Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася онлайн-канфэрэнцыя зь Сяргеем Антончыкам


Радыё Свабода Сёньня на нашым сайце з 14.00 да 15.30 адбылася онлайн-канфэрэнцыя з колішнім рабочым лідэрам, дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня Сяргеем Антончыкам. Ніжэй – частка адказаў госьця канфэрэнцыі на пытаньні наведнікаў сайту. З тэхнічных прычын поўны тэкст адказаў недаступны.

Добры дзень, сп. Сяргей. Скажыце, у якой партыі ці грамадзкай арганізацыі Вы цяпер працуеце, чым займаецеся? Дзякуй.

(Антончык: ) “Цяпер я не працую ні ў воднай грамадзкай арганізацыі і актыўнай грамадзкай працай не займаюся”.

Паважаны Сяргей, вы як лідэр рабочага руху ці маглі б растлумачыць, чаму наш рабочы клас у такі складаны для краіны час застаецца пасіўным і абыякавым, тады як у любой амаль краіне рабочыя ёсьць асноўнай сілай, якая адстойвае ня толькі свае правы, але і дабрабыт сваіх сем''яў і наагул будучыню сваёй краіны? Дзякуй. Туравец Віктар.

(Антончык: ) “Па-першае, трэба адзначыць, што я не зьяўляюся лідэрам рабочага руху. Штосьці такое можна было казаць пра пэрыяд 1991 – 1993 гадоў. Цяпер няправільна мяне так называць.

Што да вашага пытаньня. Сытуацыя ў Беларусі рэзка зьмянілася. Па-першае, рабочыя – гэта пераважна людзі зь левымі перакананьнямі, і на іх вельмі моцна дзейнічае сацыяльная дэмагогія, якой цудоўна валодае Лукашэнка. Па-другое, самую вялікую энэргетыку, якая намножылася ў рабочых, выкарысталі ў 1991 годзе. Тады беларускія рабочыя як бы апярэдзілі час. Масы выйшлі на вуліцы і дамагліся свайго. Адна з самых галоўных перамог была ў тым, што ў палітычным сэнсе амаль цалкам была зьнішчаная кампартыя.

Але пасьля таго, як пачаліся так званыя “рэформы”, якія ў сапраўднасьці не праводзіліся, наступіла вельмі моцнае расчараваньне людзей. “Заўтра”, якога чакалі, не надышло, і пачаўся вельмі моцны адкат у людзей. Такі псыхалягічны стан працягваецца ва ўмовах сацыяльнай дэмагогіі і моцных рэпрэсіяў. Створаныя на заводах сілавыя структуры за кожным крокам рабочага назіраюць, і цяпер весьці нейкую палітычную працу вельмі цяжка”.

Ci esc, na vashu dumku, neikiya perspectivi u belaruskih nezalezhhih prafcauzau i chamu belaruskiya pracounie zgadzilisya na kantrakthuyu sistemu? Sergey Torpachev.

(Антончык: ) “Я думаю, што, на жаль, вялікіх пэрспэктываў у незалежных прафсаюзаў няма. Моцны ціск, людзей запалохваюць, ёсьць шмат мэтадаў узьдзеяньня на рабочых, каб яны выходзілі зь незалежных прафсаюзаў”.

Можно ли в Интернете прочитать Ваш доклад о коррупции, вместо которого газеты напечатали “белые пятна”?

(Антончык: ) “Ня ведаю, можа, дзе і ёсьць”.

Сяргей, вам не шкада змарнаванага часу – фактычна ўсё, за што Вы змагаліся, пацярпела паразу.

(Антончык: ) “Я не лічу, што ўсё, за што мы змагаліся, пацярпела паразу. Цяпер ідзе вялікі адкат ад таго стану, якога мы ўсе разам дамагліся. Гэта гістарычны пэрыяд, які ня будзе працягвацца вечна. Гэты адкат скора скончыцца і пачнецца пад''ём на базе тых каштоўнасьцяў, якія былі створаныя да нас і намі”.

Ці была магчымасьць апярэдзіць Лукашэнку з антыкарупцыйным дакладам і такім чынам стаць лідэрам у гэтым? Ці разглядала такі ход апазыцыя? Ці разумела кіраўніцтва апазыцыі мабілізацыйную ролю антыкарупцыйных лёзунгаў? Ці ўвогуле вашы сябры-апазыцыянэры ўяўлялі, што такое беларускі электарат – у тым сэнсе, што, зразумела, не ўяўлялі, але ці былі ў вас хаця б размовы на тэмы рэальнасьці? Кірыл.

(Антончык: ) “Апярэдзіць Лукашэнку не было магчымасьці, бо тады, на мой погляд, вельмі няправільную пазыцыю заняў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. Яму было прапанавана падрыхтаваць такі даклад, але ён адмовіўся гэта рабіць, лічачы, што гэта не ягоны клопат – “корпацца ў бруднай бялізьне”. Гэта ён лічыў не як палітык, а як чалавек, але ён быў палітык. Па-другое, Вярхоўны Савет складаўся з 360 дэпутатаў, а апазыцыя БНФ налічвала 30 чалавек. Вядома, мы не маглі правесьці свайго чалавека на гэтую пасаду.

Я ўжо казаў калісьці, што тут адбылася падмена. Лукашэнку выставілі тыя сілы, якія стаялі за ім, як барацьбіта з карупцыяй. Якраз прадстаўнікі БНФ увесь час змагаліся з карупцыяй, пісалі артыкулы на гэтую тэму, патрабавалі стварэньня камісіі. Мы гэтым займаліся, а выступіў з дакладам Лукашэнка. Так склалася дзякуючы большасьці ў Вярхоўным Савеце”.

Сяргей, ці лічыце Вы, што апазыцыя БНФ ніяк не дапамагала вам падчас падрыхтоўкі вашага антыкарупцыйнага дакладу. Чаму гэта адбывалася? Не хацелі, каб вы сталі лідэрам?

(Антончык: ) “У сапраўднасьці асаблівага аптымізму ў кіраўніцтве БНФ наконт майго дакладу не было. Але ня думаю, што тут прычына ў нейкай рэўнасьці. Проста былі разважаньні, што людзі ўжо змарыліся ад такіх выступаў, ня хочуць слухаць антыкарупцыйных дакладаў і вялікіх вынікаў ён ня будзе мець. Таму мне ніхто не перашкаджаў, але асабліва ніхто і не дапамагаў”.

Што ў сваім жыцьці, калі маглі б, вы зрабілі б іначай?

(Антончык: ) (паўза) “Што я зрабіў бы іначай у сваім жыцьці? Цяжка сказаць, мне здаецца, я ўсё рабіў правільна... Можа быць, не займаўся б палітыкай, можа, гэта было б лепш для мяне асабіста і для маёй сям’і”.

Спадар Сяргей, добры дзень! Вы – выдатны грыбнік. Якія грыбы самыя карысныя для здароўя?

(Антончык: ) “Вядома ж, баравік. Паглядзіце, колькі энэргіі ў гэтым слове. У ім адчуваецца беларуская моц. Учора я ў адным месцы пад Лагойскам знайшоў 349 баравікоў. Гэта, пагадзіцеся, вялікае шчасьце для грыбніка. Бо краіна – гэта ж ня толькі сьцяг і герб, але і тая зямля, дзе ты нарадзіўся і бываеш штодня”.

Назавіце тры эпітэты для вызначэньня жанчыны і тры эпітэты для вызначэньня мужчыны. Як Вам яны бачацца ў рэалізацыі іх місіі?

(Антончык: ) “Для жанчыны найперш – гэта адданасьць. Калі жанчына верная жонка і сяброўка – гэта галоўнае. Потым сьціпласьць. Усе жанчыны прыгожыя, але ня ўсе сьціплыя. І вельмі важна, каб жанчына была добрай маці.

Што да мужчынаў, то ў першую чаргу ў мужчыны павінна быць сумленьне, прынцыпы і адказнасьць. За свае словы, працу, дзеяньні. Калі няма сумленьня, то такі чалавек можа рабіць немаведама што. Мужчына павінен быць як сьцяна, павінен быць чалавекам, на якога можна абаперціся”.

Прывітаньне, Сяргей. Вельмі радыя цябе пачуць. Спадзяюся, што разам мы яшчэ пазмагаемся за нашу Бацькаўшчыну, хаця нашы магчымасьці тут у замежжы ня вельмі вялікія. Тым ня менш калі табе трэба будзе якая-небудзь дапамога, зьвяртайся. Паспрабуем зрабіць усё, што ад нас залежыць. Наш e-mail: zbn42@mail.ru. З павагай Яўген Мурашка, Галіна Арцёменка, Нямеччына.

(Антончык: ) “Я вітаю сапраўдных змагароў: Яўген і Галіна – людзі ў пэўнай ступені легендарныя. Я рады, што яны яшчэ ня страцілі імпэту, яны даказалі, што і адзін у полі воін. Наперадзе ў нас будзе яшчэ шмат перамог”.

Як Вы ставіцеся да фразы прафэсара Праабражэнскага “Я не люблю пралетарыяту”? :)

(Антончык: ) “Сабачае сэрца” – дарэчы, мая настольная кніжка. Бо ў тым сэнсе, у якім казаў прафэсар, я таксама не люблю пралетарыяту. Ён меў на ўвазе дэклясаваныя элемэнты, мы іх называем люмпэнамі. Булгакаў адчуў тыя тэндэнцыі, што пачыналіся ў краіне, калі наверх ішлі шарыкавы.

Калі вы сёньня хочаце ўбачыць шарыкавых, уключыце БТ. Хаця на іх і добрыя строі і эўрапейская вопратка і яны не працуюць рабочымі, але пры ўладзе сапраўдны люмпэн, якога паклікаў туды Лукашэнка. Ня трэба блытаць сапраўдных рабочых зь люмпэнамі. Сярод тых, хто кіруе сёньня краінай, няма прафэсараў Праабражэнскіх – адны шарыкавы, часам трапляюцца і швондзеры”.

Добры дзень, спадар Сяргей. Давялося пасядзець з вамі на Акрэсьціна ў камэры 19. Памятаю, як вы раніцай уставалі раней за ўсіх, мыліся халоднай вадой ды рабілі зарадку. У мяне вы пакінулі ўражаньне мудрага і сьмелага беларуса. Чаму такія якасьці ня могуць вось ужо 12 гадоў перамагчы рэжым Лукашэнкі? Дзякуй, Д.Г.

(Антончык: ) “Каб выжыць там, трэба ўмець ня траціць чалавечай годнасьці. Мой бацька праседзеў 17 гадоў, страціў здароўе, але ніколі там не скарыўся – расказваў, як трэба сябе паводзіць, каб выжыць.

Перамога, пра якую мы гаворым, павінна быць вынікам намаганьняў многіх людзей. А мы хацелі вельмі хутка яе дамагчыся. Усе мы пераацэньвалі магчымасьці грамадзтва. Хваля ўздымаецца, потым спадае. Мы пераацанілі ўнутраную сьвядомасьць беларусаў, нацыянальную сьвядомасьць. Першая хваля была не нацыянальнай, а антыкамуністычнай. І калі людзі ўбачылі, што выбар – гэта вельмі цяжка, што, выйшаўшы з казармы, трэба разьлічваць на сябе, тут і пачаўся адкат, момант ісьціны, калі грамадзтва паказала, ці яно сьпелае...

Але цяпер новае пакаленьне значна прасьцей успрымае ідэі свабоды, незалежнасьці, дэмакратыі. Нам даводзілася даказваць відавочныя і самыя элемэнтарныя рэчы. Было лёгка ў пачатку, калі была антыкамуністычная хваля. Трэба час і цярпеньне”.

Чым канкрэтна Вы цяпер займаецеся?

(Антончык: ) “Пакуль што актыўнай грамадзкай дзейнасьцю не займаюся – больш выдаткоўваю часу на тое, каб зразумець, што адбываецца, зрабіць нейкія высновы. Ёсьць магчымасьць і час навучыцца таму, на што не было раней часу. Больш цікаўлюся сацыяльнай псыхалёгіяй".

Што можа прымусіць рабочых выйсьці на вуліцу?

(Антончык: ) “Беларускія рабочыя вельмі далёкія ад палітыкі. Тыя магчымасьці, якія цяпер ёсьць у афіцыйнай прапаганды, і тыя мэтады, якія яна выкарыстоўвае, вельмі ўзьдзейнічаюць на беларускіх рабочых. Яны робяць людзей апатычнымі: людзі думаюць толькі пра заробкі. Вось калі яны страцяць апошнюю крыніцу існаваньня – тады, я думаю, могуць быць непрадказальныя дзеяньні. Памятаеце, нядаўна – калі былі праблемы з выплатай заробку на велазаводзе – людзі стыхійна выйшлі на вуліцу, перакрылі Партызанскі праспэкт. Чаму людзі не выходзяць, чаму яны ня думаюць пра тое, што будзе заўтра? Таму што, я думаю, у 1991-м годзе тая энэргія, якая доўга назапашвалася, супала з антыкамуністычным рухам, у людзей была вялікая надзея. Пасьля таго, як іх надзеі ня спраўдзіліся, а дзяржава перастала дапамагаць, людзі зразумелі, што павінны выжываць самі. Такія людзі менш палітычныя, яны займаюцца тым, чым павінны займацца – зарабляць грошы".

Чаму Ваш антыкарупцыйны даклад ня меў такога эфэкту, як даклад Лукашэнкі?

(Антончык: ) “Па-першае, Лукашэнка стаў прэзыдэнтам. Калі ён ішоў на прэзыдэнцтва, ягоны асабісты рэйтынг зашкальваў. Гэта быў час найбольшай любові да новага правадыра. І ў той момант даклад аб тым, што адбываецца ў ягоным атачэньні – я разумеў, што ён ня можа мець такога выніку. Але тым людзям, якія паверылі яму, якія думалі, што менавіта Лукашэнка ёсьць змагаром з карупцыяй, мой даклад расплюшчыў вочы. Многія сталі задумвацца, і зьявіліся сумненьні: ці правільна яны зрабілі, прагаласаваўшы за яго? Па-другое, калі даклад быў забаронены і газэты выйшлі з белымі плямамі, сотні тысяч людзей убачылі сапраўднае аблічча новай улады".

Вы галасавалі за Аляксандра Казуліна. Чаму?

(Антончык: ) “Я не выбіраў агульнага кандыдата ад дэмсілаў: для мяне Мілінкевіч і Казулін роўныя кандыдаты. Але апошнія падзеі паказалі, што Казулін мужны чалавек, які пайшоў бы да канца. Таму мой асабісты выбар быў правільны. Я вельмі шкадую, што Казулін цяпер за кратамі, і, можа, праз Радыё Свабода да яго дойдуць мае словы падтрымкі і ўдзячнасьці. Я бачыў, вядома, што ня выйграе ніводзін, але за Казуліна галасаваў, бо ведаў, што ён не падвядзе".
XS
SM
MD
LG