Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як праводзяць “мёртвы сэзон” былыя ўдзельнікі прэзыдэнцкіх выбараў?


Радыё Свабода Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў адпачынку ў Сочы. Адпачынак ён плянуе сумясьціць зь нефармальнай сустрэчай кіраўнікоў краінаў Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, якая пачынаецца сёньня і працягнецца да 17-га жніўня. Тэрміны адпачынку Аляксандра Лукашэнкі афіцыйна не падаюцца, але вядома, што пасьля 17-га ён яшчэ не зьбіраецца пакідаць Сочы. Наш карэспандэнт пацікавіўся, як адпачываюць іншыя ўдзельнікі сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч цяпер у сваіх польскіх сяброў, на мяжы з Чэхіяй. Спадар Мілінкевіч сказаў, што выдатна адпачывае ў гарах і на пачатку наступнага тыдня вернецца ў Менск.

(Мілінкевіч: ) “...І буду працаваць: як плянавалі, паездкі па рэгіёнах, стварэньне структуры руху. Гэта сустрэчы і з актывам, які працаваў на выбарах, гэта сустрэчы з новымі людзьмі, якія далучыліся да нас. І будзем рабіць усё, каб праводзіць мітынгі, сустрэчы зь мясцовымі жыхарамі. Гэта такая шырокая паездка па 25-ці гарадах”.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Сяргей Гайдукевіч кажа, што ў адпачынак нікуды ня езьдзіў, бо няма часу з-за падрыхтоўкі да мясцовых выбараў. У выходныя езьдзіў па азёрах у Беларусі.

(Гайдукевіч: ) “ Я рыбак жа ад мазгоў да касьцей, у мяне ўвесь гараж вудачкамі забіты. Я калі ежджу, то еду да дачкі ў Аўстрыю. Дачка там жыве, яна замужам. Яна атрымоўвае грамадзянства аўстрыйскае”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая ўнесеная Эўразьвязам у сьпіс неўязных, сёлета спачатку адпачывала на лецішчы, а неўзабаве паедзе ў сочынскі санаторый.

(Ярмошына: ) “Я б не сказала, што яно мне падабаецца, але мне сказалі, што гэта самае лепшае на дадзены момант здраўніца Рэспублікі Беларусь на поўдні. Раней для тых, хто быў на дзяржслужбе, былі пэўныя скідкі з гэтых пуцёвак. Цяпер жа яны каштуюць практычна столькі ж, колькі пуцёўка ў Турцыю ў добры гатэль”.

Спадарыня Ярмошына цьвердзіць, што летась у верасьні яшчэ патрапіла ў Турцыю, нягледзячы на візавыя абмежаваньні. Але з-за гэтых абмежаваньняў яна мусіць карэктаваць свае пляны.

(Ярмошына: ) “Я не магу зьезьдзіць у ніводны санаторый, нават , які знаходзіцца, напрыклад, у Літве ці Латвіі”.

Яшчэ адзін з галоўных удзельнікаў мінулай выбарчай кампаніі, былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін цяпер знаходзіцца ў вязьніцы, яму далі 5 з паловай гадоў. Грамадзкая камісія “Свабоду Казуліну” заявіла, што прысуд мае палітычны характар і заклікала міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызнаць яго вязьнем сумленьня.
XS
SM
MD
LG