Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Альгерд Абуховіч-Бандынэлі (6.8.1840 — 22.8.1898)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Альгерд Абуховіч-Бандынэлі — адна з найкалярытнейшых і экстравагантных асобаў нашай літаратуры ХІХ стагодзьдзя.

Ён быў нашчадкам старажытнага ліцьвінскага роду. Ягоныя продкі Міхал, Піліп і Тодар Абуховічы ня толькі займалі высокія дзяржаўныя й вайсковыя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім і праславіліся ў войнах супроць расейцаў, туркаў і швэдаў, але й пакінулі цікавыя дыярыюшы і ўспаміны. Дзед пісьменьніка Юзаф Абуховіч ваяваў пад сьцягамі Касьцюшкі. Абуховічы былі ў сваяцтве зь вядомым італійскім графскім родам Бандынэлі, які даў славутага скульптара Бача Бандынэлі і папу рымскага Аляксандра ІІІ.

У сваіх мэмуарах Альгерд адзначыць: “Пазываючыся ў подпісы на дзядоў сваіх, грудзі мае парушае пачуцьцё нечага вялікага, сільнага...”

Альгерд вучыўся ў Слуцку, Жэнэве й Парыжы. Ягоным бацькам належалі вялікія маёнткі з тысячай сялянскіх душаў, што дазваляла маладому Ольдзю з камфортам падарожнічаць і жыць у Эўропе. Але ў 1863-м ён вярнуўся на радзіму, каб стаць у шэрагі паўстанцаў, а затым апынуцца ў сібірскай высылцы.

Ён бліскуча валодаў італійскай, францускай, ангельскай і нямецкай мовамі, але для ўласных твораў, якія падпісваў псэўданімам Граф Бандынэлі, абраў беларускую. Пры жыцьці ён ня ўбачыў ніводнага свайго тэксту надрукаваным, але ўвайшоў у гісторыю нацыянальнай літаратуры як адзін з заснавальнікаў жанру байкі і мастацкай прозы.

Калі Альгерд вырашыў перадаць усю сваю зямлю сялянам, суседзі-абшарнікі прыгразілі абвясьціць яго вар’ятам. Тады ён пакінуў родны дом, захапіўшы з сабою толькі ўлюбёныя кнігі, і ператварыўся ў беднага слуцкага кватаранта.

У тым цесным пакойчыку зь вялізнай кніжнай шафаю, адзіным сваім багацьцем, граф Бандынэлі і пісаў мэмуары — нязмушаны роздум вольнай душы пра эпоху, літаратуру і вечныя праблемы чалавечай экзыстэнцыі. Першымі іх чытачамі сталі ягоныя маладыя сябры й вучні Язэп Дыла, Пятро Карповіч, Аляксандар Ярэміч — будучыя дзеячы беларускага руху.
XS
SM
MD
LG