Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўзрастае роля інтэрнэту ў грамадзкім жыцьці Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 13 жніўня

Удзельнікі: кіраўнік інтэрнэт-праекту “Акавіта” Фёдар Караленка, каардынатар інтэрнэт-рэсурсу Studenty.by Юры Сідун і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк.

(Валер Карбалевіч: ) “Тэндэнцыі глябалізацыі, інфарматызацыі пэўным чынам уплываюць на Беларусь, як і на іншыя краіны. Расьце колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту. Апошні стаў пэўным чыньнікам эканамічнага разьвіцьця, сродкам рэклямы, інструмэнтам гандлю. Днямі прыйшло паведамленьне, што ўлады спрабуюць узяць пад кантроль гандаль праз інтэрнэт-магазіны. Таксама нядаўна беларуская тэлевізія паведаміла, што ў дзьвюх менскіх паліклініках можна замовіць талёны да доктара праз інтэрнэт. То бок, інтэрнэт пачаў паслугаваць і ў побыце. Ці сапраўды заўважная роля інтэрнэту ў жыцьці беларускага грамадзтва? Ці ўзрастае ягонае значэньне?”

(Фёдар Караленка: ) “Вядома ж, сёньня інтэрнэт адыгрывае вялікую ролю ў жыцьці грамадзтва. Яшчэ ў 2000-м годзе беларускі інтэрнэт меў 100 тысяч наведнікаў. Колькі сёньня? Сыстэма “Акавіта” падлічвае фізычную колькасьць наведнікаў. Таксама праводзяцца сацыялягічныя апытаньні. І атрыманыя лічбы супадаюць. Гэта каля 2 мільёнаў чалавек – 20% насельніцтва з улікам пэнсіянэраў і немаўлят. Такім чынам колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту ў Беларусі за 5 гадоў вырасла ў 10 разоў. У ЗША й Эўропе рост назіраўся, вядома ж, больш імклівы.

У Беларусі чыньнікам стрымліваньня росту карыстальнікаў інтэрнэту зьяўляліся прыбыткі насельніцтва. Спачатку інтэрнэт быў дарагі. Цяпер сытуацыя зьмянілася – інтэрнэт стаў даступным. Дарагім застаецца толькі шырокапалосны інтэрнэт. Найбольш інтэрнэтам карыстаецца моладзь. Рэдка можна сустрэць чалавека да 25 гадоў, які не бываў бы ў інтэрнэце”.

(Юры Сідун: ) “Інтэрнэт робіцца неад’емнай часткай грамадзкага жыцьця. Прынамсі, для моладзі, якая ўжо не ўяўляе сабе жыцьця безь яго”.

(Кірыла Пазьняк: ) “Найпершы паказьнік росту ўплыву інтэрнэту – гэта колькасьць карыстальнікаў. Але тут узьнікае праблема мэтодыкі падліку. Паводле “Белтэлекаму”, іх у нас звыш 2 мільёнаў. Калі гэта ўсе тыя, хто раз-пораз ходзіць у інтэрнэт, то цалкам можа быць. Калі казаць пра сталых наведнікаў, то гэтую лічбу трэба памяншаць удвая. То бок, атрымліваецца блізу 1 мільёна – каля 10% насельніцтва.

Колькасьць карыстальнікаў інтэрнэту расьце, але ня так шпарка, нават у параўнаньні з суседзямі. Чаму? Па-першае, беларускае насельніцтва досыць кансэрватыўнае, хоць і адукаванае. Па-другое, інтэрнэт – не бясплатнае задавальненьне. Нядаўна чытаў дасьледаваньне, зь якога вынікае: чым больш заможныя людзі, тым часьцей яны наведваюць інтэрнэт.

А прадпрыемствы, прадпрымальнікі выкарыстоўваюць інтэрнэт усё больш інтэнсіўна. Нездарма нядаўна ўлады вырашылі ўпарадкаваць інтэрнэт-гандаль. Бо адтуль можна выціснуць грошы”.

(Карбалевіч: ) “Ці стаў інтэрнэт сродкам масавай інфармацыі? Якая доля карыстальнікаў інтэрнэту зьвяртаецца да яго як да крыніцы інфармацыі? Падчас нядаўніх прэзыдэнцкіх выбараў шмат казалі пра ролю інтэрнэту ў мабілізацыі супраціўнікаў дзейнай улады. Ці можна казаць, што ён стаў палітычным чыньнікам, інструмэнтам палітычнага ўплыву?”

(Караленка: ) “Так, інтэрнэт стаў сродкам масавай інфармацыі. Таму што там можна атрымаць інфармацыю з розных крыніц, параўнаць і скласьці аб’ектыўны малюнак падзей. А ва ўмовах Беларусі гэта адзіны сродак атрымаць інфармацыю па-за цэнзурай. Бо ў дзяржаўныя мэдыі прабіцца альтэрнатыўнаму меркаваньню сёньня немагчыма.

Інтэрнэт стаў сродкам масавай інфармацыі, але толькі ў сацыяльна актыўных слаях насельніцтва. Напрыклад, моладзь, якая тэлебачаньне не глядзіць, пераважна атрымлівае інфармацыю з інтэрнэту.

Інтэрнэт моцна ўплывае на палітычную мабілізацыю. Прэзыдэнцкія выбары паказалі, што менавіта праз інтэрнэт людзі дазнаваліся, дзе й калі зьбірацца на вулічныя акцыі. Нават дзяржаўныя мэдыі былі змушаны рабіць свае камэнтары з улікам таго, што паведамлялася ў інтэрнэце”.

(Карбалевіч: ) “А ўсё ж ці можна вызначыць долю карыстальнікаў інтэрнэту, якія атрымоўваюць там менавіта грамадзка-палітычную інфармацыю, – прычым, ня ў момант нейкага палітычнага крызысу, як падчас выбараў, а ў пэрыяд палітычнага зацішку?”

(Караленка: ) “Спэцыфіка беларускага інтэрнэту ў тым, што ў нас ёсьць адзін вялікі партал Tut.by, які адначасова зьяўляецца й крыніцай навін. На гэты партал заходзіць прыкладна палова ўсіх карыстальнікаў інтэрнэту Беларусі”.

(Сідун: ) “Так, інтэрнэт стаў сродкам масавай інфармацыі, адыграў важную ролю падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Таму што настрой на форумах, у блогах сьведчыў пра гатовасьць людзей выйсьці на вуліцу й змагацца. Традыцыйна падчас мінулых кампаній сродкам мабілізацыі апазыцыйных прыхільнікаў былі ўлёткі, налепкі. Цяпер гэтую ролю выконвае інтэрнэт. Напрыклад, напярэдадні Чарнобыльскага шляху ў горадзе не было ягонай рэклямы, а ў інтэрнэце гэта актыўна абмяркоўвалася – і ў выніку шмат тысяч людзей выйшлі на вуліцу.

Але інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі пакуль яшчэ слабыя. У нас няма ніводнага інфармацыйнага рэсурсу, які пастаянна абнаўляўся б – і ўначы, і па выходных”.

(Карбалевіч: ) “І супернічаць з тэлебачаньнем інтэрнэт пакуль няздольны. Для большасьці насельніцтва асноўнай крыніцай інфармацыі ёсьць тэлеканалы. А інтэрнэт зьяўляецца крыніцай інфармацыі для даволі абмежаванага кола людзей – пераважна маладых, крытычна настроеных да цяперашняй улады маладзёнаў”.

(Сідун: ) “Сытуацыя зьмяняецца вельмі хутка. Гэта выявілася падчас мінулых выбараў. Дзяржаўнае тэлебачаньне часта даводзіла хлусьлівую інфармацыю, і гэта разумелі нават тыя, хто не цікавіцца палітыкай. Такая сытуацыя падштурхоўвала людзей ісьці ў інтэрнэт – шукаць там альтэрнатыўныя крыніцы навінаў. Інтэрнэт цяпер – самая даступная крыніца альтэрнатыўнай інфармацыі”.

(Караленка: ) “Сапраўды, пакуль нельга сказаць, што інтэрнэт і тэлебачаньне – сувымяральныя крыніцы інфармацыі. Але тэндэнцыя росту долі інтэрнэту вельмі імклівая. На пазамінулых прэзыдэнцкіх выбарах, нават падчас апошняга рэфэрэндуму, хоць гэта было толькі два гады таму, інтэрнэт ня быў такім СМІ, як цяпер. За час пасьля рэфэрэндуму аўдыторыя пашырылася мінімум у два разы”.

(Сідун: ) “У інтэрнэце ўраўноўваюцца магчымасьці. Там немагчыма нейкі сайт зрабіць манапалістам, як у традыцыйных мэдыях. Напрыклад, калі б Tut.by ставіў толькі дзяржаўныя навіны, то іхная аўдыторыя вельмі моцна паменшала б. Я ўпэўнены, што нельга Беларусь параўноўваць з Кітаем, дзе “глушацца” непажаданыя ўладам сайты. Тут кітайскага досьведу не ўжывеш.

Думаю, зь цягам часу інтэрнэт стане галоўным чыньнікам, які паўплывае на зьмены ў Беларусі. Улады ня ўмеюць гуляць па правілах інтэрнэту – то бок, па правілах вольнага грамадзтва”.

(Пазьняк: ) “Я сказаў бы, што інтэрнэт робіцца сродкам масавай інфармацыі. Але ж лік навінавых рэсурсаў у Беларусі малы. Бо й грошай у нашым мэдыя-бізнэсе недастаткова.

Асабліва вялікую стаўку робіць на інтэрнэт беларуская апазыцыя. Але гэта, хутчэй, мусовы ход. Бо яна выцесьнена з традыцыйнай мэдыяпрасторы. Ня варта перабольшваць плён ад інтэрнэт-палітыкі. Па-першае, аўдыторыя ў гэтай сфэры яшчэ невялікая. Па-другое, людзі, у большасьці, заходзяць у інтэрнэт не па інфармацыю палітычную. Паводле таго ж Tut.by, лідэры пошуку – наступныя тэмы: надвор’е, студэнцкія рэфэраты, пошук працы, інтэрнэт-крамы, знаёмствы. І рэйтынг сайтаў, паводле беларускіх лічыльнікаў, такі самы. У лідэрах – той жа Tut.by, дзе ёсьць усё, і спэцыялізаваныя рэсурсы таксама: мабільнікі, аўтамабілі, знаёмствы, інтым-парталы.

Калі згадаць мінулую прэзыдэнцкую кампанію: у першыя 10–15 сайтаў увайшлі пэрсанальныя сайты Мілінкевіча, Казуліна. Таму можна зрабіць выснову: весьці камунікацыі зь вялікім палітычным эфэктам у нас цяпер праблематычна. Тым больш, што палітызаваная інтэрнэт-публіка й так мае апазыцыйныя погляды. А вось падчас палітычных кампаній цалкам можна разьлічваць, што інтэрнэт дасьць мабілізацыйны эфэкт”.

(Карбалевіч: ) “З аднаго боку, беларускія ўлады апошнім часам шмат увагі надаюць разьвіцьцю высокіх тэхналёгій. Створаны Парк высокіх тэхналёгій. У нядаўнім выступе перад дыпляматамі Лукашэнка акцэнтаваў увагу на інавацыйным шляху разьвіцьця Беларусі.

А з іншага боку, манапалізм дзяржавы ў гэтай сфэры стварае пэўныя праблемы. Адна зь іх праявілася ў цяперашнім канфлікце паміж дзяржаўным “Белтэлекамам” і інтэрнэт-правайдэрамі – з нагоды рэзкага падвышэньня кошту інтэрнэт-паслуг. Заўважнае жаданьне ўладаў заканадаўча прыраўняць інтэрнэт да СМІ – з усімі вядомымі наступствамі для грамадзка-палітычных сайтаў. Раз-пораз распаўзаюцца чуткі пра імкненьне ўладаў набыць “глушылкі”, каб кантраляваць непажаданыя сайты. Як, напрыклад, гэта робіцца ў Кітаі. Так ужо адбываецца ў студэнцкіх інтэрнатах. А падчас буйных палітычных кампаній улады перашкаджаюць працы некаторых інфармацыйных сайтаў. Дык як жа насамрэч можна ацаніць палітыку ўладаў у разьвіцьці інтэрнэту ў Беларусі”.

(Караленка: ) “Па-першае, наконт канфлікту паміж дзяржаўным “Белтэлекамам” і інтэрнэт-правайдэрамі. Тут я мушу адзначыць: гэта – тыповае журналісцкае перакручваньне й перабольшаньне. Дасюль за красіроўку ліній на тэлефоннай станцыі бралася настолькі сымбалічная плата, што не павысіць яе было б несур’ёзна й незразумела.

Праблемы ў дзяржаўнай манаполіі сапраўды ёсьць. Гэта кошты на каналы. “Белтэлекам” прадае канал правайдэрам вельмі дорага. Кошты неверагодна завышаны. Але апошнім часам прыкметна тэндэнцыя да паніжэньня.

Пакуль дзяржава нікога ня душыць, не блякуюць, не зачыняюць сайтаў. Калі ласка, – адчыняй сайт: ніякіх праблем. Калі чалавек дасьведчаны ў інтэрнэт-тэхналёгіях, ён можа рабіць гэта ананімна.

Людзі, якія заходзяць на апазыцыйныя сайты, – гэта фіксаваная аўдыторыя, якая, фактычна, не пашыраецца. Улада зацікаўлена сама распаўсюджваць праз інтэрнэт інфармацыю пра свае дасягненьні. Даўно створаны афіцыйны сайт прэзыдэнта. То бок, пакуль улада адчувае сябе ўпэўнена, сытуацыю кантралюе й ня бачыць для сябе праблемы ў інтэрнэце. І цяпер пазыцыя дзяржавы адносна інтэрнэту ўзважаная й разумная.

У нейкі час “Х” – выбараў, рэфэрэндуму ці іншых значных для грамадзтва падзей – улада можа ў любы момант адключыць інтэрнэт ад вонкавага каналу, і краіна застанецца безь яго. Але ўлада на гэта ніколі ня пойдзе, бо гэта ёй невыгодна. Па-першае, інтэрнэт – адзін з важных каналаў збыту прадукцыі для дзяржаўных прадпрыемстваў. Па-другое, улада зацікаўлена ў тым, каб аўдыторыя, у тым ліку – замежная, атрымлівала інфармацыю з афіцыйных сайтаў. Па-трэцяе, гэта выкліча вельмі нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве. Таму што шмат апалітычных людзей, нават прыхільнікаў Лукашэнкі, карыстаюцца інтэрнэтам для бізнэсу і ў іншых справах. У выніку такіх дзеяньняў улада можа атрымаць замест прыхільнікаў супраціўнікаў.

Нават калі б у нас было некалькі альтэрнатыўных вонкавых каналаў розных прыватных фірм, гэта не зьмяніла б сытуацыі. Таму што пажадай улады перакрыць інтэрнэт, яны прыйшлі б да гэтых правайдэраў і сказалі б: “Перакрывайце, а не – дык забяром ліцэнзію”. Праблема ў іншым: манапалізм больш уплывае на эканамічны бок, чым на палітычны”.

(Карбалевіч: ) “Ваш такі аптымізм наконт намераў уладаў, магчыма, вынікае з таго, што пакуль інтэрнэт не пагражае, у палітычным сэнсе, існаваньню сёньняшняга рэжыму. Таму што колькасьць наведнікаў пакуль не дасягнула крытычнай масы. Але цяперашняя тэндэнцыя вядзе да таго, што інтэрнэт можа стаць больш уплывовым, чым тэлебачаньне. І ў такой сытуацыі вы былі б упэўнены, што ўлады ня пойдуць на нейкія захады, каб узяць інтэрнэт пад кантроль?”

(Караленка: ) “Каб маса дасягнула крытычнага ўзроўню, патрэбна некалькі гадоў. Гэта будзе пасьля наступных прэзыдэнцкіх выбараў ці падчас іх. У такой сытуацыі можна прагназаваць, што будуць выбарачна блякавацца апазыцыйныя сайты. А вось што будзе пасьля выбараў, залежыць ад таго, чым яны закончацца”.

(Сідун: ) “Улады трохі насьцярожаны тым, што новыя тэхналёгіі ўскладняюць кантроль за грамадзтвам. Але, сапраўды, пакуль яны адчуваюць сябе даволі ўпэўнена, бо ня бачаць для сябе рэальнай небясьпекі.

Падчас выбараў колькасьць шукальнікаў палітычнай інфармацыі ў інтэрнэце рэзка ўзрасла. Але цяпер сытуацыя вярнулася да той формы, у якой была да выбараў. Можа, толькі трохі гэтая аўдыторыя пашырылася.

Праблема ў тым, што сайты апазыцыйных партый вельмі слабыя – у сэнсе зьместу, а не тэхнічнага выкананьня. Цяжка прыгадаць каго з палітычных дзеячаў Беларусі, які вёў бы ўласны пэрсанальны блог. У сёньняшніх палітычных умовах Беларусі гэта быў бы клясны піяр. Пакуль апазыцыйныя сілы не выкарыстоўваюць у поўнай меры інтэрнэту як сродку камунікацыі й інфармацыі”.

(Пазьняк: ) “Насамрэч пакуль не выпадае казаць, што беларускія ўлады надта кантралююць інтэрнэт. Найперш зыходзячы з таго, што ён пакуль не дамінуе ў грамадзкім жыцьці. Хоць міжнародныя арганізацыі запісваюць Лукашэнку ў ворагі інтэрнэту, але інтэрнэт пакуль вольны – туды можна бесьперашкодна заходзіць. Улады возьмуцца за інтэрнэт тады, калі ён пачне разьвівацца хуткімі тэмпамі”.
XS
SM
MD
LG