Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмсілаў рыхтуецца да выбараў


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне Нацыянальнага камітэту аб’яднаных дэмсілаў. Адно з галоўных пытаньняў, якія на ім абмяркоўваліся, – падрыхтоўка да мясцовых выбараў.

Нацыянальны камітэт яшчэ раз пацьвердзіў сваю гатовасьць дапамагчы дэмакратычным кандыдатам на мясцовых выбарах. Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту Анатоля Лябедзькі, мяркуецца распрацаваць сем рэгіянальных праграм разьвіцьця.

(Лябедзька: ) “Бліжэйшая рэальная палітычная кампанія – мясцовыя выбары, і Нацыянальны камітэт знайшоў сваю нішу, і прапануе ня толькі свае паслугі, але й сваю адказнасьць. Мы прагназуем, што будуць праблемы й цяжкасьці ў падборы канкурэнтаздольных кандыдатаў на дэпутаты. Таму што матывацыі вялікай, высокай няма. Усе ведаюць, што гэта – ня выбары, а палітычная кампанія, у якой не абіраюць, а прызначаюць дэпутатаў”.

Рэгіянальная праграма разьвіцьця мае быць добра адпрацаваным дакумэнтам з аналізам сытуацыі ў канкрэтным рэгіёне й адказам на пытаньне, што трэба рабіць. Паводле спадара Лябедзькі, праграма будзе скіравана да людзей, якія крытычна ставяцца да ўлады й хацелі б пераменаў.

(Лябедзька: ) “Што тычыцца палітычнага мэсаджу, то й тут Нацыянальны камітэт гатовы да супрацы з палітычнымі суб’ектамі – партыямі й палітычнай радай. Мы гатовы нашых спэцыялістаў, экспэртаў далучаць да гэтай працы. Таму што палітычны мэсадж – таксама дастаткова важкі дакумэнт, асабліва для палітычна актыўных людзей, якіх, як сьведчыць выбарчая кампанія, у грамадзтве недзе 25 працэнтаў”.

Таксама Нацыянальны камітэт возьмецца за выпрацоўку праекту “Альтэрнатыўнае бачаньне Беларусі”. У пляне яго дзейнасьці ўжо ёсьць канкрэтныя “круглыя сталы”, і адзін зь іх прысьвечаны альтэрнатыўнаму тэлевяшчаньню на Беларусь. Яшчэ на адным “круглы стале” абмяркуюць пытаньне энэргетычнай бясьпекі Беларусі й мажлівасьць пабудовы атамнай электрастанцыі. Мяркуецца правесьці й “круглы стол” з украінскімі сябрамі – пра ўрокі Ўкраіны для Беларусі.

(Лябедзька: ) “Для нас самае галоўнае – мець плян працы на бліжэйшыя 12 месяцаў. Гэта для нас базавы дакумэнт. Канечне, сёньня гучалі розныя прапановы, пачынаючы ад патрэбы ўдакладніць, дзе пралягаюць межы дзейнасьці Нацыянальнага камітэту, да таго, каб падвысіць легітымнасьць рашэньняў, прыманых Нацыянальным камітэтам. Калі канчаткова будзе завершана праца над плянам, – натуральна, паўстане патрэба пошуку пэўных рэсурсаў забесьпячэньня дзейнасьці Нацыянальнага камітэту”.
XS
SM
MD
LG