Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сочы распачаўся нефармальны саміт ЭўрАзЭС


Радыё Свабода Сёньня ў Сочы пачынае працу нефармальны саміт ЭўрАзЭС. У ім бярэ ўдзел кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які гэтымі днямі адпачывае на расейскім узьбярэжжы Чорнага мора. На сустрэчы будуць абмеркаваны, у паасобку, пытаньні фармаваньня мытнай прасторы й агульнага энэргетычнага рынку.

З ініцыятывы беларускага боку на саміце плянуецца разгледзець пытаньне фармаваньня агульнага энэргетычнага рынку. Яно закранае стварэньне агульнага рынку нафты й газу, электраэнэргіі, сумеснае асваеньне нафтагазавых радовішчаў, фармаваньне тарыфнай палітыкі транзыту нафтагазавых рэсурсаў. Афіцыйны Менск спадзяецца на распрацоўку дамоўленасьцяў у гэтай сфэры ўжо да канца бягучага году.

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, беларускі бок паспрабуе скарыстаць гэты саміт для вырашэньня сваіх пытаньняў – у зьвязку з падвышэньнем коштаў на расейскі газ.

(Фёдараў: ) “Можна чакаць такога. Я ня ўпэўнены, што гэта атрымаецца, што ўдасца, ува ўсялякім разе, хаця пакінуць сёньняшнія кошты ці ўзьняць іх – на 10–15 працэнтаў, як прапаноўваў беларускі бок. Але тое, што спробы будуць рабіцца, можна лічыць безумоўным”.

Паводле эканаміста Тацяны Манёнак, беларускі бок намагаецца дывэрсыфікаваць пастаўкі электраэнэргіі.

(Манёнак: ) “Цяпер мы крыху маем гэтыя пастаўкі й з Украіны, ня толькі з Расеі. Але ж хацелі б мець і з Казахстану й іншых краін. Ды вельмі цяжка гэта зрабіць. Таму што Расея чыніць нейкія перашкоды, даводзіць, што гэта немагчыма”.

Памочнік кіраўніка Беларусі Валянцін Рыбакоў заявіў журналістам, што беларускі бок выступае за хутчэйшую распрацоўку дакумэнтаў у стварэньні Мытнага саюзу, а падпісаньне іх можа адбыцца ў першай палове 2007 году. Стварэньне Мытнага саюзу прадугледжвае адзіны тарыф на ўсе тавары, межы ЭўрАзЭС з аднолькавымі правіламі й адзіным прынцыпам рэгуляваньня мытна-тарыфнай палітыкі.

Эканаміст Тацяна Манёнак пра інтэграцыю ў:

(Манёнак: ) “Спачатку сапраўды многія думалі, што ЭўрАзЭС больш хутка можа вырашыць пытаньні датычна краін, якія туды ўваходзяць. Але ж калі на практыцы яны паспрабавалі гэта зрабіць, аказалася, што пытаньняў і праблем даволі многа. Таму зрухаў нейкіх, такіх істотных, я пакуль што ня бачу”.

У саміце таксама бярэ ўдзел кіраўнік ураду Ўкраіны Віктар Януковіч, які мае абмеркаваць з расейскім кіраўніцтвам пытаньні паліўна-энэргетычнага супрацоўніцтва й памяншэньня цаны на расейскі газ. Перад ад’ездам у Расею спадар Януковіч выказаўся супраць прыватызацыі газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны – гэта, зь ягонага перакананьня, не адпавядае нацыянальным інтарэсам краіны. Віктар Януковіч заявіў: “Колькі я буду працаваць, гэта сыстэма будзе ўласнасьцю Ўкраіны”.
XS
SM
MD
LG