Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дэпутат Бабруйскага гарсавету Сьвізуноў абскардзіў звальненьне з працы


Радыё Свабода Звольнены з пасады дырэктара Ленінскага раённага жылкамунгасу Бабруйску актывіст апазыцыйнага руху, дэпутат гарсавету Вячаслаў Сьвізуноў абскардзіў сваё звальненьне. Згоду на звальненьне дала сэсія Бабруйскага гарсавету, на якой не прысутнічаў сам дэпутат Сьвізуноў: напярэдадні ён быў шпіталізаваны.

Вячаслаў Сьвізуноў зьвязвае сваё звальненьне з прынцыповай пазыцыяй, якую ён меў на пасадзе дырэктара, а таксама з ранейшай актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю. У тэлефоннай гутарцы ён зазначыў, што адмаўляўся выконваць загады свайго кіраўніцтва, якія парушалі заканадаўства. Неаднойчы ён зьвяртаўся ў пракуратуру і праваахоўныя органы з просьбай даць сваю ацэнку тым загадам.

Вячаслаў Сьвізуноў паведаміў: адразу пасьля ягонай шпіталізацыі, якая доўжылася 55 дзён, кіраўніцтва жылкамунгасу правяло атэстацыю на адпаведнасьць з займанай ім пасадай. “Атэстацыя аказалася безвыніковай, – кажа Сьвізуноў – і былі распачаты пошукі фактаў парушэньня працоўнай дысцыпліны”.

Спадар Сьвізуноў падкрэсьлівае: ува ўмовах, калі не стае фінансаў і састарэлі тэхнічныя ды іншыя сродкі, у любога кіраўніка знойдуцца хібы ў працы. І такім чынам, 21 ліпеня, са згоды прафкаму, Вячаслава Сьвізунова звольнілі.

Спадар Сьвізуноў лічыць, што прафкам, даўшы згоду на звальненьне, парушыў Працоўны кодэкс. На пасадзе дырэктара яго зацьвярджала прафсаюзная канфэрэнцыя, якая й мусіла цяпер даваць дазвол на звальненьне. Вячаслаў Сьвізуноў падаў касацыйную скаргу, якая да 17 жніўня мае быць разгледжана.

Між тым, ініцыятар звальненьня Вячаслава Сьвізунова – генэральны дырэктар Бабруйскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Сяргей Нікіцін – 10 ліпеня звольнены з гэтай пасады. На сэсіі гарсавету ён абвінавачваў свайго падначаленага ў невыкананьні загадаў, свавольстве, незьяўленьні на нарады.

Вячаслаў Сьвізуноў – былы старшыня гарадзкіх суполак Партыі БНФ, БГК, БАЖ, выдавец і рэдактар незалежнай газэты “Крынічка Бабруйская” – быў прызначаны дырэктарам жылкамунгасу Ленінскага раёну Бабруйску ў сакавіку 2005 году. У лістападзе 2005 году спадар Сьвізуноў, са згоды дэпутатаў Бабруйскага гарсавету, быў адхілены ад дырэктарства. У студзені 2006 году гарадзкі суд прызнаў звальненьне незаконным і сваёй пастановай аднавіў яго на пасадзе дырэктара.
XS
SM
MD
LG