Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мікола Астрэйка і Цімафей Дранчук падалі апэляцыі


Любоў Лунёва, Менск Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Партнэрства” Мікола Астрэйка і Цімафей Дранчук падалі апэляцыі ў Менскі гарадзкі суд.

Мікола Астрэйка й Цімафей Дранчук ужо трое сутак знаходзяцца на Валадарцы. Адвакатка Міколы Астрэйкі наведала свайго падабароннага. Паводле яе, Мікола кажа, што на Валадарцы яму лепей. Сваякі Міколы лічаць, што галоўнай прычынай ёсьць псыхалягічны ціск, які ён адчуваў у камэры “амэрыканкі”.

Камэры менскага сьледчага ізалятару перанаселены. Людзі скардзяцца на адсутнасьць сьвежага паветра й сонечнага сьвятла. Але туды дазваляюць часьцей перадаваць перадачы. Маці Міколы, Яўгенія Астрэйка, сёньня прынесла сыну кнігі. Ад адвакаткі яна даведалася, што Мікола падаў скаргу на прысуд у менскі гарадзкі суд.

(Астрэйка: ) “Кнігі прынесла, бо няма чаго чытаць. Газэты сюды трэба выпісваць на верасень. У Міколы была адвакатка. Яны напісалі касацыйную скаргу. Будзем цяпер чакаць суду. Лістоў адсюль мы яшчэ не атрымлівалі, але адвакатка кажа, што ён ужо напісаў. Заўтра прыйду сюды на першае спатканьне. У пятніцу я перадала ўжо сюды перадачу на 4 кіляграмы. Чэргі тут даўжэйшыя, але ідуць шпарчэй. Народу шмат”.

На Валадарцы Яўгенія Астрэйка сустрэла маці Эніры – Віялету Браніцкую. Эніру й Аляксандра Шалайку перавялі на Валадарку напрыканцы сьледзтва. Жанчыны абмяняліся навінамі. Віялета Браніцкая чакала адвакатку, каб дазнацца, перавядуць ейную дачку ў Жодзіна, ці пакінуць адбываць пакараньне ў Менскім СІЗА.

(Браніцкая: ) “Ці перавядуць яе ў арыштанцкі дом у Жодзіне, – усё гэта на ўзроўні здагадак і чутак. Верагоднасьць такая ёсьць, але афіцыйных паведамленьняў і заяваў у нас няма. Застаецца адзін тыдзень. Мы вельмі спадзяёмся, што нічога ня здарыцца, і дачка хутка выйдзе на волю”.

Бацька Цімафея, Валер Дранчук, спадзяецца, што заўтра будзе мець спатканьне з сынам.

(Дранчук: ) “Думаю, што зь пераездам на Валадарку Цімафей і псыхалягічна, і пабытова чакае падтрымкі – як з боку адвакатаў, так і з нашага боку, сваякоў. Я зьбіраюся сёньня атрымаць у судзьдзі дазвол на сустрэчу й патрапіць да Цімоха. Сэрцам адчуваю, што ён мяне чакае”.

Адвакат Цімафея Дранчука, Павал Сапелка, паведаміў “Свабодзе”:

(Сапелка: ) “Калі я вывучаў пратакол судовага паседжаньня, то знайшоў там масу недакладнасьцяў. Таму я цяпер падрыхтаваў заўвагі на пратакол судовага паседжаньня й буду падаваць іх у суд Цэнтральнага раёну”.

Заўвагі да пратаколу, згодна з заканадаўствам, падаюць на імя судзьдзі, які вёў працэс. Леанід Ясяновіч сам, без чыйго-небудзь удзелу, будзе даваць адказ на заўвагі. Назіральнікі адзначаюць, што на практыцы судзьдзі, як правіла, прызнаюць заўвагі неістотнымі.



4 жніўня суд Цэнтральнага раёну за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі пакараў Міколу Астрэйку пазбаўленьнем волі на 2 гады, Цімафея Дранчука – на год, Эніру Браніцкую й Аляксандра Шалайку – на 6 месяцаў. Ад 21 лютага актывістаў “Партнэрства” трымалі пад вартай спачатку ў сьледчым ізалятары КДБ, а потым – на Валадарцы.

XS
SM
MD
LG