Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 15 жніўня


Севярын Квяткоўскі, Менск Прывітаньне, з вамі “Начная АБЛОГа” і Севярын Квяткоўскі.

На форумах TUT.BY абмяркоўваюць пляны ўладаў абмежаваць працу дыскатэк і начных бараў да 2 гадзінаў начы. Цяжка знайсьці карыстальніка, які б ухвальна адгукнуўся пра ініцыятыву, што сыходзіць ад МУС, якое спасылаецца, што ў начных установах квітнее продаж наркотыкаў і бандытызм:

Удзельнік Beorin піша: “Ды так можа ёсьць сэнс наагул забараніць людзям выходзіць на вуліцу. Там жа наркотыкі можна набыць. Калі яны ўжо навучацца працаваць з прычынай, а не з наступствам?” Карыстальнік aklm працягвае: “Вы, вельмі шаноўная і шматлікая міліцыя, створаныя для таго, каб забясьпечваць спакой, у тым ліку грамадзянаў, якія адпачываюць! Забараніць – гэта самае простае!”

Міністэрства абароны РБ абвясьціла конкурс на лепшыя "творы літаратуры і мастацтва”, прысьвечаныя 90-годзьдзю Ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь (цытую): "Конкурс будзе ладзіцца да 1 лютага 2008 г. Цягам месяцу па заканчэньні конкурсу адбудзецца ўзнагароджаньне пераможцаў і ўручэньне грашовых прэміяў”.

У журы будуць браць удзел такія дзеячы культуры як Ігар Лучанок, Аляксей Дудараў, Аляксандар Яфрэмаў ды іншыя.

Блогер Алякс разважае пра мэнталітэт беларускага грамадзтва: “Для нас зьмяніць веру, ці гэрб, ці дзяржаву – што раз плюнуць. Калі зараз далучаць да Расеі – дык усе зробяцца "рюсскімі са знакам качаства". Калі прыйдуць да ўлады нацыяналістыя (гучыць фантастычна) - дык ўсе загамоняць на беларускай мове, пісаць пачнуць лацінкай, большасьць праваслаўных навярнецца ў вунію ці аўтакефалію... І так да чарговай зьмены ўлады”.

Інтэрнэтрэаліі сустракаюцца ўсё часьцей у творчасьці сучасных літаратараў. Так у новым вершы гомельскага творцы Сяргея Балахонава душэўныя перажываньні выяўляюцца сярод іншага з дапамогай спэцыфічнай “кампутарнай” лексыкі. Пачатак вершу Ліпеньская лірыка гучыць так:

“На пяць хвілін ты спозьнішся ў рэал, спытаеш аб рэестры кандыдатак, падорыш смайл, найлепшы ў сьвеце смайл, і я забуду цішу, лад, парадак ледзь-ледзь інсталяваныя ў душы зь пірацкіх дэмак... Бачаш, як бывае? Ня твой, ня твой я... Хоць і не чужы...”

А поп-рок-гурт ”J_морс" анансуе свой чарговы інтэрнэт-сынгл пад назвай “Не памірай”. Ад 22 жніўня можна будзе спампаваць новыя песьні: напрыклад новыя вэрсіі расейскамоўнай песьні “Не памірай” і беларускамоўнай “Паветра”. Пазначаецца, што гэтыя кампазыцыі ў дадзеных вэрсіях не будуць выдавацца нідзе, апроч інтэрнэт-сінглу. Ну а пакуль аматары творчасьці гурту могуць спампаваць на сайце ”J_морс" іншыя музычныя творы, напрыклад, песьню “Так-цік-так”:

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG