Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе выпускнікі коласаўскага ліцэю паступілі ў ВНУ


Любоў Лунёва, Менск Калектыў зьліквідаванага ўладамі гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа падсумоўвае вынікі ўступных экзамэнаў. Палова сёлетніх выпускнікоў ліцэю паступілі ў замежныя навучальныя ўстановы, астатнія – у беларускія дзяржаўныя ўнівэрсытэты. Выкладчыкі ліцэю канстатуюць, што іхныя навучэнцы прадэманстравалі высокі ўзровень адукацыі.

Тры гады таму Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа зьліквідавалі паводле загаду Міністэрства адукацыі. Калектыў пазбавілі будынку на вуліцы Кірава. Але ліцэй захаваўся й перайшоў на нелегальнае становішча.

Сёлета з 28 выпускнікоў коласаўскага ліцэю 14 чалавек паступілі ва ўнівэрсытэты Польшчы. Да іх далучыліся трое выпускнікоў, якія летась скончылі ліцэй і вучыліся ў беларускіх унівэрсытэтах. Яшчэ некалькі чалавек паступілі ў каледжы Нарвэгіі й Італіі. 12 выпускнікоў пасьпяхова здалі ўступныя іспыты ў беларускія ўнівэрсытэты. Гаворыць дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас:

(Колас: ) “Вельмі пасьпяхова яны здалі экстэрнам свае выпускныя экзамэны –і пацьвердзілі ліцэйскі ўзровень у часе здачы ўступных іспытаў. Дастаткова назваць такі факт, што сярэдні прахадны бал ува ўнівэрсытэт быў 23, а ў нашых выпускнікоў сярэдні бал – 34. Гэта сьведчыць пра ўзровень ліцэйскай адукацыі. Некаторыя паступілі ня толькі на гуманітарныя спэцыяльнасьці, а ў радыётэхнічны й нават у політэхнічны інстытуты”.

Спадар Колас паведаміў “Свабодзе”, што сытуацыя сёлета ня зьменіцца, і ліцэй будзе працягваць працу ў нелегальных умовах.

(Колас: ) “Пэрспэктывы, на вялікі жаль, пакуль што не мяняюцца. Мы ведаем, што ў будынку ліцэю быў праведзены нарэшце рамонт і нарэшце знайшлася ўстанова, якая не пагрэбавала і ў якой хапіла сумленьня ўвайсьці ў будынак, адабраны ў дзяцей, адабраны ў будучыні Беларусі. Гэтая ўстанова называецца суд Цэнтральнага раёну”.

Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі лічыць, што былыя ліцэісты будуць працаваць на Беларусь, незалежна ад месца іхнага знаходжаньня.

(Баршчэўскі: ) “Творчая праца, праца гуманітарыя не залежыць ад фізычнага месца знаходжаньня чалавека. Можна, седзячы за мяжой, дзякуючы інтэрнэту, дзякуючы яшчэ шмат чаму, быць у курсе таго, што робіцца ў духоўным жыцьці, удзельнічаць у гэтым, пісаць творы, выкладаць, пісаць падручнікі, рабіць інтэрнэт-старонкі, выконваць розныя праекты”.

Выпускніца Ліза Патоцкая паступіла ў каледж у Нарвэгіі. Ейная маці лічыць, што дачка заслужыла вучобу ў замежжы. Гаворыць Марыя Патоцкая:

(Патоцкая: ) “Паехаць туды вучыцца ня надта лёгка. Трэба было здаць 15 іспытаў, празь дзень. Гэта вытрымае ня кожны вучань. Дзеці, якія едуць з нашага ліцэю вучыцца за мяжу, – упэўнена – усе вернуцца. Але, каб яны сюды вярнуліся, мы, дарослыя, бацькі, павінны стварыць неабходныя ўмовы для вяртаньня на Радзіму. Пад час выбарчай кампаніі колькі маладых людзей было выключана з ВНУ, кінута ў турмы! Бацькі насілі ім перадачы… Я ўвесь час думала: “А дзе ж былі бацькі?” Бацькі якраз павінны рабіць сьветлую будучыню сваім дзецям, а не спадзявацца на дзяцей”.

Напрыканцы жніўня адбудзецца дадатковы набор абітурыентаў для здачы экзамэнаў на першы, другі й трэці курсы зьліквідаванага ўладамі ліцэю. Сёлета сярод абітурыентаў быў конкурс два з паловай чалавекі на месца.
XS
SM
MD
LG