Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Леанід Дранько-Майсюк, Алесь Разанаў, Юры Дубовік


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 12 жніўня). Аўтары: Галіна Абакунчык, Валянціна Аксак, Міхась Скобла. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламйека

АЎТАР І ТВОР

Менскае выдавецтва “Логвінаў” выдала том выбраных твораў Канстантага Ільдэфанса Галчыньскага “Сёмае неба”. Да таго, каб клясык польскай паэзіі ўпершыню загучаў па-беларуску, спрычыніліся адзінаццаць перакладчыкаў. З адным зь іх, Леанідам Драньком-Майсюком, сустрэўся Міхась Скобла.



(Міхась Скобла: ) “Леанід, Галчыньскі за савецкім часам у нас практычна не перакладаўся. Ад першых спробаў, зробленых Кубам Асанавічам Паўтаржыцкім (татарынам з паходжаньня) у 60-я гады, мінула вунь колькі часу. Чаму такі тонка-іранічны, дасьціпны, блізкі нам па Вільні паэт доўгі час быў у нас не запатрабаваны?”

(Леанід Дранько-Майсюк: ) “І жыцьцё, і творчасьць Галчыньскага не адпавядалі камуністычным канонам. Паэт сьвядома пашыраў маштаб сваёй неадпаведнасьці партыйнаму курсу. Так, у 1947 годзе ён публічна заявіў, што ён ні католік і ні марксіст”.

(Скобла: ) “Назваць сябе не католікам у каталіцкай Польшчы — гэта выклік грамадзтву”.

(Дранько-Майсюк: ) “Гэта проста рэвалюцыйны выклік дастаткова кансэрватыўнаму грамадзтву. У 1950 годзе на зьезьдзе Саюзу польскіх пісьменьнікаў Галчыньскага зьвінавацілі ў буржуазных поглядах, а творчасьць паэта зьдзекліва назвалі “канарэйкай, якой трэба скруціць галаву”. На гэта паэт мужна адказаў: “Галаву канарэйцы можна скруціць, але тады ўсе ўбачаць клетку”. Паэта неаднойчы папракалі і ў тым, што ён быў у палоне — спачатку ў савецкім, а пасьля ў нямецкім”.

(Скобла: ) “За палон, дарэчы, расплаціліся і нашы Аляксей Карпюк ды Янка Брыль. Леанід, здаецца Галчыньскі пэўны час жыў у Беларусі? Ці я памыляюся?”

(Дранько-Майсюк: ) “Не, гэта сапраўды так. Да Беларусі Галчыньскі біяграфічна прывязаны. У 1926 годзе ён у званьні шарагоўца адбываў пакараньне ў Бярозе Картузкай. Яго саслалі туды за тое, што ў школе падхарунжых на пытаньне: “Што такое вінтоўка?” — адказаў: “Зброя д’ябла”. У верасьні 1939 году, калі поўным ходам ішла Другая ўсясьветная вайна, Галчыньскі служыў у Ганцавічах і там, дарэчы, трапіў у савецкі палон. Варта не забываць і такую беларускую старонку ў жыцьцяпісе паэта: не адзін год ён жыў у Вільні, у доме, які знаходзіўся на вуліцы Полацкай”.

(Скобла: ) “Я памятаю твае пераклады з Галчыньскага, апублікаваныя яшчэ ў 1996 годзе ў часопісе “Крыніца”. У цябе аказалася лёгкая рука, ты абудзіў цікавасьць да невядомага ў Беларусі паэта. Хто тыя перакладчыкі, дзякуючы якім і зьявілася выбранае Галчыньскага па-беларуску?”

(Дранько-Майсюк: ) “Асноўную працу выканаў паэт Андрэй Хадановіч: ён — складальнік кнігі, яе рэдактар і актыўны перакладчык. Сваім пільным клопатам ён зьвёў у адно цэлае перакладчыцкую работу Лявона Баршчэўскага, Вадзіма Болбаса, Галіны Герасінай, Інэсы Кур’ян, Алега Лойкі, Марыі Мартысевіч, Сержа Мінскевіча, Наталі Русецкай, Марыны Шоды. Неабходна адзначыць і тое, што кніга выйшла пры дапамозе Амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі й Польскага інстытуту ў Менску”.

(Скобла: ) “Прэзэнтацыя кнігі прайшла ў студэнцкай аўдыторыі — на філфаку БДУ. Як успрымаецца Галчыньскі моладзьдзю?”

(Дранько-Майсюк: ) “Студэнтам, якія прысутнічалі на прэзэнтацыі кнігі, вельмі імпанавала тое, што на жыцьцё Галчыньскі глядзеў вачыма рамантычнага містыфікатара, што ён любіў ілюзіяністаў, быў знаёмы з варшаўскімі й віленскімі магамі. Наша філфакаўская моладзь асабліва любіць тую паэзію, якая багатая на розныя вершаваныя формы — ад лірычнай мініятуры да гратэскна-казачных абагульненьняў, ад лагоднага шаржу да празрыстай іроніі, ад дасьціпных эстрадных маналёгаў і тэатральных фэльетонаў да кароткіх сцэнічных жартаў. Усё гэта і складае паэтычную палітру Галчыньскага. Асноўныя ж вобразы творчасьці паэта — месяц, скрыпка, музыка Баха, каханьне да Наталі — заўсёды зачароўваюць і маладых, і дарослых аматараў паэзіі”.

(Скобла: ) “Сталых паэтаў моладзь нярэдка папракае ў пэўных даўніх грахах. Нашы маладыя крытыкі часам падлічваюць, колькі вершаў той ці іншы паэт прысьвяціў кампартыі ці Леніну. Бываючы ў Польшчы, я нешта ня чуў, каб за падобнае папракалі Галчыньскага ці Шымборску”.

(Дранько-Майсюк: ) “І нам ня варта. Неаднойчы і я чуў, як у грахах сталінізму папракалі Петруся Броўку, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанку, Янку Брыля. На гэта я заўсёды адказваю: “Ня трэба папракаць, а трэба захапляцца, трэба шчыра радавацца, што той жа Броўка склаў цудоўны верш “Пахне чабор”, што Танк напісаў унікальную кнігу “Лісткі календара”, што Куляшоў стварыў геніяльную паэму “Хамуціўс”, што Панчанка ўзбагаціў нашу літаратуру дзівосным “Іранскім дзёньнікам”, а Брыль падараваў нам клясычныя апавяданьні “Марыля”, “Праведнікі і зладзеі”, “Пасынак”, “Цуды ў хаціне”… А што да грахоў, то клясыкам дазволена бываць там, дзе існуе грэх…”

(Скобла: ) “Рызыкоўнае сьцьверджаньне… Леанід, па Вільні езьдзяць тралейбусы з партрэтамі Моцарта. У Варшаве паэтычныя фэстывалі праходзяць у колішняй каралеўскай рэзыдэнцыі ў Лазенках. У праскім мэтро там, дзе ў нас рэкляма, вывешаныя пляншэты з клясычнай паэзіяй. Як ты лічыш, мастацтва — зьява камэрная, ці мае права на паўсядзённую прысутнасьць у нашым жыцьці?”

(Дранько-Майсюк: ) “У свой час у Парыжы я бачыў віно пад назвай “Моцарт”. І тады ж падумаў: было б цудоўна, калі б якое-небудзь смачнае віно называлася “Янка Купала”! Ты згадаў іншыя прыклады. І ў нас так павінна быць. Бо нашы паэты-клясыкі — ня проста паэты. Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч выканалі ня толькі эстэтычную функцыю — то бок, ня толькі стварылі беларускую літаратурную мову і напісалі свае цудоўныя творы, а яшчэ яны выканалі і дзяржавабудаўнічую функцыю, яны пабудавалі Беларусь. Без Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча не было б Беларусі як незалежнай дзяржавы. І таму дзяржава павінна штодня прапагандаваць гэтыя вялікія імёны. Прынамсі, партрэты нашых вялікіх паэтаў павінны ўпрыгожваць ня толькі бібліятэкі, але й афіцыйныя ўстановы”.

(Скобла: ) “Выйшаў том Галчыньскага па-беларуску – 330 старонак выдатнай паэзіі. Я ведаю, што ты ня змог спыніцца й па сёньняшні дзень працягваеш перакладаць Галчыньскага. Мы пачуем сёньня новыя пераклады?”

(Дранько-Майсюк: ) “З задавальненьнем прачытаю тыя пераклады, якія не ўвайшлі ў кнігу “Сёмае неба”.

КАНСТАНТЫ ІЛЬДЭФАНС ГАЛЧЫНЬСКІ

ВАНДРОЎКА Ў ШЧАСЬЛІВУЮ АРАБІЮ

Пунсовыя стужкі пугі вецер цалуе залётны. Зорак у небе столькі, колькі ў Афрыцы птушак. Цягнуцца ледзьве коні, колы па золку тужаць. Возьнік на козлах п’яны і вельмі, вельмі самотны.

Як музыка, гэта карэта — рухомы куфар музычны! Ноч навакол — гэта шчасьце, якога набегла задужа! Як толькі ж уздымецца месяц вялікай празрыстай сьцюжай, то кожны сьвятляк замілуе мігценьнем сваім фасфарычным.

Плечы на мяккіх падушках, ладан падушак у горле. Ехаць няблага ж уночы, што застанецца адзінай! Сьпяваюць сапфір і дарога, пяе за гадзінай гадзіна... Яны ж анічога ня чуюць, ня знаюць, таму што памёрлі.

ПАЭЗІЯ

Паэзія мая — начны анёл, спакой маладзіковы, сунічны дол у сэрцы і наўкол, і цені, як замовы.

Няма жанчын пры мне, няма дзяўчат, і ўжо заснулі словы, і патанае старасьвецкі сад у сьпеве цвыркуновым.

І гэта ў ёй, паэзіі маёй, мой кот стары, лянівы сьпіць на акне пад фортачкай крывой і сьніць, вядома, дзівы.

СТРУНЫ КРАНАЦЬ

Струны кранаць — маладзік узыходзіць! Чуйная ноч і чароўныя шолахі скрозь... Кветкамі коней аздобіць, мора гайдаць, як жанчыну, ранак вітаць і дзяцей, што ў школу ідуць.

Струны кранаць, калі сонца ўзыходзіць, вусны каханкі любіць больш за сонца і месяц, сьвет, нібы астру, да сэрца прыціснуць, а сэрца зоркай зрабіць і прасіць: “Варажы на спакой!”

КАРАЛЬ ШЫМАНОЎСКІ

Паэтычная вэрсія размовы на Кракаўскім Рынку ля дому “Пад мурынамі” ўночы з 1 па 2 красавіка 1947 году

Так. Гэта тут; ля гэтых мурынаў з Конга; пад зоркай, што сьмешнай пчалою гудзе. Вецер-заіка ня можа спытацца звонка: “Му- му- му- музыка дзе?..” А ў музыцы фляжалеты, нібыта пэрсідзкае тканьне! Як вам гучаньне, пані? Мне з вамі добра тута — толькі б слухаць... (журбою сагрэты), доўга слухаць... (сагрэты расстаньнем) пра тое, што вусны запахнуць райскім грэйпфрутам.

ЦЯЖКІ ВЕЧАР

Цемры смарагдавай ходзіць спалох. Ляндышам пахне тваё паднябеньне. З ложы нябеснай глядзіць на нас Бог. Цалуй жа, Наталя, мяне да зьняменьня!

Месяц, жывы бутафорнай імглой, Нібы актор, нам ласкава міргае. Хочаш — на акарыне зайграю Пра боль наш вялікі ў Вільні малой?!

Пераклады з польскай Леаніда Дранька-Майсюка.

ЛІТПРАЦЭС

АЛЕСЬ РАЗАНАЎ: “У САПРАЎДНАЙ ТВОРЧАСЬЦІ НЯМА НІ МУЖЧЫНАЎ, НІ ЖАНЧЫНАЎ, А ЁСЬЦЬ ЦЭЛЫ СЬВЕТ…”

Сёлета ў недзяржаўным выдавецтве “Логвінаў” выйшлі тры кнігі Алеся Разанава. Знаны паэта апошнія гады жыве за мяжой — цяпер у Швайцарыі, але кожнае сваё новае выданьне скарыстоўвае як нагоду прыехаць на радзіму. На прэзэнтацыі кнігі паэмаў Алеся Разанава “Каб мелі шчасьце ўваскрасаць і лётаць” з аўтарам сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Першую вашу “логвінаўскую” “Кнігу ўзнаўленьняў” склалі пераствораныя ў розныя гады старабеларускія тэксты, другую — “Лясная дарога” — ранейшыя і новыя вэрсэты, а трэцюю — паэмы. Вы сказалі, што будзе яшчэ тры падобныя кнігі. Чаму вы абралі менавіта такі прынцып пры выданьні сэрыі, якая нагадвае больш-менш поўны збор вашых твораў?”

(Алесь Разанаў: ) “У гэтых кнігах папярэдняе спалучанае з новым. І калі я паглядзеў, ужо з вышыні гадоў, на сваю творчасьць, то ўбачыў, што яна як бы адбываецца пластамі. Пласт першы — гэта ўзнаўленьні, старажытныя беларускія тэксты, якія адамкнуліся паэтычным ключом і загучалі надзённа. Другі — вэрсэты, колішнія, ад самага пачатку, і новыя. Трэці — гэта паэмы, напісаныя ў колішніх пэрыядах, у якіх мелі сваё значэньне”.

(Аксак: ) “З усіх паэмаў, уключаных у трэцюю “логвінаўскую” кнігу, “Усяслава Чарадзея” вы фактычна наноў перапісалі сёлета. Чаму?”

(Разанаў: ) “Сёлета там, дзе я цяпер знаходжуся, у Швайцарыі, у горадзе Цугу, якраз ніякая іншая асоба, як наш легендарны, міталягічны, трансцэндэнтны Ўсяслаў Чарадзей павабіў. І ўсё, што можна было знайсьці пра Ўсяслава Чарадзея, я знаходзіў. Тут, у кляштары, дзе я цяпер жыву, пайшла дадатковая інфармацыя пра яго. Я яе скарыстаў у гэтай паэме, якая па сваёй задуме, па магчымасьці цягне на своеасаблівы эпас”.

(Аксак: ) “Апошнія гады вы жывяце за мяжой і маеце магчымасьць сьвежым вокам ацэнваць сучасныя працэсы на радзіме. Што, на вашую думку, цяпер адбываецца зь беларускім народам?”

(Разанаў: ) “Мае ўражаньні, што вір яшчэ віруе, але кольцы гэтага віру адны скіраваныя ў вышыню, у духоўныя зьявы, другія — уніз, у зямлю, у падзем’е. Тое, што было схаванае, выйшла на паверхню, тое, што было нерухомае, заварушылася, і наадварот. Адбываецца адначасова і размываньне, і канцэнтрацыя, стварэньне цэнтру, стрыжня. І калі ён будзе створаны, то ніякія пагрозы ня страшныя, што б ні адбывалася, якія б залевы й завірухі ні здараліся, ацалее ўсё астатняе для рэалізацыі ў будучыні. Зараз як бы ні час яшчэ гэтай рэалізацыі, а йдзе адначасова стварэньне цэнтру і яго размываньне. Цэнтр будзе — будзе Беларусь”.

(Аксак: ) “Ваша кніга гістарычных і філязофскіх паэмаў мае вельмі лірычны назоў — “Каб мелі шчасьце ўваскрасаць і лётаць”. Між тым, у вашай творчасьці чытачы не знаходзяць інтымнае лірыкі. Ці азначае гэта, што вы падзяляе меркаваньне пра тое, што, пішучы пра каханьне, паэт піша не рэальныя пачуцьці, а прагу іх, і наадварот — адсутнасьць іх у творах гаворыць пра паўнату рэальнага каханьня паэта?”

(Разанаў: ) “Калі сэрца ў мяне ўзятае ад жанчыны, ад жаночага пачатку, яно не павінна сабе прызнавацца ў любові. Яно гаворыць пра сьвет, але ў гаворцы пра ўвесь гэты сьвет ужо прысутнічае, не называючыся, жанчына, каханьне… Гэта больш запаветна, больш унутрана, чым дазваляе сабе так званая лірычная ці інтымная лірыка.

Я жыву цяпер у кляштары, у адгароджанай ад дзейнага кляштару частцы. Гэта кляштар жаночы. Аднойчы я меў маленькую лекцыю перад манахінямі. Згадаў ім словы апостала Паўла пра тое, што ў хрысьціянстве няма ні элінаў, ні габрэяў, а ёсьць усе хрысьціяне – боскія людзі. Згадаў яшчэ папярэднюю прыпавесьць. Калі ў Хрыста, спакушаючы Яго, пытаюць наступнае. Вось былі ў нашым краі такія людзі, і старэйшы брат жаніўся зь нейкаю жанчынаю. Брат адышоў на той сьвет і, па традыцыі, гэтую жанчыну ў жонкі ўзяў наступны брат. Ён таксама адышоў у іншы сьвет, і трэці брат узяў тую жанчыну… І гэтак сем братоў узялі гэтую жанчыну і падаліся на той сьвет. А яна засталася. І потым апошняю падалася на той сьвет.

Пытаньне да Хрыста: “На тым сьвеце чыёй яна будзе, бо яна мела ўсіх сямёх за мужоў?” Ён адказаў: “Ня ведаеце ні гэтага сьвету, ні таго. Таму што той сьвет ад духу і там няма ні жанчынаў, ні мужчынаў. Там усе — як боскія анёлы”. Няма ні мужчынаў, ні жанчынаў, ёсьць вышэйшы пачатак — боскі, духоўны. І сапраўдная творчасьць уся адбываецца праз гэты пачатак. Калі ён уключаны — усё ёсьць: і мужчына, і жанчына, і ўвесь сьвет прысутнічае”.

БЛІЗКАЯ ГІСТОРЫЯ

ЮРЫ ДУБОВІК: “АД СЯБРОЎСТВА Ў САЮЗЕ БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ Я НЕ АДМОЎЛЮСЯ”

У віленскім выдавецтве “Наша будучыня” выйшла кніга ўспамінаў Юрася Дубовіка “Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі”. Юрась Дубовік нарадзіўся ў 1924 годзе ў вёсцы Канчаны Маладзечанскага раёну. Падчас вайны аднаўляў беларускае школьніцтва ў Маладзечне, у Красным стварыў і ўзначаліў філію “Саюзу беларускай моладзі”. Вярнуўшыся з савецкага лягеру, дзе адбыў 10 гадоў, жыве ў Салігорску. З Юрыем Дубовікам гутарыць Галіна Абакунчык.

(Галіна Абакунчык: ) “Вашая кніга называецца “Дзеля Рэчы Паспалітай Беларусі”. Дзіўная назва…

(Юры Дубовік:) “Вы ведаеце, я — за адраджэньне той магутнай Беларусі, якая была ў 14-18 стагодзьдзях. Тады гэта была Рэч Паспалітая. Палякі ў 20-м годзе здрадзілі нам, беларусам. Яны адрадзілі сваю дзяржаву пад назваю Рэч Паспалітая й дадалі слова “Польшча”. А на нас, беларусаў, забыліся. Дык калі яны гэтак, то нашая дзяржава павінна тады звацца Рэч Паспалітая Беларусь”.

(Абакунчык: ) “Вы вырасьлі ў Заходняй Беларусі, а гэта тагачасная Польшча. Як вам удалося захаваць сваю беларускасьць?”

(Дубовік: ) “Бацькі мае — беларусы, дзякуючы ім, я й застаўся беларусам. Дома мы заўжды размаўлялі па-беларуску. Мой тата быў сяржантам у польскім войску, але памятаю: калі зьбіраліся ягоныя сябры, таксама вайскоўцы, яны ўсе размаўлялі па-беларуску. Гэткім чынам беларускасьць засталася ў маёй крыві. А пасьля, калі жыў у Вільні, калі вучыўся, гэта ўсё таксама мела вялікі ўплыў на маю сьвядомасьць”.

(Абакунчык: ) “Вы адзін з арганізатараў Саюзу беларускай моладзі. Па вайне бальшавікі вельмі жорстка расправіліся з сябрамі гэтай арганізацыі. Калі б вы ведалі, які лёс вас чакае, ці стваралі б філію СБМ?”

(Дубовік: ) “Ствараў бы. Я вельмі любіў беларускую моладзь, і цяпер люблю. Ад Саюзу беларускай моладзі я не адмовіўся б, і ведаючы пра наступствы. Хіба толькі, ведаючы, што мяне чакае, я ўсімі сіламі стараўся б зьехаць на Захад, у эміграцыю”.

(Абакунчык: ) “Мабыць, вы нават не думалі, што расправа будзе такой жорсткай?”

(Дубовік: ) “Не, ня думаў. Жорсткая — гэта нават вельмі лагоднае слова адносна таго, што я перажыў. Пры немцах (іншая нацыя, ворагі нібыта) вельмі многія і я ў прыватнасьці, пачуваліся больш свабоднымі, чым пры саветах”.

(Абакунчык: ) “Пасьля вяртаньня зь лягеру як вы сябе адчувалі, жывучы ў БССР?”

(Дубовік: ) “Вельмі цяжка перажываў я русіфікацыю. Cпадцішка, дзе-нідзе? я стараўся штосьці зрабіць. Да прыкладу, калі ў Салігорску будавалі клюб, на шыльдзе замест “Клуб строителей”, я навучыў хлопцаў напісаць “Клюб будаўнікоў”. Помнік на магіле маці таксама падпісаў па-беларуску. І тады ж адзін чыноўнік сказаў, маўляў, правільна табе 10 гадоў давалі. І гэта толькі за тое, што па-беларуску падпісаў помнік… Але мала, мала рабіў. Бо за ўсё гэта было вельмі лёгка патрапіць назад у лягер”.

(Абакунчык: ) “Як вам падаецца, ці ёсьць пасьлядоўнікі ў сяброў СБМ? Ці шмат вакол вас аднадумцаў?

(Дубовік: ) “У асяродку моладзі вельмі шмат. Ёсьць аднадумцы й майго веку, якія прайшлі лягеры. Калі б нашай моладзі даць нейкі штуршок, то яна дзейнічала б значна больш актыўна, чым дзейнічалі мы падчас нямецкай акупацыі”.

(Абакунчык: ) “Якім вам бачыцца будучыня Беларусі?”

(Дубовік: ) “Я — аптыміст. Спадзяюся, што век так ня будзе. Будзе нейкі канец гэтаму ўсяму. Жыве Беларусь!”
XS
SM
MD
LG