Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная Воля": "Беларуская сям''я і яе "бацька"


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы 15 жніўня

Пад рубрыкай "Азбука паліталёгіі" "Народная Воля" у аўторак публікуе артыкул "Беларуская сям''я і яе "бацька". Аўтар артыкулу Сяргей Нікалюк аналізуе "бацькоўскую мадэль пабудовы дзяржавы", цытуючы біяграфію кіраўніка краіны з афіцыйнага прэзыдэнцкага сайту: "Лукашэнка даражыць падтрымкай людзей і ганарыцца тым, што ў народзе яго называюць "бацька" - так заўсёды ў нас называлі людзей аўтарытэтных, мужна абараняўшых інтарэсы сям''і і абшчыны".

"Газэта Слонімская" ўздымае вельмі актуальную тэму крадзяжу жывёлы ў калгасах. Распавядае слонімскі журналіст Мікола Канановіч.

(Канановіч: ) "У ноч з 9 на 10 жніўня з фэрмы СПК "Рассвет" у вёсцы Смалжы зьніклі 4 цялушкі вагой прыкладна па 400 кіляграмаў кожная. Вартаўнік фэрмы ў тую ноч на месцы адсутнічаў. Вядзецца расьследаваньне. Варта адзначыць, што падобнае здарэньне мела месца на гэтай фэрме і раней. Тады скралі ажно 6 ладных цялят".

Слуцкі "Інфакур''ер" паведамляе, што выпускнік гімназіі №1 Мікіта Лесьнікоў бярэ ўдзел у міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы, якая сёньня пачынаецца ў Мэксыцы. Слуцкі гімназіст займае першае месца ў беларускім нацыянальным рэйтынгу юных праграмістаў.

Падобна, у Расеі дагэтуль няма адзінай думкі, па якіх коштах прадаваць Беларусі газ у наступным годзе. "Газпрам" яшчэ ў траўні даслаў Белтрасгазу кантракт з цаной ў 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. А Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі спрагназавала цану за газ для Беларусі ў 90 даляраў. Падрабязнасьці - у аўторкавым нумары "Комсомольской правды" в Белоруссии".

Інтэрнет-выданьне "Салідарнасьць": "Прадусары счапіліся з-за Падольскай". Нашу зорную суайчыньніцу перасьледуе злы рок: пасьля аўтакатастрофы і гібелі бацькі на Натальлю "звалілася" яшчэ адна напасьць. Яе былы прадусар Ігар Камініскі абвінавачвае цяперашніх апякуноў, акул расейскага шоў-бізнесу Іосіфа Прыгожына і Віктара Дробыша ў некамэтэнтнасьці і параўноўвае сьпявачку з трубой, адарванай ад патэфону, піша "Салідарнасьць".
XS
SM
MD
LG