Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Падарожжа Свабоды: Чарнагорыя (фотарэпартаж)</B>


Сяргей Астраўцоў, Чарнагорыя Рэальна напачатку пляжнага сэзону на мапе Эўропы зьявілася новая асобная краіна, паколькі Чарнагорыя выйшла з супольнасьці з Сэрбіяй. На рэфэрэндуме пры канцы траўня за гэта прагаласавалі 55 адсоткаў выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у плебісцыце. Як ні дзіўна, гэта не спалохала беларусаў, якіх чым шчыльней хочуць прывязаць да Расеі. У сярэдзіне лета, як казалі ў турагэнцтвах, пуцёўкі ў Чарнагорыю сталі “нарасхват”. Гэтую краіну наведаў наш карэспандэнт.



Самалёты “Белавія” прызямляюцца ў невялікім аэрапорце Ціват, што на беразе Каторскай бухты. Чарнагорцы ганарацца тым, што яна — адзіны ў паўднёвай Эўропе прыклад ф’ёрдаў нарвэскага ўзору. На здымку: Каторская бухта з акенца Ту-154.



Дарэчы, адносна невялікая краіна мае ўласную авіякампанію. На здымку — яе офіс у цэнтры турзыму г.Будва, што на беразе Адрыятычнага мора.



Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці над старой фартэцыяй у Будве быў узьняты дзяржаўны сьцяг Чарнагорыі. Цікава, што ён цалкам чырвоны з выявай дзьвюхгаловага арла расейскага ўзору, таксама з сымбалямі царскай улады ў лапах, праўда, на грудзях шчыт, у якім выява льва. У продажы адразу зьявіліся чарнагорскія сьцяжкі коштам чатыры эўра, такі можна паставіць на стале альбо павесіць над ім. Некаторыя адпачыньнікі купляюць тандэтныя ручнікі для пляжу у выглядзе сьцягу, каштуюць яны ўсяго пяць эўра.



Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што стала больш паліцыянтаў у параўнаньні зь мінулым годам, яны сталі заўважнымі на вуліцах. У іх выдатная экіпіроўка і новыя аўтамабілі, нумары з гербам першымі атрымалі паліцыянты.





У гадзіны пік на скрыжаваньнях зьяўляюцца паліцыянты, каб рэгуляваць рух. Цікава тое, што сьветлафоры не адключаюць, і рэгуліроўшчык дае каманды, не зважаючы на зялёнае і чырвонае сьвятло. Дэзарыентаванымі застаюцца пешаходы, пагатоў што кіроўцы ня вельмі любяць прапускаць іх, як нярэдка бывае ў паўднёвых краінах.



Галоўным прыхільнікам незалежнасьці стаў прэм’ер-міністар Міла Джуканавіч. Ён зазначыў, што спроба стварыць агульную дзяржаву з Сэрбіяй была ня вельмі плённай, бо ня можа быць раўнапраўным саюз дзьвюх рэспублік, адна зь якіх, Сэрбія, у некалькі разоў большая па тэрыторыі за другую (паводле дадзеных Беларускай энцыкляпэдыі — амаль у сем разоў). Пагатоў, Чарнагорыя нават мае іншыя ад сэрбскіх дынараў грошы. Дзякуючы таму, што яна сваім часам зрабіла дойчмаркі сваёй валютай, Чарнагорыя потым аўтаматычна трапіла ў зону эўра. Прэм’ер таксама падкрэсьліў, што саюз дзьвюх краінаў існаваў па сутнасьці толькі на паперы. Стратэгічныя мэты новай незалежнай краіны — далучыцца да Эўразьвязу і да НАТО. На здымку: вулічны мастак агітуе мінакоў замовіць уласны партрэт за 30 эўра з партрэтам прэм’ер-міністра, які нібыта таксама пазіраваў яму.



Чарнагорыя — адкрытая для замежнікаў краіна, віза не патрабуецца, яе замяняе “аэрапортны збор” — 15 эўра з асобы, які трэба заплаціць, калі пакідаеш чарнагорскую зямлю. Час — адрозны ад беларускага на адну гадзіну. На здымку — вулічны гадзіньнік з выявай сымболя Будвы, гэта —дзьве рыбы.



Беларусам, небагатым на архітэктурныя помнікі, сярэднявечны горад Будва за абарончымі мурамі і з фартэцыяй проста ня можа не падабацца. Кожны вечар ходзіш там напраўду вельмі вузкімі вулкамі, паміж якімі ў падворках бары і кавярні, і гэта не надакучвае. Кожнага разу знаходзіш штосьці новае—атэлье мастака, адкрытае для наведнікаў, кнігараньку альбо нават ляпідарый — пад пальмамі сад архітэктурных элемэнтаў—часткі калёнаў і статуй. Месца гэтае вядомае з антычных часоў. Знойдзеныя архэолягамі антычная кераміка, посуд ды іншыя рэчы можна ўбачыць ва ўтульным музэйчыку. Таксама можна наведаць старую фартэцыю, у якой вялікі кнігазбор у шафах, убачыць старыя гарматы, узьняцца наверх і агледзець горад і ўсё навакольле. Так выглядае Stari Grad на адлегласьці і зблізку.





Вада ў моры тут чыстая, празрыстая і, канечне, звычайна цёплая. Праўда сёлета штормам прыгнала халодныя плыні і пару дзён хвалі папросту апякалі. Здавалася нават, што ты трапіў на Балтыку, прычым у не найлепшы час. Затое мора ў Чарнагорыі вельмі салёнае, добра трымае плыўцоў.





У краіне афіцыйна выкарыстоўваецца і лацінскі шрыфт, і кірылічны, нават на будынку Скупшчыны—мясцовага парлямэнту ў Падгорыцы існуе шыльда на кірыліцы. Аднак разам з тым бачна, што Чарнагорыя—гэта краіна лацінкі. Кірылічныя шыльды, надпісы сустракаюцца прыблізна гэтак жа рэдка, як беларускамоўныя—у беларускіх гарадах. Што праўда, друкаваныя аб’яўкі аб сьмерці гараджанаў, што вывешваюцца на вулічных дошках абвестак, заўжды выкананыя кірылічным шрыфтам.

Расейцам ды нашым рускамоўным землякам падабаецца, што чарнагорцы нярэдка разумеюць і размаўляюць па-расейску. Хаця часам нашыя стараюцца паразумецца па-ангельску, гэтая мова ўсё больш распаўсюджваецца асабліва сярод тых, хто абслугоўвае турыстаў. Галоўнае ня мець комплексаў, можна выкарыстоўваць, напрыклад, і свае веды ў польскай. Расейцаў заахвочваюць тым, што сэрбская мова нібыта вельмі падобная да расейскай. Але гэта ілюзія, апроч стараславянскіх слоў, сустракаюцца ў мове чарнагорцаў некалькі штодзённых, агульных з расейцамі—“да, опростите, приятно, изволитэ”. Тым часам чым не па-беларуску гучыць “коліко то кошта?”—“колькі гэта каштуе?”



Некалькі разоў я быў зьдзіўлены, бачачы як на вуліцы сустракаліся сваякі ці блізкія сябры-мужчыны, яны цалаваліся пры ўсіх тройчы па-праваслаўнаму, рыхтык Леанід Ільліч Брэжнеў.



Кормяць чарнагорцы смачна і накладаюць у талеркі звычайна па-заходняму, прынамсі так, як палякі. Мясныя стравы ў пляжнай экспрэс-рэстарацыі ўвогуле недарагія—па два з паловай-тры эўра. У параўнаньні зь леташнім багацейшым стаў выбар вінаў, апроч чарнагорскіх, можна набыць харвацкія, басьнійскія, сэрбскія, за тры-пяць эўра трапляюцца вельмі дыхтоўныя гатункі.



У беларускіх крамах процьма малдаўскага віна, на якім пазначана, што яно “9-12 градусаў”, што не выклікае ніякага жаданьня яго купляць. У Чарнагорыі іншая дакладнасьць: на пляшцы можа быць пазначана, што віно “жалезна” мае моц 12,1 градуса.

У старой Будве за крэпаснымі сьценамі штогод у ліпені і жніўні праводзіцца фэст пад назвай “Горад-тэатар”: прыяжджаюць мастакі, пісьменьнікі, ставяцца п’есы пад адкрытым начным небам. Летась ухіл быў у антычнасьць: Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід. На здымку: сустрэча з пісьменьнікам Зоранам Жыўкавічам, на камені—ягоныя кнігі.



На маленькім пляцы ставяць крэслы для чытачоў, сустрэчы, спэктаклі здымае мясцовае тэлебачаньне, студыя якога таксама знаходзіцца ў Старым горадзе.



Увечары на набярэжнай прадаецца сьвежая рыба з Адрыятычнага або Ядранскага, як называлі яго мясцовыя славяне, мора. Але згатаваць яе, на жаль, не было магчымасьці, на віле ў нашым пакоі была электраплітка і турка—гатаваць каву, іншае не прадугледжвалася.



Сьмелая вулічная рэкляма крамкі ў Старым горадзе прыцягвае увагу мінакоў.



Так, стэрэатыпы нярэдка абвяргаюцца жыцьцём: расейцы нічога не разумеюць па-сэрбску, а чарнагорцы тым часам маюць звон, прынамсі, ня меншы ад славутага маскоўскага “цар-звону”. Прычым яны гэтым зусім ня пышацца, хаця, між іншым, у адрозьненьне ад маскоўскага, іхні звон не расколаты—хоць бяры і звані, калі здолееш узьняць на званіцу.



Мне, як беларусу, было вельмі ўтульна ў Будве, дзе бераг называецца “Славянскім пляжам”, і існуе гатэль-кампус з такой жа назвай. Сапраўды, на пляжы можна пачуць розныя славянскія мовы і адчуць сябе ня проста “малодшым братам рускага брата”, але адным з прадстаўнікоў разнастайнага славянскага мора. Парадавацца, што за другім разам пачынаеш паступова разумець, што гавораць чарнагорцы і што яны пішуць, табе робяцца даспадобы балканскія сьпевы, і па вяртаньні дома ты штодня ўключаеш балканскі музычны канал, што, праўда, перадае не з Падгорыцы, а з Сараева.

І, між іншым, успамінаецца, як у школе ты выпісваў баўгарскі часопіс пра паштовыя маркі, а ва унівэрсытэце, вывучаючы журналістыку, купляў “Політыку” і “Борбу” — проста зь Бялграду, хацелася разумець — пра што пішуць газэты, з краіны, якая была не зусім савецкай. Трапіць туды самому надзеі тады асаблівай не было. Але часы зьмяняюцца.
XS
SM
MD
LG