Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску апытваюць сьведак па справе Шацікавай, Елавой і Дзянісава


Радыё Свабода Крымінальная справа супраць моладзевых актывістаў была заведзена пасьля падзеяў 18-га чэрвеня, калі ў Віцебску заявіла пра сябе новая ініцыятыва “Бунт” і ў абласным цэнтры зьявілася мноства апазыцыйных графіці ды ўлётак, а Крысціна Шацікава ўзьняла над летнім амфітэатрам бела-чырвона-белы сьцяг.

Пасьля таго, як міліцыянты, узьлезшы сьледам за дзяўчынай на асьвятляльную вежу, скінулі прымацаваны ёю сьцяг на зямлю, яго ўзьняла Тацяна Севярынец – маці вядомага моладзевага палітыка.

Спадарыня Тацяна назірала, як супрацоўнікі міліцыі гвалтам змушалі Крысьціну Шацікаву зьлезьці, а потым не стрывала – сьцяг жа кінулі пад ногі. І ўрэшце кабета апынулася ў Кастрычніцкім райаддзеле міліцыі – нібыта, за спробу “зьнішчыць важны рэчавы доказ”. Тады з пастарунку Тацяну Севярынец адпусьцілі, але амаль праз два месяцы выклікалі на допыт у Сьледчую ўправу.

(Севярынец: ) “Брыль Аксана Пятроўна – гэта старшы сьледчы. У яе нават дыплём у кабінэце вісіць, што яна – лепшы сьледчы ўправы. Карацей, размова ішла пра падзеі 18-га чэрвеня. Яна пыталася, як я там апынулася, што бачыла. Адным словам: апытвала ў якасьці сьведкі. Я запыталася: “А што – крымінальную справу завялі па ўсіх тых падзеях?” Сьледчая мне адказала: “Так”.

Адпачатку Тацяна Севярынец меркавала, што яе дапытаюць паводле скаргі на дзеяньні міліцыянтаў, якую напісала ейная сяброўка Алена Баршчэўская: пасля затрыманьня 18-га чэрвеня сябры й блізкія спадарыні Тацяны цягам амаль гадзіны не маглі даведацца, куды яе павезьлі супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУСу.

Аднак, паводле міліцэйскай “Кнігі скаргаў”, сьледчая Аксана Брыль пачала шукаць сьведак супраць моладзевых актывістаў, а таму выклікала да сябе і Алену Баршчэўскую, і Сяргея Белязеку. Спадар Белязяка напісаў, дарэчы, скаргу на міліцыянтаў, якія затрымалі фотакарэспандэнта газэты “Віцебскі кур’ер” Сяргея Серабро за тое, што здымаў сьцяг над амфітэатрам. Сяргей Серабро таксама трапіў на допыт да спадарыні Брыль.

(Серабро: ) “Яна мне патэлефанавала й запыталася: “Ці не маглі б вы падысьці й пагаварыць наконт тае скаргі, што падаваў ваш сябар”. Я падышоў, а сьледчая ў мяне пытаецца іншае: ці ведаў я раней Дзянісава, Шацікаву й Елавую”.

18-га чэрвеня фотакарэспандэнт Сяргей Серабро атрымаў штраф (палову базавай велічыні) – за тое, што, нібыта, замінаў працы міліцыянтаў. Затрыманым моладзевым актывістам таксама прысудзілі штрафы. Самы вялікі, 150 базавых велічынь, атрымала Крысьціна Шацікава, якая ўзьняла бела-чырвон-белы сьцяг, а потым за гэта правяла некалькі сутак у віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня.

Пасьля завяршэньня адміністрацыйных працэсаў Крысьціна Шацікава, Тацяна Елавая й Дзяніс Дзянісаў даведаліся, што супраць іх ужо заведзены й крамінальныя справы – за гвалтоўную спробу сарваць масавае мерапрыемства. Справа ж у тым, што 17-га чэрвеня ў летнім амфітэатры свае 15-я ўгодкі сьвяткавала абутковая фірма “Марка”, і моладзевыя актывісты раздавалі ўлёткі са словамі “Далучайся да негвалтоўнага супраціву! Дзейнічай у імя свабоды сваёй краіны!” на вачах у шматлікіх гасьцей сьвята, у тым ліку – і замежных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG