай самай акрузе праходзіў як дэпутат, калі выбіраўся ў гарсавет. І менавіта ў гэтай школе знаходзіўся адзін з участкаў. Дзякуючы гэтаму, уласна, ён і стаў дэпутатам гарсавету, бо бацькі ягоных вучняў ведаюць яго й за яго прагаласавалі шчыра. Аднак адміністрацыя школы саступіла перад перавагай праціўніка, бо адна справа – адміністрацыя школы, а іншая справа – адзел народнай адукацыі, які стаіць над імі і якому дадзенае ўказаньне так зрабіць”.

Усіх злачынцаў зьбяруць у банк, паведамляе сёньняшняя “Камсамолка”. З наступнага году Міністэрства ўнутраных справаў пачне фармаваць адзіную сістэму ўліку правапарушэньняў. Інфармацыя пра асобаў, якія зьдзяйсьнялі адміністрацыйныя правапарушэньні, будзе захоўвацца ў адмысловым банку дадзеных цягам дзесяці год. Больш сур’ёзныя злачынствы, напрыклад, крымінальыня справы, трапяць у архіў на сто год. Інфармацыяй з гэтага банку могуць скарыстацца ня толькі міліцыя, сьледчыя ворганы і суды, але таксама іншыя дзяржаўныя ўстановы ды нават звычайныя грамадзяне. Праўда, для гэтага ім давядзецца асабіста зьвярнуцца ў адпаведныя ворганы, напісаць заяву і заплаціць суму да адной базавай велічыні.
XS
SM
MD
LG