Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад абмяркуе новы перапіс насельніцтва


Радыё Свабода Сёньня ў Менску прэзыдыюм Савету Міністраў мае разглядаць пытаньне аб наступным перапісу насельніцтва. Ён заплянаваны на 2009 год. Апошні перапіс праводзіўся ў 1999 годзе.

Найперш перапіс дае інфармацыю пра дэмаграфічныя й сацыяльна-эканамічныя тэндэнцыі. Гаворыць намесьніца начальніка Менскага абласнога ўпраўленьня статыстыкі Галіна Кузняцова:

(Кузняцова: ) “Усе ж гады праводзіліся перапісы. Мы рэгулярна зьвяртаемся да гэтых дадзеных. Для разьлікаў усялякіх адносных дадзеных. Напрыклад, вызначэньне ўзроўню жыцьця народу – усё гэта патрэбна. Асноўную працу на пачатковым этапе будзе праводзіць міністэрства. І праграму распрацоўваць. І рыхтаваць увесь інструмэнтарый”.

Паводле перапісу 1999 году, у Беларусі пражывала 10.045.237 чалавек. З таго часу гэтая колькасьць зьменшылася. Міністэрства статыстыкі прыводзіць наступную лічбу: на 1 студзеня 2006 году ў краіне пражывала 9 мільёнаў 750 тысяч чалавек. Пагаршэньне дэмаграфічнай сытуацыі найбольш прыкметна ў рэгіёнах. Гаворыць начальнік Клічаўскага раённага ўпраўленьня статыстыкі Тамара Берасьнёва:

(Берасьнёва: ) “Насельніцтва зьмяншаецца. З кожным годам нас робіцца ўсё менш і менш. Вядома, тыя дадзеныя ўжо састарэлі”.

У новыя перапісныя лісты плянуецца ўключыць розныя пытаньні – тут і жыльлёвыя ўмовы, і стаўленьне беларусаў да сваёй мовы... Плянуемая кампанія ўжо сёньня выклікае цікавасьць розных грамадзка-палітычных сілаў. Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Па-першае, трэба, каб усе анкеты былі на двух мовах. Бо спачатку ў 1999 годзе зрабілі ўсё на расейскай мове. І колькі мы ваявалі, пакуль дамагліся, што блянкі зрабілі па-беларуску! То бок, мяне цікавіць форма, каб грамадзянін у адпаведнасьці з законам мог выбраць, на якой мове выбраць анкету. Гэта вельмі важна. Потым, нам вельмі важна таксама зьвярнуць увагу на тыя пытаньні. Я, напрыклад, супраць таго, каб там было пытаньне “На якой мове вы дома гаворыце?”. Я катэгарычна супраць, бо гэтак толькі непісьменным народам задаюць. Павінна быць пытаньне “Родная мова і якімі мовамі вы валодаеце яшчэ?”.

Паводле перапісу 1999 году, у краіне пражывала 81,2 працэнты беларусаў. З нацыянальных меншасьцяў 11,4 працэнта было рускіх, 3,9 працэнта палякаў, 2,4 працэнта ўкраінцаў, 0,3 працэнта габрэяў і г.д.– усяго прадстаўнікоў 130 нацыяў і народнасьцяў. 85 працэнтаў беларусаў назвалі беларускую мову роднай.
XS
SM
MD
LG