Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>Культурны слой Верхняга гораду вывозіўся на сьметнік (фотарэпартаж)</B>


Ганна Соўсь, Менск На тэрыторыі Верхняга гораду працягваецца будаўніцтва Духоўна-адукацыйнага цэнтру Беларускай праваслаўнай царквы (Менскай духоўнай акадэміі). Ад канца ліпеня археолягі Інстытуту гісторыі вядуць нагляд за будаўнічымі працамі. Раней жа, цягам усяго бягучага году, як сьцьвярджае археоляг Сяргей Тарасаў, археалягічны нагляд за будаўніцтвам фактычна ня вёўся, і на сьметніцу быў вывезены пяцімэтровы “культурны слой” з матэрыяламі 12–13 стагодзьдзя.

На пляцоўцы адразу бачу нядаўна ўзьведзены першы будынак будучай Менскай духоўнай акадэміі. Цяпер будаўнікі забіваюць палі пад корпус, які паўстане побач з муляжом дому №27 па вуліцы Гандлёвай, закладзенага ў 19-м стагодзьдзі й зьнесенага летась, нягледзячы на пратэсты грамадзкасьці.

Я спускаюся ў глыбокі катлаван, дзе працуюць археолягі Інстытуту гісторыі Юры Заяц і Андрэй Вайцяховіч. Усе працы яны праводзяць пераважна ў абедзенны перапынак, бо астатнім часам вельмі гучна працуюць будаўнічыя машыны. Андрэй Вайцяховіч паказвае мне сёньняшнія знаходкі – усе яны, збольшага, 17-га стагодзьдзя.

(Вайцяховіч: ) “Часам зачысткі было знойдзена шмат костак жывёл і фрагмэнты керамікі – ручка ад гаршчка, пакрытага зялёнай палівай, фрагмэнт пячной кафлі з арнамэнтам…”

Нядаўна тут былі знойдзены й чалавечыя пахаваньні канца 18-га – пачатку 19-га стагодзьдзя, – працягвае археоляг Юры Заяц.

(Заяц: ) “Усе гэтыя косткі – як нам казалі – будуць перазахаваны ў адпаведнасьці з хрысьціянскім абрадам на могілках Жыровіцкага манастыра”.

Стоячы блізу рэштак падмурку дому №27 па вуліцы Гандлёвай, я гутару са спадаром Зайцам пра тое, што цяпер археолягі толькі праводзяць нагляд за хадой будаўнічых работ, а трэба ж было правесьці археалягічныя раскопкі перад будаўніцтвам.

(Заяц: ) “Закон аб ахове помнікаў практычна не працуе. Участак адвялі. Тут не спрацавалі органы аховы. Магчыма, калі б таму самаму заказчыку сказалі, што спачатку тут некалькі гадоў будуць корпацца археолягі, і толькі потым пачнецца будаўніцтва, то можа, ён папрасіў бы іншы ўчастак”.

Тым ня менш, у 2004–2005 гадах на замову Менскай Эпархіі тут часткова праводзіла археалягічныя досьледы прадпрыемства “Менскрэстаўрацыя”, і ладзіў іх вядомы беларускі археоляг Пётар Русаў.

Далей сытуацыю тлумачыць супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук РБ археоляг Сяргей Тарасаў.

(Тарасаў: ) “Мусілі заключаць дамовы на працяг такіх дасьледаваньняў на гэты год. Але Пятру Аляксандравічу адмовілі ў выдачы такога дазволу, і фактычна ад пачатку будаўнічых работ ніякага археалягічнага нагляду там не вялося. Культурны слой, які дасягае месцамі 5-ці й болей мэтраў, папросту вывозіўся на сьметнік. Натуральна, – з тымі артэфактамі, якія там захоўваліся. У ліку іх былі й драўляныя канструкцыі 17–18 стагодзьдзя. Са сьведчаньня вядомага археоляга Георгія Штыхава, там ёсьць матэрыялы нават 12 і 13 стагодзьдзя”.

Сам жа ўдзельнік раскопак, археоляг Пётар Русаў цьвердзіць, што сёлета да канца ліпеня археалягічныя дасьледаваньні на гэтым месцы ўвогуле не вяліся.

(Русаў: ) “У мяне знаходак было летась паўтары тысячы. А пазалетась – чатыры з паловай тысячы. Замест таго, каб даць грошы, каб зладаваць сховішчы для знаходак, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце, фактычна сарваліся ўсе археалягічныя дасьледаваньні на гэты год у Менску”.



Першы ўзьведзены будынак Менскай духоўнай акадэміі - муляж дому №27 па вуліцы Гандлёвай



Плян пабудовы Духоўна-асьветніцкага цэнтру



Катлаван побач з домам №27 па вуліцы Гандлёвай, адкуль быў вывезены на сьметнік “культурны слой”



Археоляг Андрэй Вайцяховіч за работай



Рэшткі старажытных падмуркаў па вуліцы Гандлёвай



Знойдзеная сёньня сківіца жывёліны
XS
SM
MD
LG