Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Усё залежыць ад прэзыдэнта. Ён павінен перагледзець сваё стаўленьне да апазыцыі і паспрыяць вызваленьню Казуліна”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за суботу – панядзелак (12 – 14 жніўня). Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку.

(Спадарыня: ) “Добры дзень, паважаная “Свабода”. Хачу выказацца наконт вайны на Блізкім Усходзе. Мяне зьдзіўляюць адказы шматлікіх людзей, якія прапануюць Ізраілю спыніць вайну не зь Лібанам нават, а з тэрарыстычнай арганізацыяй унутры краіны. Тэрарысты паставілі за мэту зьнішчэньне Ізраілю, праводзілі тэрарыстычныя акты сярод мірнага насельніцтва. Ніхто зь іх дамаўляцца з Ізраілем мірна жыць побач не зьбіраецца. Дык аб якім спыненьні вайны ў такой сытуацыі можна весьці гаворку? З тэрарыстамі трэба скончыць. І ў гэтай справе лібанскае войска магло б дапамагчы Ізраілю, а не адседжвацца, калі яно хоча мірна жыць і існаваць побач з Ізраілем. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Калі да ўлады прыйшоў Пуцін і скінулі Ельцына, тады па Радыё Свабода на рускай мове было нешта такое: “Паслухай, Фіма. Раней пры Ельцыну было столькі свабоды, але было бязладзьдзе. А цяпер бязладзьдзе зьмяншаецца, але свабода зьнікае”. Вось нешта падобнае цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Тое, што быў бандыцкі пераварот, ну, гэта рэвалюцыя была аранажавая. І такая дэмакратыя была, што аж страшна! А вось прыйшоў Януковіч, і дэмакратыі ня стала. Ён жа яшчэ і працаваць не пачаў! Вось гэтае ханжаства, падман! І калі гэта ўсё абмяркоўваецца ў калектывах, то людзі проста сьмяюцца з гэтага…

Вось мяне парадаваў пісьменьнік, адказваў на пытаньні… Аказваецца, Аляксандар Рыгоравіч, па яго словах, геній! У яго столькі дадатнага эмацыянальнага, добрага, што я пачаў паважаць яго яшчэ больш! І тыя заганы, што называюць, гэта ж, наадварот, дадатныя якасьці для кіраўніка. Ня тое што Буш, пра якога добрага слова ня скажаш…

Ёсьць такі пісьменьнік Тэкерэй. Дык вось ён казаў: “Пасееш учынак, пажнеш звычку. Пасееш звычку, пажнеш характар. Пасееш характар, пажнеш лёс”. Я гэта вось да чаго кажу. Мяне зьдзіўляе, калі вы ўсё наадварот робіце. Ён падтрымлівае апазыцыю, таму яго нельга звальняць. Гэта я да сёньняшняй гаворкі пра настаўніка. Дырэктар школы кажа: “Ён парушальнік працоўнай дысцыпліны. У яго прагулы”. Для настаўніка гэта зусім недапушчальна – ён павінен быць прыкладам! І таму яго папярэджвалі, прасілі, яму даравалі, ён нават і ў міліцыю трапляў... Але ўсё роўна працягваў гэта рабіць. Дык што па-вашаму?.. Так, але вам яго шкада, бо ён падтрымлівае апазыцыю... Толькі падумайце, наколькі вы дзікія і наіўныя!..”

(Спадарыня: ) “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я хачу сказаць, што вось Беларусь сябруе з Іранам, а для нас, усіх людзей, гэта боль. Іран нам не патрэбны… Мы толькі хочам аддзяліцца ад Расеі, каб яны тут свае парадкі не вялі і каб усё было добра. Дзякую вам за ўвагу”.

(Марыя Іванаўна Бартось, вёска Красоўка: ) “Што я хачу сказаць? У краіне арудуе банда, якая без усялякага сораму гаворыць: “Не такім галаву зьнялі, а табе – дык раз плюнуць”. Лукашысты ўмешваюцца ў асабістае жыцьцё чалавека, пазбавілі нас усіх правоў. А Лукашэнка робіць выгляд па тэлевізіі, што ён нічога ня ведае. Начальнікі яго ўмешваюцца ў асабістае жыцьцё, і ні ў якім судзе ты ня знойдзеш праўды. У сталовую паны ня ходзяць, на падносе, прыкрыўшы белаю сурвэткаю, ім ежу падносяць. Ніколі такога не было. Як можна мірыцца з такім вось кіраўніцтвам?! Пры якой уладзе такое было? Ды ні пры якай! Пры цару не было такога. Анархія ў краіне, і ты ніякіх правоў нідзе ня знойдзеш. Табе заўсёды скажуць: “Ідзі, чаго хочаш? Ідзі і сядзі”. Як ня сорамна? Страцілі ўсялякае сумленьне”.

(Васіль Цюхай, Беразіно: ) “Добры дзень. Я прапаную радыёслухачам, якія ведаюць Біблію, стварыць у межах клюбу сяброў “Свабоды” клюб аматараў Сьвятога Пісьма, і калі нехта ведае якое-небудзь цікавае месца ў Бібліі і пры гэтым мае нетрадыцыйнае тлумачэньне (а ў Бібліі вельмі шмат загадкавых месцаў, напрыклад у Кнізе прароцтваў), званіце на аўтаадказьнік “Свабоды” і дзяліцеся сваімі меркаваньнямі.

Я думаю, што разам мэтадам завочнага мазгавога штурму можна будзе зразумець тое, што паасобку цяжка заўважыць. І для таго, каб запачаткаваць новую і вельмі шырокую тэму для званкоў, я працытую ўрывак зь Бібліі: “Але з табою я пастаўлю Тастамэнт мой. І ўвойдзеш у каўчэг ты, і сыны твае, і жонка твая, і жонкі сыноў тваіх з табою. Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёлін і ад усялякай плоці па пары, каб яны засталіся з табой сярод жывых. Мужчынскага полу і жаночага няхай яны будуць” (Быцьцё, 6, 7, 8). Я лічу, што жывёліны ў каўчэгу знаходзіліся не ў натуральным выглядзе, а ў прабірках, у выглядзе зародкаў, або клетак, або ДНК. Уся разнастайнасьць біялягічных відаў не змагла б зьмясьціцца ў каўчэгу. Ежа і вада занялі б яшчэ больш месца. Да таго ж прадукты хутка псуюцца. Асабліва мяса для драпежнікаў, дый ваду нельга было браць, бо каўчэг быў гермэтычны, а дождж ішоў толькі першыя сорак дзён. Сабраць усіх зьвяроў Ной ня мог, і самі яны не маглі прыйсьці так, як гэта намалявана ў дзіцячай Бібліі, што ў такім выпадку сказалі б людзі? Яны сказалі б: “Гэтага ня можа быць, таму што ня можа быць ніколі”. Каўчэг павінен быў мець тэрмарэгуляцыю паветра і вады, прыкладна як сучасны падводны човен. Таксама лядоўня, асьвятленьне і іншыя выгоды, у тым ліку інфармацыйныя. Для гэтага патрэбна крыніца энэргіі. Згадзіцеся, што немагчыма пражыць цэлы год у хляве. У прыморскіх гарадах заўсёды ёсьць вялікія караблі, разьлічаныя на доўгае плаваньне. Але ж, акрамя Ноя, ніхто ня выратаваўся. Вельмі праўдападобна, што тэмпэратура на плянэце падвысілася ў некалькі разоў да парніковага эфэкту, з атмасфэры зьнік кісларод. Такія мае высновы пацьвярджаюць меркаваньні некаторых навукоўцаў, якія лічаць, што старажытная цывілізацыя была больш разьвітая, чым сёньняшняя.

У “Сымбалі веры” прагучала палеміка паміж сьвятаром і атэістам. Атэіст сказаў, што ведае хрысьціянаў, якія няверныя ў шлюбе, а сьвятар папракнуў атэіста, што ў таго брудны каўнер. Папрокі вельмі несувымерныя, безумоўна, калі паміж імі няма сувязі, бо царква заклікае і прымушае людзей быць вернымі ў шлюбе і рабіць яшчэ што-небудзь – выконваць прыказаньні, якія самі хрысьціяне часта не выконваюць. І пры чым тут брудны каўнер? Атэісты ж усіх не заклікаюць хадзіць выключна ў чыстых кашулях: “Не надзявайце брудных кашуляў – гэта цяжкі грэх”. У часы Хрыста таксама існаваў прынцып, у адпаведнасьці зь якім крайнасьці сыходзяцца. Таму сапраўдны вернік і сапраўдны атэіст вонкава не павінны адрозьнівацца. Хто ўважліва чытае Біблію, той ведае, што імя Госпада пачалі прызываць не адразу пасьля Адама, а значна пазьней. Адны не прызывалі таму, што ня верылі. Іншыя, таму што верылі няўрымсьліва. Таму, калі нехта выглядае вельмі набожным, значыць ён фарысэй, і яго набожнасьць – гэта ганьба на сьвятога духа, якая не даруецца ні ў гэтым веку, ні ў наступным”.

(Вітаўт Мартыненка: ) “Што было б у Беларусі, каб перамаглі путчысты? Бадай, мой адказ будзе парадаксальны для многіх. Я думаю, калі б перамаглі путчысты, Беларусь была б у дэмакратычнай Эўропе альбо дачакалася б сьветлай долі. Чаму? Рэч у тым, што, калі б путчысты перамаглі, Захад ня меў бы такіх ілюзіяў адносна дэмакратычнасьці Расеі, як ён мае цяпер. А раней бы і Беларусь перажыла рэцыдывы лукашызму, калі б перамаглі путчысты. Усё было б лепей, каб гісторыя прымала гэтае самае “бы”. Але ёсьць, як ёсьць. Уяўная параза путчыстаў проста дапамагла Расеі разьвесьці Захад на грошы”.

(Спадарыня, Магілёў: ) “Калі ў рэспубліцы адбываецца чарговая палітычная падзея, пра якую расказвае “Свабода,” у душы падымаецца абурэньне і гнеў, мімаволі бярэш слухаўку і набіраеш нумар “Свабоды”, імкнесься выказаць тое, што думаеш, па магчымасьці мякка і далікатна. Калі падзелісься меркаваньнем, уражаньнем, нейкаю прапановаю, адчуваеш сябе лепш, хоць і расхваляванае сэрца супакойваеш валяр’янкаю. Але калі чуеш у эфіры амаль на палову скарочаныя тэксты, то апынаесься ў шоку. Адчуваеш сябе прыніжанай, нікому не патрэбнай, зьнікае жаданьне тэлефанаваць...

Абразьлівыя званкі прыхільнікаў Лукашэнкі я вымушаная слухаць, няхай і яны паслухаюць мае званкі ў поўным выглядзе. Трэба ўмець слухаць народ. Просты чалавек выражае свае адносіны да той ці іншай падзеі. Я вельмі прашу, каб у эфіры гучалі поўныя тэксты званкоў. Мы, вашыя слухачы, адзін аднаго зразумеем, што б хто ні казаў і сьмешнае, і сур’ёзнае”.

(Мікола, Вялейка: ) “Ёсьць у мяне меркаваньне. Тут вы задалі пытаньне, што было б, калі б путчысты перамаглі. Ну, напэўна, кожная сям’я мела б сваю кватэру, народ быў бы пры сваіх грашах... Разбурэньне такой вялікай дзяржавы, як СССР, гэта была здрада Гарбачова. Яшчэ задоўга да гэтага здрадніка баба Ванга прадказала, што прыйдзе пляшывы Міхаіл і пахавае гэтую вялікую дзяржаву. А за тое, што гэтыя так званыя путчысты не змаглі адстояць дзяржаву, вечны ім праклён і ганьба. Патапілі б здраднікаў у Фаросе, і сягоньня людзі б жылі ў вялікай незалежнай дзяржаве. А так прададзеная Расея, а зь ёю і Беларусь. Ну, яшчэ хочацца сказаць Бушу, які там хоча грошы знайсьці, што схавалі нашыя беларусы і прэзыдэнт, словамі Лукашэнкі: “Калі знойдзеш нашыя ці мае грошы, аддай сваім бедным людзям”. Гэта было б, я так думаю, насамрэч добра”.

(Спадарыня: ) “Добры дзень, “Свабода”! Слухала перадачу “Сымбаль веры”. Сьвятары хітруюць, калі заклікаюць прыхаджанаў нешта чуць, а нешта прапускаць міма вушэй. Нашая царква грузьне ў палітыцы. Я перастала там бываць, калі пачула ад маладога бацюшкі заклік маліцца за Лукашэнку на той падставе, што ўладу гэтаму чалавеку даў Бог. Чарговым “пэрлам” стала запалохваньне прыхаджанаў ліцьвінамі. Для мяне гэта было ўжо занадта. Да пабачэньня”.

(Спадар: ) “Шчыра вітаю вас, шаноўнае спадарства! Слухаю вашыя перадачы, і неяк становіцца вельмі няёмка. Вось учора зранку ўжо ня першы раз пачуў ролік са словамі “трусы сямейныя”. Словы гэтыя выклікалі ў мяне нейкія ня вельмі прыемныя асацыяцыі. Па-другое, чаму ў гэтай перадачы гучыць габрэйская мэлёдыя? Мяне гэта вельмі зьдзівіла. Добра памятаю, як пад гэтую мэлёдыю ў пачатку 1930-х дый у 1940-я сьпявалі песеньку: “А что вы, боже мой, ведь я иду домой. Сегодня мой Абраша выходной. Шла переулочком, купила курочку, немножко маслица и молочка…”

Няўжо так зьбяднела нашая музычная Беларусь, што і музычнай застаўкі сваёй нельга знайсьці. Калі вы ўжо ня здатныя гэтага зрабіць, дык запішыце, калі ласка, цудоўныя гукі нашай прыроды: гоман лесу, сьпеў птушак, усплёск вады, рэк, азёр, і іншыя... Яны будуць ня горшыя за іншую музыку сёньняшніх кампазытараў.

Толькі ж не залічыце мяне, калі ласка, да антысэмітаў. Гэта будзе проста вялікім глупствам. Не ператварайце нашай мовы і сваіх перадач у нешта прымітыўнае і вульгарнае. Шчыра жадаю вам творчых посьпехаў”.

(Спадар: ) “Добры дзень, паважаная “Свабода”! Хацелася б пачуць ваш камэнтар наконт інтэрвію вядомага спадара Віка радыёстанцыі “Нямецкая хваля”. Даслоўна ён кажа: “Калі дэмакратычныя сілы ў Беларусі ня будуць фінансавацца з замежжа, яны зусім зьнікнуць”. Значыць, гэта ніякія не змагары за свабоду, не змагары супраць Лукашэнкі, Іванова ці Сідарава, ім абы былі грошы, грошы і яшчэ раз грошы… На дэмакратыю ім пляваць, ім усё роўна, хто будзе ва ўладзе. Хацелася б пачуць, што на гэтую заяву Віка скажуць паважаныя спадары Лябедзька, Вячорка, Шушкевіч і Мілінкевіч. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Улада ўмешваецца ў асабістае жыцьцё насельніцтва. Многія людзі, і мужчыны, і жанчыны, працавалі на цяжкіх работах, каб зарабіць 132 рублі пэнсіі. Гэта быў максымум. За гэтыя грошы можна было харчавацца месяц, абутак купіць і яшчэ што-небудзь. А цяпер яны даюць 250 тысяч. Гэта трэба гэтымі грашыма 500 даваць і больш. А яны толькі 250 тысяч. І што за гэтыя грошы купіш? За кватэру заплаціш, і на тыдзень добра харчавацца ледзь хапае. Людзі сталі жабракамі, галоднымі – і рабочая кляса, і пэнсіянэры.

Апроч таго, людзі, што працавалі на лёгкіх работах, атрымліваюць пэнсію большую. На якой падставе? І цяпер яны атрымліваюць на 50 тысяч больш. Я задала пытаньне ў райсавеце, мне адказалі так: “Таму што Саюз разваліўся”. Дык пры чым тут Саюз? З боку адміністрацыі райвыканкаму ідзе поўнае самавольства. Ніхто нікому не падпарадкоўваецца. Калі стаў Лукашэнка ва ўладзе, няма нідзе ніякага парадку і толку і ня будзе, пакуль ён ва ўладзе. І нічога ты нідзе не даб’есься. Раней міліцыянты не атрымлівалі пэнсіі, большай за нашую, а цяпер у іх 500 – 600 тысяч заробку. А яны атрымлівалі менш, чым рабочая кляса. А рабочую клясу наагул за людзей ня лічаць”.

(Спадар: ) “Прыедзьце да нас абавязкова ў былое мястэчка Сьцібава, а цяпер у глухую вёску Ваўкавыскага раёну Сьцібава”.

(Ларыса, Менск: ) “Усе звароты замежных дзяржаваў да кіраўніка нашай дзяржавы аб тым, што неабходна вызваліць усіх палітвязьняў, ніякіх вынікаў не даюць, і адказу няма. Асабліва жорсткі прысуд у ні ў чым не вінаватага Казуліна. Цяжка сабе ўявіць, каб такі адукаваны чалавек быў пазбаўлены волі на 5 з паловаю гадоў. Яго зварот да судзьдзяў ня быў нават прыняты. Яму адмовілі. Ён нават ня зможа падаць заяву ў міжнародны суд, яна ня будзе прынятая і разгледжаная, бо Беларусь не ўваходзіць у Эўразьвяз. Атрымліваецца замкнёнае кола. Таму ўсё залежыць ад прэзыдэнта. Ён павінен перагледзець сваё стаўленьне да апазыцыі і паспрыяць вызваленьню Казуліна, бо ў свой час нават гэкачэпісты, якія замахваліся на ўладу і хацелі ажыцьцявіць дзяржаўны пераварот, праз год былі рэабілітаваныя. Такі прыклад трэба ўзяць і нашаму прэзыдэнту. Няхай возьме прыклад зь Ельцына, які дараваў гэкачэпістам свабоду”.

(Спадарыня: ) “Цікава было б даведацца, як будзе называцца сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках Магілёўскай вобласьці, якую скончыў сам Аляксандар Лукашэнка. Магілёўскі пэдынстытут стаў унівэрсытэтам. Цяпер у яго унівэрсытэцкая і акадэмічная адукацыя, а што далей? Як будзе называцца яго спэцыяльнасьць і ўстанова адукацыі ў Горках, якую ён скончыў?”

(Спадарыня, Магілёў: ) “У “Праскім акцэнце” абмяркоўвалася пытаньне, ці змагла б апазыцыя выйграць выбары. Вядома, змагла б, калі б была нармальная перадвыбарчая кампанія. Кандыдатам на прэзыдэнта далі ўсяго па адной гадзіне выступіць па тэлевізіі. І я ўпэўненая, сваім выступамі яны нямала выбарнікаў перацягнулі на свой бок ад Лукашэнкі. Кандыдатам на прэзыдэнта не дазвалялі сустракацца з выбарнікамі ў цэнтры гарадоў, у шматлюдных месцах, былі арыштаваныя актывісты, якія спрабавалі як мага больш расказаць пра сваіх кандыдатаў. А ад дэбатаў з кандыдатамі па тэлевізіі Лукашэнка адмовіўся, то бок баяўся згубіць сваіх выбарнікаў, якія яму яшчэ давяралі. Нягледзячы на слабую раскрутку кандыдатаў у прэзыдэнты, 19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу сабраліся некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, якія не пагадзіліся з вынікамі выбараў. І тут я салідарная з суразмоўцам з “Праскага акцэнту,” які не прызнае легітымнасьці Лукашэнкі. Лічу, што ня менш за 50 % насельніцтва Беларусі легітымнасьці Лукашэнкі не прызнаюць. Калі б выбары і перадвыбарчая кампанія былі сумленнымі, у Беларусі быў бы прэзыдэнт. На гэты момант прэзыдэнта няма. Ёсьць толькі Лукашэнка, які акупаваў прэзыдэнцкае крэсла і ня хоча яго нікому аддаваць”.

(Віктар, Менская вобласьць: ) “Спадарства, добры дзень! Я паглядзеў па ТВЦ рэкляму перадачы “Ў цэнтры асаблівай увагі”. Я паглядзеў, што там журналісты, беларускія журналісты. Вы разумееце? Я проста з 14 жніўня адключу тэлевізар і глядзець гэтай недарэчнасьці ня буду. Немагчыма верыць нашым журналістам. Я б на месцы заходніх краінаў, Эўразьвязу, Злучаных Штатаў забараніў бы ўезд гэтым Лукашэнкавым прыхвасьням.

Загадзілі ўсё: з ОРТ зрабілі ОНТ, “Культуру” зрабілі “Ладам,” цяпер НТВ нечым зробяць... Усё гадзяць. І паўсюль хочуць наставіць сваіх прыхвасьняў, каб яны расказвалі навіны. Які канал ні ўключыш, там будзе Лукашэнка, прэзыдэнт Беларусі, усё будуць пра яго расказваць. Гэта бязладзьдзе! Дзе ТВЦ? Чаму яны нічога ня кажуць? Гэта ж атрымліваецца, што здымаюць са спадарожніка і пачынаюць устаўляць нейкія свае гадасьці. Колькі ўжо можна трываць гэтую анархію?! Я выключу тэлевізар і больш яго глядзець ня буду.

Па ТВЦ былі некаторыя праграмы, у якіх выступалі палітолягі, нармальныя талковыя людзі, іх запрашалі, каб яны аналізавалі, як што адбываецца ў сапраўднасьці. І некаторыя рэчы былі расказаныя пра Беларусь. Па ОРТ расказвалі ў перадачы “Времена”, а яны ўзялі і ўсё перакрылі. Па “Культуры” таксама расказвалі пра Беларусь. Перакрываюць таксама РТР, перакрылі НТВ. А цяпер дабраліся да ТВЦ, бо там найбольш едка абмяркоўвалі Беларусь, Лукашэнку, яго ўрадавую праграму, як яны жывуць за кошт газу, нафты, прыпісваюць сабе нейкі эканамічны цуд… Але ня хочуць сказаць, што газ і нафту яны атрымлівалі па заніжаных цэнах з ільготамі...

Хутка адбудзецца так, што мы нічога не даведаемся. Усё робіцца для таго, каб закрыць тэлевізію, каб толькі казалі, што ўсё выдатна, што ўсё добра, што ўсё разьвіваецца… А папраўдзе мы нічога ня будзем ведаць. Людзі некаторыя толькі тэлевізарам і жывуць, ня ведаюць, што ёсьць прымач...

Але ўсё роўна гэтаму рэжыму прыйдзе канец. Я ў гэтым упэўнены... Я думаю, што тут усё залежыць ад Расеі. Я думаю, што Расея адумаецца. Бо што гэта за саюз Беларусі з Расеяй? Няўжо людзі ня могуць паскардзіцца на тое, што робіцца з каналамі? З ТВЦ, з НТВ, з “Расіяй”? Ну ня могуць жа гэтыя людзі, бабулі, дзядулі купіць сабе талерку…"

(Спадар: ) “У мяне такое пытаньне. Я вось не гляджу тэлевізара, слухаю толькі вашую перадачу. Але я не магу пра некаторыя рэчы падрабязна даведацца. Вось напрыклад, спорт. Ці гэта цяжка вам расказаць, хто, за што атрымаў мэдалі, якія перамогі, на якім месцы нашая каманда... Няўжо гэта цяжка вам сказаць?! Вось сказалі, колькі мэдалёў, і ўсё. А дзе яны, у якім месцы нашыя хлопцы, дзяўчаты, вось гэта я хацеў бы даведацца. Як нашыя адстралялі? Таксама нічога ня ведаю. Больш падрабязна расказвайце пра жыцьцё Беларусі. Усяго добрага”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG