Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьні пра космас


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі “Летні альбом”. Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Маё пакаленьне ўваходзіла ў жыцьцё ў эпоху заваёвы бязьмежнай касьмічнай прасторы. Пра космас пісалі газэты, пра яго дзень да ночы бубнела радыё, а перапынкі паміж бубненьнем поўніліся песьнямі і маршамі касьмічнай тэматыкі. І нават поклічам “Апошніх паведамленьняў” маскоўскага радыё былі сыгналы, якія запускаў у этэр першы штучны спадарожнік Зямлі.

Паэтам і кампазытарам, якія пісалі песьні пра космас і касманаўтаў, нейкім чынам удалося высьлізнуць з абцугоў партыйнасьці і народнасьці. “Давайте-ка, ребята, закурим перад стартом”, – сьпявалі на пачатку шасьцідзясятых. Песьня гэтая паказвала савецкіх касманаўтаў звычайнымі хлопцамі. Адно што дзеля поўнага зьліцьця з простым людам ім трэба было яшчэ кульнуць перад стартам кухаль піва ці чаго мацнейшага. Песьня стала неафіцыйным гімнам савецкіх касманаўтаў. Адно што радок закурим перед стартом зьмянілі на споёмте перед стартом, бо касманаўтам паліць не выпадала. Адначасова песьня стала гімнам тадышніх зладзюганаў. Тэкст, праўда, быў зь іншым рэфрэнам: “Я верю, друзья, что милиция спит”. Лёс гэтай песьні, якую выконваў Уладзімер Трошын, быў незайздросным: яна зьнікла з этэру. Прычынай таму стаўся ад’езд на Захад аўтара тэксту Ўладзімера Вайновіча.

І ўсё ж такі бяз зонгаў грамадзянскага гучаньня і тут не абышлося. “Я Земля, я своих провожаю питомцев: сыновей, дочерей”, – з галасавым вібратам барытоніла Вольга Варанец. Выканаўцы ролі сыноў і дачок стаялі на сцэне за ейнай сьпінаю. На галовах у іх былі круглявыя, падобныя да матацыклетных, шлемы з двума мэталёвымі пруткамі – нібыта антэнамі. Глынуўшы паветра, сыны і дочкі Зямлі туравалі сьпявачцы ў маршавым тэмпе: “Долетим мы до самога Солнца и домой возвратимся скорей”.

Прыдаўся і фальклёрны вакал Людмілы Зыкінай. Сьпявачку гэтую вельмі любілі жанчыны сярэдняга і старэйшага пакаленьня, бо ў сваіх песьнях яна часьцяком аплаквала жаночую долю. “Давай, космонавт, потихонечку трогай”, – з фальклёрнай інтанацыяй, у суправаджэньні двух баяністаў, сьпявала Людміла Зыкіна, на касьмічную вышыню ўздымаючы песенныя ідэалы савецкага мастацтва.

Ну і, нарэшце, знайшлося месца і зонгам, стылістычна падобным да мінорнага рамансу. “Утверждают космонавты и мечтатели, что на Марсе будут яблони цвести”, – сьпявалася ў адной зь іх. Мне гэтая песьня вельмі падабалася. Слухаючы яе, быў перакананы, што ў наступнай пяцігодцы на далёкім Марсе, з рыдлёўкамі на плячах, зьявяцца садаводы-мічурынцы. Садаводы да Марсу не даляцелі. А мінорны раманс гэты стаўся сымболем прамінулай эпохі і найлепшай, як на мой густ, песьняй пра космас.
XS
SM
MD
LG