Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме Васіля Быкава распачаты Другі мастацкі пленэр


Радыё Свабода У Бычках на Ўшаччыне сёньня пачаў працу Другі мастацкі пленэр, прысьвечаны народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву. У роднай вёсцы клясыка беларускай літаратуры імпрэза мае доўжыцца тыдзень. Створаныя падчас пленэру працы стануць асновай перасоўнай выставы, экспазыцыю якой мяркуецца прэзэнтаваць 21 жніўня ў Бычках.

Мастацкі пленэр у Бычках адбываецца другі раз. Арганізатары вырашылі ладзіць такія імправізаваныя майстэрні раз на два гады. І пакуль графік вытрымліваюць. Ініцыятыва пленэру належыць Культурна-асьветнаму аб’яднаньню “Цэнтар імя Язэпа Драздовіча”. Старшыня аб’яднаньня Ада Райчонак распавяла, хто гэтым разам наведае Бычкі.

(Райчонак: ) “Хто пэрсанальна? Ігар і Аляксей Марачкіны, Алесь Шатэрнік, Уладзімер Сулкоўскі, Георгі Скрыпнічэнка, Генадзь Драздоў, Георгі Ліхтаровіч, Іван Лісіца, Уладзімер Вайноў, Вера Шышко, Янка Рамановіч, Юрась Платонаў ды яшчэ іншыя мастакі. Але будуць і пісьменьнікі: натуральна, дзядзька Рыгор (Барадулін) – ён увогуле тут самая галоўная асоба. Таксама Ўладзімер Някляеў, Уладзімер Сіўчыкаў, Зьміцер Бартосік, Лера Сом. Ну, і прывітаньне перадае Генадзь Бураўкін. Паводле стану здароўя, ён прыехаць ня можа, але душой з намі. А пазьней падцягнуцца яшчэ й іншыя, пра каго я, можа, нават і ня ведаю”.

Паводле папярэдніх разьлікаў, больш за 20 творцаў цягам тыдня будуць падарожнічаць у ваколіцах Бычкоў. Дарэчы, візыт ува ўшацкую сядзібу да згаданага спадарыняй Райчонак Рыгора Барадуліна азначаны асобным пунктам. З улікам хоць бы таго, што Барадулін і Быкаў былі ня толькі землякамі, але й сябравалі.

Наведаць Бычкі прапануюць і сваякам Васіля Быкава. Чакаецца, што завітае сюды Валянціна Быкава, сястра Васіля Ўладзімеравіча. У яе запытваю: чаму, на ейны погляд, улады нават пасьля сьмерці пісьменьніка не ўшанавалі належным чынам памяць пра яго?

(Валянціна Быкава: ) “Гм, ня хочуць. Дык за тое, што ён ня згодзен быў зь ягонай палітыкай. Не пагаджаўся зь ягонай палітыкай. Часта адкрыта выступаў супраць улады, як кіруе прэзыдэнт. Ну, дык і праўда, гэта ж увогуле абы што. Спад у эканоміцы паўсюдны. І факты кажуць пра тое ж: цэны растуць кожны дзень. А, прыкладам, пэнсія: разы тры на год, можа, і павялічыцца, і то – самае вялікае, на дзясятку за месяц. А кошты ж кожны дзень усё падвышаюцца й падвышаюцца”.

Аднавяскоўцы Быкава кажуць, што візыты вядомых пісьменьнікаў і мастакоў – справа патрэбная. Былы сусед сям’і Быкавых, пэнсіянэр Сямён Быкаў разважае: літаратура і мастацтва – якраз тыя дзялкі, якія цягам свайго жыцьця пасьпяхова асвойваў Васіль Быкаў.

(Сямён Быкаў: ) “Мы як па-суседзтву гадаваліся разам, дык ведаю: пісаць ён тут яшчэ тады не спрабаваў, затое быў скульптарам і маляваў вельмі добра. Пачаў вучыцца ў мастацкай вучэльні, яшчэ да вайны, а ўжо якраз у часе вайны пачаў і пісаць. Натуральна, і пасьля вайны. Але да вайны ён у нас нічога не напісаў”.

Паводле вынікаў тыднёвага гасьцяваньня ў Бычках мастакі мяркуюць наладзіць шэраг выставаў у розных месцах Беларусі. Экспазыцыю мяркуюць паказаць у перадапошні дзень працы пленэру, 21 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG