Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каралі раёну


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

На мяжы шасьцідзясятых і сямідзясятых гадоў у буйных гарадах сярод моладзі была завядзёнка: біцца раён на раён. І, адпаведна, тым часам сфармаваўся інстытут так званых “каралёў” раёну.

“Каралі” пачыналі сваё валадарства яшчэ ў малодшых клясах агульнаадукацыйных сярэдніх школаў: адбіралі капейкі ў аднагодкаў. Іх ставілі на міліцэйскі ўлік, а настаўнікі не маглі дабраць розуму – як дацягнуць маладых рэкеціраў да восьмае клясы. А дацягнуўшы, з палёгкай уздыхалі ды выпраўлялі ў якое-небудзь ПТВ. Да таго часу вакол свавольнікаў ужо гуртаваліся падлеткі, якіх ў міліцэйскіх зводках называлі “цяжкімі”.

“Кароль” насіў мянушку – як правіла, скарочаны варыянт прозьвішча. Вечарамі ўся каралеўская сьвіта зьбіралася дзе-небудзь у парку і чаплялася да мінакоў – хлопцаў свайго ўзросту. Звычайна пыталіся: “Ці ёсьць запаліць?” Калі мінак адказваў: “Няма”, – “кароль” падымаўся з лавы, рабіў, каб напужаць “кліента”, выпад рукой, і пытаўся ўжо больш рашуча: “А калі абшукаю?” У выніку ў хлопца адбіралі цыгарэты і давалі ладных кухталёў.

“Каралі” пастаянна дзялілі гарадзкую тэрыторыю. З тае прычыны моладзевыя групоўкі варагавалі міжсобку. Ну а канкрэтна адносіны між калегамі высьвятляліся на танцпляцоўцы. Адзін з “каралёў”, нібыта незнарок, піхаў другога плечуком і потым, азірнуўшыся, прамаўляў: “Магчыма, ты папросіш прабачэньня?” У адказ чуліся абразы і задзірака страшным голасам выдыхаў: “Паўтары!” Пасьля таго, разам са сваімі сьвітамі, “каралі” выходзілі з танцпляцоўкі і йшлі за бліжэйшыя кусты. Гэта называлася “пайсьці папрацаваць сам-насам”. Адразу дамаўляліся нагамі ня біць, а таксама ня біць ляжачага.

Часьцяком, убачыўшы, што ў спарынг-партнэра важкія кулакі, задзірака ішоў на міравую. Больш таго, абяцаў усялякую падтрымку, і каб канчаткова ўбіцца ў давер, гукаў, тыцкаючы пальцам у бок сваёй сьвіты: “Хто тут на цябе? Гэты? Альбо гэты?” І тыя, на каго ківаў “каралеўскі” палец, пужліва хаваліся за сьпінамі сябрукоў.

Міліцыя ведала пайменна кожнага “караля”, і наструнена чакала – калі яны каго прырэжуць ці згвалтуюць, каб потым выправіць у вязьніцу. На пачатку 70-х, калі шпанюкі канчаткова расьперазаліся, па рэспубліцы пракацілася хваля судовых працэсаў. Вярнуўшыся праз пару гадоў з аршанскай зоны, многія колішнія завадатары боек сьпіліся, іншыя завялі сем’і, і ніхто іх ужо не называў “каралямі”.
XS
SM
MD
LG