Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы і жыхары Эўразьвязу па-рознаму глядзяць на шчасьце


Радыё Свабода Апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што ў беларусаў і жыхароў Эўразьвязу розныя ўяўленьні пра шчасьце. Для эўрапейцаў на першым месцы цяпер стаіць задаволенасьць сваёй працай. Для беларусаў – галоўнае сям’я і здароўе.

На афіцыйным сайце Прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ва Ўкраіне і Беларусі ўчора зьявіліся вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў праекту "Эпікур". Зь іх бачна, што задаволенасьць сваёй працай стала самым важным складнікам шчасьця у разуменьні жыхароў Эўропы. Для эўрапейцаў цяпер гэта больш важна, нават чым сямейнае жыцьцё альбо прыемны адпачынак.

Такія ўяўленьні аб шчасьці, як гаворыцца ў камэнтары экспэртаў, "можна лічыць пэўнай нечаканасьцю". Навукоўцы падкрэсьліваюць, што цяпер эўрапейцы сутыкаюцца зь іншымі патрабаваньнямі: больш жорсткімі становяцца тэрміны выкананьня заданьняў, павялічваецца аб''ём працы і г.д. У выніку расьце колькасьць людзей, якія хварэюць ад стрэсаў на працоўных месцах.

Доктар філязофскіх навук Вячаслаў Оргіш так камэнтуе зьмяненьні ў прыярытэтах эўрапейцаў:

(Оргіш: ) "Узровень беспрацоўя ў Заходняй Эўропе досыць высокі – ён у розных краінах у памерах ад 10 да 20%. І відавочна, што ў такой сытуацыі насельніцтва там хвалюе праблема працы, працаўладкаваньня. І гэта вельмі высокі ціск, у тым ліку і псыхалягічны. Таму праца і выходзіць на першае месца. У Беларусі таксама існуе беспрацоўе, але яно прыхаванае. Прычым, штучна прыхаванае. Калі б у нас была дакладная статыстыка беспрацоўя і яна прысутнічала ў масавай сьвядомасьці, дык, я мяркую, што пры апытаньнях такога кшталту і ў Беларусі каштоўнасьць працы магла б заняць, калі ня першае, дык адно зь першых месцаў у рэйтынгу шчасьця".

Доктар сацыялягічных навук Алег Манаеў упэўнены, што для жыхароў Беларусі стан іхнага здароўя будзе па-ранейшаму заставацца галоўным складнікам шчасьця. Навуковец тлумачыць гэта ўплывам Чарнобыльскай навалы:

(Манаеў: ) "Паводле дадзеных нацыянальнага апытаньня, якое правялі незалежныя сацыёлягі ў сувязі з 20-мі ўгодкамі Чарнобыля, больш за 80% апытаных сказалі, што іх здароўе, здароўе іхных сямей, сваякоў за гэты час пагоршылася. Другое тлумачэньне таго, што ў беларусаў здароўе і сям''я на першым месцы, і гэта, а не задаволенасьць ад працы, зьвязваюцца з адчуваньнем шчасьця, шчасьлівага жыцьця. Праца ня стала для бальшыні зь іх сродкам самарэалізацыі, як гэта адбываецца на Захадзе. Там шмат людзей займаюцца прыватным бізнэсам, і ад іх саміх залежыць іхны лёс. У нас жа прыкладна 80% насельніцтва працуе ў дзяржаўным сэктары. А гэта азначае, што чалавек у эканамічным сэнсе ад сябе не залежыць. Ён залежыць ад дзяржавы".
XS
SM
MD
LG