Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сярод тых, хто жыве цяпер, мудраца няма…”


Радыё Свабода Да саміту Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, які пройдзе ў Менску ўвосень, група так званых “мудрацоў” рыхтуе плян рэфармаваньня гэтай арганізацыі. У групу “мудрацоў” уваходзіць па адным чалавеку ад кожнай з 12-ці краінаў-чальцоў арганізацыі. Ад Беларусі туды ўвайшоў былы кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі, экс-міністар замежных спраў Урал Латыпаў. “Каго ў Беларусі, на ваш погляд, можна назваць мудрацом?” Такое пытаньне нашая карэспандэнтка задала людзям на менскіх вуліцах.

(Дзяўчына: ) “Якуба Коласа. Таму што ён добры пісьменьнік і добры сын беларускай зямлі”.

(Спадарыня: ) “Калі браць з гісторыі, то гэта Скарына. І яшчэ мне падабаюцца вершы Петруся Броўкі…”

(Хлопец: ) “Як бачу, толькі наш прэзыдэнт!”

(Спадар: ) “Мабыць, Францыск Скарына. І Васіль Быкаў – мудрэц сучаснасьці …”

(Дзяўчына: ) “Гусоўскі. Бо пісьменьнік альбо паэт нясе нейкую думку. Таму Гусоўскі і зьяўляецца мудрацом!”

(Спадарыня: ) “Сімяон Полацкі. Я б не назвала іх мудрацамі, але мне падабаецца пазыцыя нашых пісьменьнікаў Васіля Быкава і паэта Ніла Гілевіча…”

(Хлопец: ) “Францыск Скарына. Потым – Машэраў. Я лічу, што калі іх імёнамі называюць вуліцы, то, мабыць, чымсьці яны заслужылі павагу. Якуб Колас, Янка Купала, Мікола Гусоўскі – вялікія людзі!”

(Дзяўчына: ) “Можна пісьменьнікаў назваць мудрацамі. Мудрацоў беларускіх я, напрыклад, не ведаю. А выбітных пісьменьнікаў, як мы ў школе вывучалі, шмат. Мне вельмі Быкаў падабаецца, Караткевіч”.

(Хлопец: ) “Наколькі я ведаю і наколькі мы вучылі ў школе, гэта былі Янка Купала і Якуб Колас. Ну і Максім Багдановіч. Максім Танк таксама… Самыя вядомыя людзі нашай зямлі...”

(Спадар: ) “Я б, напэўна, Машэрава назваў бы… А сярод тых, хто жыве цяпер, пакуль ня бачу такога чалавека…”
XS
SM
MD
LG