Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вабіць Расея беларускіх расейцаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Напрыканцы чэрвеня расейскі прэзыдэнт Пуцін зацьвердзіў дзяржаўную праграму, якая стымулюе перасяленьне этнічных расейцаў на радзіму. Паміж іншага, для іх будзе спрошчана працэдура атрыманьня грамадзянства, часткова кампэнсуюцца страты на пераезд. Ці закране гэты працэс Беларусь?

Міграцыя этнічных расёйцаў зь Беларусі ў Расею можа павялічыцца – лічаць тыя прадстаўнікі расейскай дыяспары, хто займаецца бізнэсам. Паводле іх, прычынай стане найперш розьніца ва ўмовах разьвіцьця эканомікі.

Паводле перапісу насельніцтва Беларусі 1999 году, да 11% грамадзянаў краіны назвалі сябе расейцамі. Як гэтыя людзі адрэагуюць на новыя магчымасьці эміграцыі ў Расею, якія адкрыліся пасьля нядаўняга Ўказу прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна?

У амбасадзе Расеі ў Беларусі пакуль не бяруцца ацаніць настрой беларускіх расейцаў што да новых пэрспэктыў ад’езду на радзіму. Першы сакратар амбасады Аляксандр Ламакін , які курыруе кантакты з суайчыньнікамі, ня ўзяўся вызначыць колькасьць тых, каго можа зацікавіць Указ расейскага прэзыдэнта. Спадар Ламакін патлумачыў, што расейскі Закон аб суайчыньніках надае ўсім былым грамадзянам Савецкага Саюзу вельмі шырокія правы на расейскае грамадзянства, таму патэнцыйна ахвочых зьехаць у Расею можа быць шмат.

“Але рэальных настрояў мы не вывучалі”, – сказаў дыплямат.

Зь беларускіх афіцыйных дадзеных, да 10 тысяч грамадзянаў Беларусі штогод зьяжджае працаваць у Расею кантрактнікамі. Памеры нелегальнай працоўнай міграцыі ацэньваюць па-рознаму. Вядомы расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў казаў пра мільён мігрантаў зь Беларусі, якія зарабляюць грошы на расейскіх абшарах і вяртацца не зьбіраюцца. Беларускія экспэрты кажуць пра 300–500 тысяч чалавек.

На думку экспэртаў, кожны другі працоўны мігрант сапраўды можа скарыстаць праграму перасяленьня для набыцьця расейскага грамадзянства. Адзін з кіраўнікоў грамадзянскага аб’яднаньня “Расея-Беларусь”, Артур Красноў, пагаджаецца, што Ўказ Уладзіміра Пуціна падштурхне міграцыю ў Расею, якая з эканамічных прычынаў сасьпела.

(Красноў: ) “Вось я нядаўна атрымоўваў пашпарт у расейскім консульстве й пытаўся ў людзей у чарзе, дзе ім лепей жыць. Казалі: так, тут спакайней, але эканамічна ім было б у Расеі лепш”.

Артур Красноў заўважыў, што беларуская афіцыйная прапаганда падае аднабаковыя зьвесткі як пра Беларусь, гэтак і пра Расею: “Тут ўсё квітнее, а там страйкі ды надзвычайныя становішчы”. Зь меркаваньня расейскага прадпрымальніка, гэта штучна стрымлівае патэнцыйных мігрантаў у Расею.

Уладзімер Ільлюк, які ў Беларусі кантактуе з расейскімі бізнэсмэнамі, кажа пра іхнае зьдзіўленьне тымі парадкамі, у якіх даводзіцца працаваць беларускім прадпрымальнікам.

(Ільлюк: ) “Расейскія бізнэсмэны, якія тут зьбіраюцца спыніцца, ходзяць з такімі рыбінымі вачыма й зьдзіўляюцца, як мы тут жывём, як рэагуем на прынцып аднаго вакна ды на ўсю гэтую бюракратыю, якая паўсюдна – ад моргу да адміністрацыі прэзыдэнта”.

На думку беларускага бізнэсоўца, актыўныя грамадзяне Беларусі расейскага паходжаньня фэдэральнай праграмай перасяленьня абавязкова зацікавяцца.

Расейскі журналіст Андрэй Фамін, які шмат гадоў жыве ў Беларусі, мяркуе, што праграмай таксама могуць зацікавіцца тыя, хто выехаў з азіяцкіх і каўкаскіх рэспублік і ўладкаваўся ў Беларусі, асабліва – у раёнах, пацярпелых ад Чарнобылю. Але наагул, паводле Андрэя Фаміна, расейская праграма перасяленьня найбольш скіравана менавіта на жыхароў паўднёвых рэспублік, і прыкметных наступстваў для Беларусі яна мець ня будзе.

(Фамін: ) “Калі б тут была галеча, ці міжэтнічныя канфлікты. Але гэтага няма. Таму наўрад ці шмат людзей паедзе”.
XS
SM
MD
LG