Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Петрашкевіч: “Якуб Колас не губляў гумару да самай старасьці”


Ганна Соўсь, Менск Драматург Алесь Петрашкевіч прыгадвае сваю сустрэчу зь Якубам Коласам у 1951 годзе. Тады спадару Петрашкевічу, студэнту юрыдычнага інстытуту, быў 21 год, і ён меўся запрасіць Якуба Коласа ў інстытут на літаратурную вечарыну.

(Петрашкевіч: ) “Я рэдагаваў інстытуцкую газэту. І, можа, таму мне было даручана сустрэцца з Канстанцінам Міхайлавічам і запрасіць яго ў наш інстытут на літаратурны вечар, яму ж, Якубу Коласу, і прысьвечаны. Пайшлі мы да Коласа ўтрох. Адкрыла нам дзьверы жанчына, папыталася, хто мы й да каго. Яна правяла нас у пакой, дзе сядзеў Якуб Колас. Мы паздароўкаліся. Ён падняўся з усьмешкай і кажа: “Што, хлопчыкі, вас прывяло да мяне?” Мы кажам: “Вось, Канстанцін Міхайлавіч, сабраліся арганізаваць літаратурны вечар, прысьвечаны Вам. Дык хочам, каб Вы прыйшлі да нас у інстытут”.

Ён трошкі памаўчаў, а потым – такая ўсьмешка на твары, прыветная, можа, нават жартаўлівая… І кажа: “Ай, хлопчыкі, як гэта хораша, прыемна, што вы зайшлі з такой прапановай! Але ведаеце: у мяне ад гэтых засяданьняў ужо… тое месца баліць”. І ён назваў месца…

Гэта, падаецца, хораша характарызуе Коласа як чалавека дасьціпнага, які да самай старасьці не губляў пачуцьця гумару. Колас і быў Коласам – ад народу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG