Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якую пазыцыю займае Беларусь адносна ізраільска-лібанскага канфлікту?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 11 жніўня Удзельнікі: палітоляг Юры Шаўцоў і міжнародны аглядальнік газэты “Наша ніва” Сяргей Богдан.

Эфір 11 жніўня



(Валер Карбалевіч: ) “Вайна на Блізкім Усходзе набывае ўсё большыя маштабы й ператвараецца ў галоўную міжнародную падзею. Шмат краін і міжнародных арганізацый выказалі сваю пазыцыю адносна гэтага канфлікту. Стаўленьне Беларусі да цяперашняй вайны даволі супярэчнае.

Афіцыйная пазыцыя зыходзіць з нэўтралітэту, роўных адносін з абодвума бакамі канфлікту. Але дзяржаўная тэлевізія займае выразна пралібанскую пазыцыю. Канал БТ рэгулярна асноўным віноўнікам канфлікту выстаўляе Ізраіль, а Лібан выглядае ахвярай. У праграме “Панарама” выступаюць прадстаўнікі лібанскай абшчыны ў Беларусі з рэзкай крытыкай дзеяньняў ізраільскай арміі. У рэпартажы зь месца падзеяў таксама слова даюць пераважна прадстаўнікам Лібану. Чым можна патлумачыць такую супярэчную пазыцыю Беларусі?”

(Юры Шаўцоў: ) “Шчыра кажучы, асаблівай супярэчнасьці ня бачу. Магчыма, справа ў тым, што нашае грамадзтва досыць кансэрватыўнае – захаваліся старыя стэрэатыпы. А ўлада, дыпляматыя змушаны быць больш гнуткімі, мяняць свой курс. Дзяржаўныя ж мэдыі працуюць з масавай сьвядомасьцю, таму павінны арыентавацца на стэрэатыпы”.

(Сяргей Богдан: ) “Я назваў бы гэта, хутчэй, адрознасьцямі, чым супярэчнасьцямі. Гэтую зьяву можна было б назваць супярэчнасьцю тады, калі б мы афіцыйна падтрымлівалі Ізраіль, а беларуская тэлевізія падтрымлівала б “Хізбулу”.

Я ў гэтай адрознасьці бачу звычайную справу неадназначнай дзейнасьці любога дзяржаўнага мэханізму. Таму што дзяржава – ня ёсьць нейкаю цэльнаю істотай – ня трэба надаваць ёй антрапамарфічных рысаў. І калі нават дзяржава зарыентавана на аднаго чалавека, – гэта ня значыць, што ўсе часткі дзяржаўнага апарату будуць дзейнічаць настолькі пасьлядоўна, каб між імі не ўзьнікала супярэчнасьцяў. Таму я лічу натуральным, калі адна частка дзяржапарату робіць адно, а БТ – зусім іншае. Напрыклад, у ЗША пазыцыя Дзярждэпартамэнту часта адрозьніваецца ад пазыцыі адміністрацыі прэзыдэнта ці Пэнтагону.

Што тычыцца прычын розных пазыцый МЗС і БТ, то справа ў наступным. Беларуская дыпляматыя ня можа дазволіць сабе антыізраільскай пазыцыі ўжо хаця б з тае прычыны, што значная частка насельніцтва гэтай краіны ёсьць нашымі землякамі.

Другая прычына. Беларуская палітыка – увогуле, і вонкавая, у паасобку, – не заўсёды абапіраецца на нейкую ідэалёгію. Нават варагуючы зь нейкімі сіламі ва ўсясьветнай палітыцы, мы не варагуем зь імі за ідэйныя рэчы. Гэта, хутчэй, крыўда за тое, што нам не даюць месца.

Перадачы БТ робяцца для ўнутранага спажываньня. Габрэйская грамада сёньня ў Беларусі парадзела, уплыў яе невялікі. Акрамя таго, на гэтую сытуацыю ўплывае й склад людзей, якія працуюць у гэтых установах. Людзі, якія працуюць у сыстэме МЗС, нашмат больш датыкаюцца да ўсясьветнай палітыкі, чым астатняе грамадзтва, у тым ліку супрацоўнікі БТ”.

(Карбалевіч: ) “Наконт ідэалягізаванасьці вонкавай палітыкі Беларусі. Праблема ў тым, што выступы Лукашэнкі больш падобны да зьместу перадач БТ, чым да афіцыйных заяў МЗС.

У перадачах БТ пра ізраільска-лібанскі канфлікт выразна прысутнічае антыамэрыканская лінія. Тэлевізійныя камэнтатары ўвесь час даводзяць, што ва ўсім вінаваты ЗША, якія імкнуцца сілай усталяваць свой кантроль над Блізкім Усходам. Паводле іхнай вэрсіі, гэтая вайна ёсьць лягічным працягам вайны ЗША ў Іраку, а Ізраіль, – толькі інструмэнт у амэрыканскіх руках. Гэта простае капіяваньне савецкай мадэлі сьвету, у якой арабы – сябры, а Ізраіль, у зьвязе з ЗША, – ворагі? Ці гэта ўжо нейкая свая новая беларуская прапагандысцкая мадэль?”

(Шаўцоў: ) “Цікавае пытаньне. Не, гэта беларуская мадэль, але яна вырасла з савецкай ідэйнай глебы, як і ўся наша дзяржаўнасьць. Але я не перабольшваў бы гэтую сымпатыю да арабаў ці, дакладней сказаць, да мусульман. Беларусь на Блізкім Усходзе ня можа весьці самастойнай уплывовай палітыкі. Нашы дзяржава й дыпляматыя не падрыхтаваны для працы ў такім спэцыфічным рэгіёне, як ісламскі. У нас няма ні кадраў, ні разуменьня, ні патэнцыялу, каб ублытвацца ў тамтэйшую складаную палітыку. Папросту Беларусь тут дэманструе свой антыамэрыканізм на канкрэтнай тэме. Але рэальнай палітыкі ў тым рэгіёне – што да Ірану, Сірыі, Лібану, Ізраілю – мы не вядзём”.

(Богдан: ) “Мне не падалося, што гэты антыамэрыканізм мае нейкія арыгінальныя беларускія рысы. Калі гэта не старая савецкая схема, то нават і не распрацаваная канцэпцыя. Гэта, хутчэй, збудаваная ледзь не на эмоцыях варожасьць і вербальная агрэсія.

Я не падтрымліваю дзеяньняў Ізраілю ў гэтай вайне. Але мне непрыемна глядзець і слухаць БТ. Там падаюцца нескладаныя канструкцыі. Гэта нават не кансьпіралёгія, гэта – папросту праява непрыязнасьці да ЗША.

Любая ідэалёгія, у тым ліку й антыамэрыканізм, цікавая тады, калі добра распрацавана, мае факталягічнае абгрунтаваньне. А такога абгрунтаваньня, філязофскіх падводак, ідэйных распрацовак тут не праглядаецца. Тут гаворка вядзецца акурат пра тое, што ЗША нас пакрыўдзілі.

Увогуле я ня бачу ідэалёгіі беларускай дзяржавы. Ёсьць пакуль што нейкія прымітыўныя накіды. Аднак ні ідэалёгіі ў цэлым, ні антыамэрыканізму як аднаго са складнікаў ідэалёгіі – у дакладным сэнсе гэтага слова – я ня бачу”.

(Карбалевіч: ) “У Беларусі знаходзіцца міністар прамысловасьці й руднікоў Ірану Тахмасэбі, які выказаў надзею на візыт Лукашэнкі ў Іран. Адначасова амбасадар Ірану ў Беларусі заявіў, што прэзыдэнт Ірану Ахмадзінэжад мае намер наведаць Беларусь у блізкім будучым.

Вядома, што Іран даволі моцна заангажаваны ў ізраільска-лібанскі канфлікт у зьвязку зь ягонымі цеснымі дачыненьнямі з арганізацыяй “Хізбула”. Ці ня ёсьць цяперашняя дэманстрацыя сяброўства з Іранам, падчас абвастрэньня ізраільска-лібанскага канфлікту, таксама пазыцыяй Беларусі адносна гэтай вайны?

(Шаўцоў: ) “У вельмі невялікай ступені. Я ужо казаў, што Беларусь мае вельмі невялікі патэнцыял для дзейнасьці на Блізкім Усходзе. Таму малаверагодна, каб Беларусі пагражала неяк ублытацца ў ізраільска-лібанскі канфлікт ці ў магчымы канфлікт паміж ЗША і Іранам.

Мы можам скарыстоўваць рыторыку, якая здатна адчыніць сэрца прэзыдэнта Ірану, і адначасова адчыніць іранскія руднікі для нашых “БелАЗаў”. Але каб стаць саюзьнікамі Ірану ўсур’ёз, трэба быць мусульманскай краінай. Таму мы можам праводзіць толькі прагматычную палітыку камэрцыйнага кшталту”.

(Богдан: ) “Безумоўна, візыт іранскага міністра ў Беларусь – значная падзея, бо нячаста адбываецца. Але тым самым часам я не надаваў бы яму вялікага значэньня.

А што тычыцца заявы амбасадара Ірану наконт візыту прэзыдэнта Ірану Ахмадзінэжаду, то гэта пакуль дэклярацыя. Лукашэнка быў у Іране ў сакавіку 1998 году, а прэзыдэнт Ірану Хатамі наведаў Беларусь у верасьні 2004 году. Але гэты візыт пераносілі шэсьць гадоў. Колькі гадоў спатрэбіцца Ахмадзінэжаду, каб прыехаць у Беларусь, я ня ведаю.

Амбасада Ірану ў Беларусі пэўны час таму была пад пагрозай закрыцьця, бо пад пытаньнем аказалася мэтазгоднасьць яе існаваньня. Шмат пытаньняў наконт эканамічнага супрацоўніцтва. Напрыклад, дасюль мне падаецца незразумелым эканамічнае абгрунтаваньне будаўніцтва ў Беларусі заводу па вытворчасьці аўтамабіляў.

Я ня бачу сувязі паміж цяперашняй беларуска-іранскай дыпляматычнай актыўнасьцю й ізраільска-лібанскай вайной. Менск хацеў бы засьведчыць сваю важнасьць і ўплыў на Блізкім Усходзе. Але ўсе беларускія ініцыятывы ня будуць успрыняты, бо краіна мае нізкую міжнародную вагу.

Прэзыдэнт Ахмадзінэжад вядомы ў Іране як чалавек, які паддаецца ірацыянальным рэчам. І яго такія ідэі, напрыклад, антыамэрыканскія, могуць падштурхнуць прыехаць у Менск. Але рэальнага палітычнага абгрунтаваньня гэтага я ня бачу”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, мы канстатуем разыходжаньне паміж афіцыйнай замежнапалітычнай лініяй і афіцыйнай прапагандай, скіраванай на ўнутраную аўдыторыю. Між тым, – зазначаюць мае суразмоўцы – такая сытуацыя ня ёсьць праблемай.
XS
SM
MD
LG