Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Бураўкін: “Якуб Колас мне запомніўся вельмі мудрым чалавекам”


Валянціна Аксак, Менск Знаны беларускі паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін упершыню бачыў і чуў Якуба Коласа на сустрэчы маладых літаратараў, куды быў запрошаны ў ліку іншых студэнтаў Белдзяржунівэрсытэту. Вось якія ўражаньні ў яго ад сустрэчы з народным песьняром захаваліся праз паўстагодзьдзя.

(Бураўкін: ) “Усе мы вельмі чакалі гэтага моманту. Думаю, што гэта лёгка ўявіць. Бо тое сапраўды была для мяне сустрэча зь легендай, сустрэча зь нечым проста нават сьвятым. І вось паявіўся Колас – сівы, мажны, прысадзісты, з такой паходкай ужо нялёгкай. Паглядзеў на нас. Мне здалося, што нават у яго трошкі засьлязіліся вочы…

Мы чакалі ад яго нейкага, даруйце, наказу, а ён паглядзеў на нас і сказаў вельмі проста: “Божа мой, якія вы маладыя, а я во ўжо стары чалавек”. А потым ён сказаў тое, чаго мы ад яго, можа, і чакалі, – што няпростая справа пісьменьніцкая, нялёгкая праца пісьменьніцкая. І нас паклікалі ў двор, каб сфатаграфавацца. У мяне ёсьць гэты, дарагі вельмі мне, здымак, дзе сядзіць Якуб Колас, а вакол мы, даруйце, як птушаняты…

Вось была такая гэтая сустрэча, у якой, скажам так, было ня столькі тэксту, колькі падтэксту. Бо мне запомнілася больш чым тое, што ён сказаў, чым тыя словы, больш запомнілася вось гэтая постаць вельмі зямнога, вельмі мудрага старога чалавека, які глядзеў нас, можа, як бацька, а відаць, дакладней, ужо як дзед на ўнукаў. І, пэўне, яму здавалася, што мы ўбачым намнога шчасьлівейшы беларускі дзень, чым давялося ў жыцьці яму…”
XS
SM
MD
LG