Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Галіна Русак


Уладзімер Арлоў, Менск 24.5.1930, Наваградак — 14.9.2000, Сомэрсэт, Нью-Джэрзі, ЗША

У яе амэрыканскім доме мяне найперш уразіла калекцыя індзейскае керамікі. Тады й зрабілася зразумелым, адкуль у карцінах спадарыні Галіны, нават у выявах беларускіх сьвятых, гэтыя нязвычныя эўрапейскаму воку дэкаратыўныя матывы. Я ня даў волі фантазіі і ня стаў уяўляць, якія думкі й аналёгіі маглі ўзьнікаць у беларускай мастачкі падчас шматлікіх вандровак па архіпэлягу індзейскіх рэзэрвацыяў.

Наваградчанка Галіна Русак (у дзявоцтве Родзька) у 19 гадоў апынулася ў ЗША. Там яна з ступенямі магістра бібліятэчных навук і гісторыі мастацтва скончыла заснаваны яшчэ ў каляніяльны пэрыяд Ратгерскі ўнівэрсытэт, дзе пазьней была дырэктарам мастацкай бібліятэкі. (Дарэчы, у той самай alma mater пачынаў навуковую кар’еру біяхімік беларус Аўген Вярбіцкі, спэцыяліст у захаваньні ежы, які быў адказны за харчаваньне першай касьмічнай экспэдыцыі на Месяц.) Там сталася вядомай дзяячкай нашай дыяспары і агульнаамэрыканскага руху за правы жанчын.

Але яе сапраўдным пакліканьнем было мастацтва — жывапіс і графіка, у якіх Галіна працавала ў імпрэсіяністычнай манэры. Беларусь прысутная у многіх ейных пэйзажах (“Буслы ў палёце”, “Курган”, “Папараць-кветка”), нават калі там, на першы погляд, адлюстраваная Амэрыка. Згукі далёкае Радзімы гучаць у яе творах “Эўфрасіньня Полацкая”, “Голас продкаў”, “Пагоня”... “Як мастачка,— пісала Галіна Русак,— я зацікаўленая ў перахоўваньні сымбалічнай мовы Беларусі і ў пашырэньні яе сродкамі сучаснай мастацкай тэхнікі паміж гледачоў замежжа”.

З усіх сваіх шматлікіх выставаў у ЗША ды іншых краінах, найдаражэйшаю спадарыня Галіна да апошніх дзён лічыла адзіную пэрсанальную выставу 1992 году ў незалежнай Беларусі.

Яе няма, але ў небе над Наваградчынай кружляюць ейныя буслы.
XS
SM
MD
LG